Вы тут

Якія лекі варта ўзяць з сабой на адпачынак


Каб не сапсаваць сваё знаходжанне на адпачынку, важна ўзяць з сабой аптэчку, асабліва калі падарожнічаеце з дзіцем. Малыя горш за дарослых пераносяць змену клімату, іх капрызныя жывоцікі могуць не прыняць новую ежу, а бурная радасць ад новых мясцін нярэдка абарочваецца сінякамі ды ранкамі... Ды і ці мала што яшчэ можа здарыцца? Як сустрэць такія непрыемнасці ў поўным узбраенні, расказала загадчыца 3-га педыятрычнага аддзялення 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі горада Мінска Людміла КІПЦЭВІЧ.


— На адпачынку у бацькоў павінны быць пад рукой некалькі відаў прэпаратаў. Сярод іх сонцаахоўныя крэмы, антысептыкі і перавязачны матэрыял, гарачкапаніжальныя, супрацьалергічныя сродкі і лекі ад расстройства страўніка, — нагадвае Людміла Іванаўна.

Каб пазбегнуць апёкаў і для аховы скуры ад ультрафіялету, купіце сонцаахоўны крэм не менш за 30 SPF. Памятайце, што час знаходжання пад сонцам не павінен перавышаць дзвюх гадзін, прычым толькі ў ранішнюю і вячэрнюю пару. У перыяд з 11 да 15 гадзін загараць не рэкамендуецца ні дзецям, ні дарослым. Калі скура пачырванела, неабходна наносіць пантэнол-спрэй ці бепантэн-крэм.

У выпадках парэзаў, ранак спатрэбяцца перакіс вадароду, лейкапластыр, вата і бінт. Можна дадаць яшчэ і зялёнку.

Калі ў дзіцяці павысілася тэмпература ад знаходжання на сонцы ці вострай рэспіраторнай інфекцыі, выручыць парацэтамол.

У выпадку дыярэі, выкліканай як змяненнем харчовага рацыёну, так і кішэчнай інфекцыяй, дапаможа актывіраваны вугаль ці смекта. Маючы на ўвазе кішэчную інфекцыю, якая нярэдка ўзнікае ад няякаснай ежы ці вады, захапіце з сабой ніфураксазід (стопдыяр). Ні ў якім разе не бярыце лаперамід (ён добра спыняе дыярэю, але ў выпадку, калі яна носіць інфекцыйны характар, толькі нашкодзіць).

Калі ў дзіцяці з'явяцца алергічныя рэакцыі — на ўкусы насякомых, ад ужывання новых харчовых прадуктаў і інш., варта скарыстацца фенкаролам. Калі едзеце з дзецьмі, у якіх алергічная рэакцыя можа працякаць у выглядзе цяжкасці дыхання, звязанай з ацёкам дыхальных шляхоў, вазьміце з сабой будзесанід у выглядзе спрэю (але для яго набыцця неабходны рэцэпт, таму загадзя звярніцеся да свайго педыятра).

— Выязджаючы ў краіны, дзе ёсць высокая верагоднасць захварэць той ці іншай інфекцыяй, напрыклад адром, клешчавым энцэфалітам, вірусным гепатытам, малярыяй, неабходна ад іх прышчапіцца, — адзначае Людміла Кіпцэвіч. — Але пра гэта трэба паклапаціцца загадзя, прыкладна за месяц, бо імунітэт пасля прышчэпкі выпрацоўваецца да некалькіх тыдняў. Звяртацца варта ў тэрытарыяльны Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі і, высветліўшы эпідэміялагічную сітуацыю ў той краіне, дзе вы плануеце адпачынак, удакладніць усю інфармацыю аб вакцынацыі.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Лекі, якія нельга забыць

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».