Вы тут

Стрэс-тэсты пацвердзілі надзейнасць нашай станцыі


Праверка паказала, што «атамка» будзе працаваць пры гарачыні ў плюс 50 градусаў, вытрымае 50-метровую паводку і 7-бальны землятрус.

Айчынная атамная электрастанцыя ўстойлівая да ўзнікнення надзвычайных сітуацый, падобных той, што адбылася на АЭС «Фукусіма», паведаміла на брыфінгу ў БелТА начальнік Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд) Вольга ЛУГАЎСКАЯ.


На фарміраванне плана — тры месяцы

Стрэс-тэсты — гэта, па сутнасці, пазапланавая мэтавая праверка адносна ўстойлівасці атамнай электрастанцыі да экстрэмальных знешніх уздзеянняў: землятрусаў, затапленняў, складаных умоў надвор'я. Разглядалася ўстойлівасць да з'яў, якія гіпатэтычна магчымыя на тэрыторыі Беларусі: моцных вятроў і дажджоў, шквалаў, смерчаў, буйнога граду, пыльных бур, моцных завей, абледзянення, туману, засух, а таксама да камбінацый гэтых з'яў.

Наша краіна падрыхтуе нацыянальны план дзеянняў па ўзмацненні бяспекі Беларускай АЭС. Гэты дакумент будзе сфарміраваны ў тым ліку з улікам рэкамендацый па выніках партнёрскай праверкі стрэс-тэстаў станцыі, адзначыла Вольга Лугаўская.

«Хутчэй за ўсё, за тры месяцы план будзе падрыхтаваны. Зразумела, што будзе яшчэ ўздымацца пытанне кансультацый з Беларускай атамнай электрастанцыяй, бо шляхі рэалізацыі рэкамендацый могуць быць розныя», — адзначыла Вольга Лугаўская. Начальнік дэпартамента заявіла, што рэгулюючы орган раней распрацаваў дарожную карту па падрыхтоўцы і фарміраванні плана — як будуць выконвацца ўнутраныя рэкамендацыі па выніках стрэс-тэстаў, а таксама як будуць улічаныя вынікі партнёрскай праверкі.

Не перашкодзіць дадатковы аналіз

Калі разгледзець прапановы па выніках партнёрскай праверкі, то многія з іх утрымліваюць просьбу правесці дадатковую аналітычную работу. Напрыклад, Дзяржатамнагляду варта разгледзець вынікі імавернаснага аналізу бяспекі і забяспечыць выкананне адпаведных мер па ўзмацненні бяспекі. Вольга Лугаўская звярнула ўвагу, што ў рамках ліцэнзійнага працэсу БелАЭС дакумент аб такім аналізе ўжо сёння з'яўляецца абавязковым.

Па выніках стрэс-тэстаў у нацыянальным дакладзе былі сфармуляваны некаторыя рэкамендацыі для эксплуатуючай арганізацыі па ўзмацненні бяспекі, і еўрапейскія партнёры ў сваёй справаздачы аб праверцы таксама раілі ўлічыць іх. «Рэкамендацыі з'яўляюцца безумоўным вынікам любой партнёрскай праверкі. Гэтая працэдура і арганізоўваецца, каб атрымаць рэкамендацыі і забяспечыць перманентнае павышэнне бяспекі нашай станцыі», — дадала Вольга Лугаўская.

Беларусь у 2016 годзе добраахвотна правяла стрэс-тэсты АЭС з улікам спецыфікацыі Еўрапейскай групы рэгулюючых органаў па ядзернай бяспецы (ENSREG). Нацыянальны даклад па выніках стрэс-тэстаў быў накіраваны ў Еўракамісію і размешчаны ў адкрытым доступе ў інтэрнэце ў 2017 годзе, асноўная выснова — Беларуская АЭС устойлівая да ўзнікнення падзей, падобных тым, што адбыліся на «Фукусіме» ў 2011 годзе.

Справаздача ў цэлым пазітыўная

Падчас правядзення партнёрскай праверкі стрэс-тэстаў нашу краіну сёлета ў сакавіку наведала ўпаўнаважаная ENSREG група з 17 экспертаў з рэгулюючых органаў у сферы ядзернай і радыяцыйнай бяспекі. У яе складзе таксама былі прадстаўнікі Еўракамісіі, у якасці назіральнікаў — прадстаўнікі МАГАТЭ, Расіі і Ірана. Справаздача аб партнёрскай праверцы ў цэлым носіць пазітыўны характар. Яна падкрэслівае розныя добрыя практыкі і прапануе будучыя патэнцыйныя паляпшэнні ў кантэксце забеспячэння бесперапыннага павышэння бяспекі.

Наступная місія — у кастрычніку

Нашы спецыялісты ўжо ў кастрычніку прымуць місію МАГАТЭ па аварыйнай гатоўнасці і рэагаванні (місія EPREV), паведаміў на брыфінгу начальнік аддзела камунікацый і грамадскай інфармацыі Дзяржатамнагляду Алег СОБАЛЕЎ. «Гэта будзе місія EPREV па ацэнцы аварыйнай гатоўнасці і рэагаванні. Да ўводу Беларускай АЭС краіна будзе прымаць яшчэ некалькі місій МАГАТЭ», — адзначыў Алег Собалеў.

Начальнік аддзела Дзяржатамнагляду звярнуў увагу, што краіны па сваім жаданні запытваюць тую ці іншую місію МАГАТЭ, і Беларусь актыўна ўзаемадзейнічае з арганізацыяй. Так, для ацэнкі адпаведнасці стандартам міжнароднай бяспекі наша краіна ў апошнія два гады запытвала і прымала місіі агенцтва ІRRS і SEED. Эксперты не толькі сфармулявалі рэкамендацыі, але і выдзелілі добрыя практыкі, якія могуць быць укаранёныя іншымі краінамі.

Будзе працаваць нават пры мінус 50

Кіраўнік дэпартамента адзначае, што землятрус з'яўляецца адным з магчымых фактараў знешняга ўздзеяння, якія ацэньвалі беларускія эксперты. Па выніках комплекснага імавернаснага аналізу, максімальная інтэнсіўнасць землятрусу ў раёне пляцоўкі станцыі — 6 па шкале MSK (не блытаць са шкалой Рыхтэра), што вызначана ў якасці «праектнага землятрусу» для станцыі. Разам з тым рэактарныя ўстаноўкі спраектаваны такім чынам, каб выключыць верагоднасць аварыі і бяспечна вытрымаць нават вельмі малаверагодны землятрус інтэнсіўнасцю 8 па шкале MSK (інтэнсіўнасць у 7 балаў вызначана для «максімальнага разліковага землятрусу» АЭС).

Што датычыцца магчымых затапленняў, то, хоць паводкі ў раёне размяшчэння пляцоўкі АЭС немагчымыя (для гэтага вада павінна падняцца на 51,5 м вышэй за гістарычны максімум), станцыя вытрымае нават такі ўзровень затаплення. Аналіз і наступнае мадэляванне паказалі, што ў выпадку гіпатэтычнай паводкі і затаплення памяшканняў АЭС, якія размяшчаюцца ніжэй за ўзровень зямлі, пагроза для рэактара адсутнічае.

Нават у выпадку самых экстрэмальных умоў надвор'я (якія ўзнікаюць раз у 10 000 гадоў), такіх як павышэнне тэмпературы паветра да плюс 50 градусаў і паніжэнне да мінус 50 градусаў, або смерч з хуткасцю да 62 м/с, або нават у выпадку камбінацыі гэтых двух катаклізмаў аварыі не здарыцца, бо меры бяспекі, прадугледжаныя для абароны ад іншых уздзеянняў (затапленне, землятрус), дастатковыя для самых экстрэмальных умоў надвор'я.

Беларуская АЭС будуецца па тыпавым расійскім праекце АЭС-2006 новага пакалення «3+» каля Астраўца (Гродзенская вобласць). Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2019 годзе, другі — у 2020-м.

Сяргей КУРКАЧ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».