25 Верасень, аўторак

Вы тут

Людміла Дундзіна: Майму мужу можна ўсё. Толькі не хварэць


Падчас «Славянскага базару» горад мастакоў наведае шмат турыстаў. Асноўнае пытанне, якое іх будзе хваляваць: «Што можна паглядзець у Віцебску?» Адна з такіх «разыначак», якія не варта абыходзіць бокам, — гэта мастацкая галерэя «Сцяна». Завітаць туды варта не толькі каб адагрэць душу мастацтвам (і магчыма, штосьці прыдбаць на сваю ўласную сцяну), але і каб пазнаёміцца з гаспадыняй гэтага атмасфернага месца.

Дырэктарка віцебскага салона-галерэі «Сцяна», жонка мастака Мікалая Дундзіна, спачатку, падчас тэлефоннай размовы, адмовілася ад інтэрв'ю. Маўляў, з Мікалаем Мікалаевічам размаўляйце. Ён жа мастак, а не я. Але тым не менш наведаць галерэю запрасіла. І адразу ж паланіла сваёй неверагоднай энергетыкай і тонкім пачуццём гумару. Настолькі, што выйшла я са «Сцяны» толькі гадзіны праз чатыры...


На пей­за­жы, які пры­вёз з Гер­ма­ніі  са­вец­кі афі­цэр, ві­даць сля­ды  ад ня­мец­ка­га аў­та­ма­та.

Пра жывы рарытэт, «мне сумна» ды мару мастака

Хадзем, я вам штосьці пакажу (проста з парога інтрыгуе гаспадыня галерэі). Гэта карціна нямецкага мастака Бертольда. Прывёз яе ў Віцебск з Германіі ў 1945 годзе савецкі афіцэр. Зняў са сцен замка на мяжы з Аўстрыяй. Гэта работа з гісторыяй. Бачыце сляды ад куляў нямецкага аўтамата? Карціна не рэстаўраваная, але захавалася ў добрым стане. Яна вісела дома ў сына таго афіцэра. Прынёс ён гэты рарытэт нам на продаж толькі таму, што сам з'язджаў у Амерыку, а вывезці яго не мог. Наогул экспанат лічыцца рарытэтным, калі яму споўнілася 60 гадоў. Таму вось я ўжо таксама рарытэт. (Смяецца.)

Самае складанае ў маёй працы — гэта ўменне знаходзіць падыход да кожнага наведвальніка. Літаральна перад вашым прыходам зайшоў мужчына. І ледзь не з парога прабубніў: «Мне сумна». Мікалай Мікалаевіч, які сустракаў яго, нават разгубіўся. Пасля дзяліўся, што не зразумеў, ці то яму сумна па жыцці, ці то ў галерэі. Тут, на шчасце, выйшла я. «А чаму вы сыходзіце, убачыўшы такую прыгажосць?» — «Ой, ну мне трэба прыйсці сюды з жонкай». — «Канешне, вяртайцеся, бо ёсць што паглядзець і вашай жонцы, і вам». Выходзіў мужчына з усмешкай. А ўявіце, калі б я не загаварыла з ім, то ён пайшоў бы з галерэі з зусім іншым настроем і наўрад ці вярнуўся б сюды зноў.

А вы ведаеце, што мы з вамі знаходзімся ва ўнікальным месцы? Наша «Сцяна» знаходзіцца ў будынку, які з'яўляецца помнікам архітэктуры, у ХІХ стагоддзі ў ім размяшчаліся казармы Ленкаранскага палка. Тут, дарэчы, калісьці была мастацкая майстэрня, дзе Мікалай Мікалаевіч адпрацаваў 25 гадоў. А таксама майстэрня нашага вядомага скульптара Івана Казака. Калі мы адкрылі галерэю ў 2010 годзе, ён прыйшоў і сказаў: «Я сыходжу, больш не магу плаціць такія шалёныя грошы за цяпло. Буду будаваць майстэрню ў сябе на лецішчы. Хочаце — забірайце мой закуток і пашырайце сваю галерэю». Але забраць яго, як аказалася, не так проста, давялося прайсці праз аўкцыён. Шкада, што ў падобных выпадках у заканадаўстве не прадугледжаны індывідуальны падыход.

Падчас паездак за мяжу Мікалай Мікалаевіч наведаў шмат мастацкіх галерэй, якія ствараюць непаўторны каларыт горада. І загарэўся ідэяй стварыць штосьці падобнае ў любімым Віцебску. Выношваў сваю мару шмат гадоў. Уяўляў, як будзе выстаўляць ва ўласнай галерэі карціны сваіх сяброў, разам з якімі ўваходзіў у нефармальнае творчае аб'яднанне маладых віцебскіх мастакоў «Квадрат». Мы дома пастаянна пра гэта размаўлялі. І ў нейкі момант словы перайшлі ў справы. Мары павінны ажыццяўляцца! Але ж мой муж — мастак, калі б яму трэба было тут сядзець суткамі, не засталося б часу на творчасць. Я гэта цудоўна разумела. Таму, нядоўга думаючы, кінула свой прыбытковы бізнес і ўзначаліла «Сцяну». Мікалай Мікалаевіч часам жартуе: «Люсечка, ты мяне выратавала як мастака».

Калі кахаеш чалавека, ніколі яму блага не зробіш. Ты будзеш пра яго клапаціцца. Яго боль будзе тваім болем. Я заўсёды дапамагаю Мікалаю Мікалаевічу, бо мая галоўная задача — даць яму магчымасць тварыць. І вельмі засмучаюся, калі ён гэтага не робіць.

Пра імпартную куртку, неверагодную сувязь ды музу, што не старэе

Мікалай Мікалаевіч упершыню ўбачыў мяне з акна трамвая. І так, відаць, запала я яму ў душу, што вырашыў намаляваць. Ніколі не забуду, як я прыйшла ў інстытут на заняткі і мяне ледзь не збілі з ног аднагрупніцы: «Людміла, хутчэй, там вісіць твой партрэт». На карціне сапраўды ўбачыла дзяўчыну з доўгімі светлымі валасамі ды ў касцюме, які я сама сабе спраектавала. Ні ў кога такога не было, таму памыліцца было нельга, што гэта я. Падышла бліжэй і прачытала ўголас «Мікалай Дундзін». «Хто такі?» — пытаюся. «Ты што не ведаеш Дундзіна? Ён вучыцца на мастака. Прыгожы такі хлопец».

Са­праўд­нае  шчас­це,  ка­лі муж  і жон­ка  най­леп­шыя  сяб­ры.

Пазнаёміліся мы на вяселлі Сашы Малея. Дундзін, як толькі мяне ўбачыў, падбег да жаніха. «Слухай, гэта ж тая самая дзяўчына, якую я намаляваў. Ты яе ведаеш?» — «Дык яна ж вучыцца разам з маёй Людмілай». Я тую карціну, дарэчы, зусім нядаўна выпадкова знайшла ў Мікалая Мікалаевіча ў майстэрні.

Аказалася, мы жылі ў адным корпусе Віцебскага педінстытута. Хтосьці ж умудрыўся пасяліць у адным будынку мастацка-графічны факультэт з педагагічным. Усе перажаніліся. Часцей за ўсё, на сваё няшчасце.

Галоўная бяда мастакоў — п'янкі-гулянкі. Рэдка хто змог устаяць перад усім гэтым. Таму вельмі многія спіліся, згуляліся. Маса сем'яў распалася ў мяне на вачах. Мне пашанцавала, для Мікалая Мікалаевіча сям'я заўсёды была важнейшая за ўсё.

У дачкі з Мікалаем Мікалаевічам проста неверагодная духоўная сувязь. Рэдка такое бачу. Яны бавілі ўвесь час разам, калі Наташа была маленькая. І цяпер іх вадой не разліеш. Як сустрэнуцца, не могуць нагаварыцца.

Наша Наташа вырасла ў вялікай любові. І зараз бацька Мікалая Мікалаевіча ў ёй душы не чуе. Свёкру 96 гадоў, але ён маладзее гадоў на 20, калі бачыць унучку. Наташа — чалавек асаблівы. Яна заўсёды ў настроі. Заўсёды дапамагае. У Чавусах, на вуліцы, дзе жыве дзядуля, правяла за свае грошы газ. Ніколі без падарунка не прыязджае. На юбілей любімаму дзядулі яна заказала сапраўдны феерверк. Дарэчы, і нямецкі акардэон, які заўсёды пры свёкру, Наташа прывезла яму з Масквы. Ён нагадвае той, трафейны, на якім Мікола Ермалаевіч вучыўся іграць. Пра няпросты лёс свёкра, дарэчы, у «Звяздзе» чатыры гады таму выйшла нататка Сяргея Рублеўскага. Дык Мікола Ермалаевіч быў на сёмым небе ад шчасця.

Ці чулі, пра што дарослыя дзеці размаўляюць з бацькамі па тэлефоне? «Дзе ты была? Што купіла? Што ты ела?» Быццам бы іншых тэм не існуе. Мая Наташа вось гэтага пустога базару не выносіць на нюх.

Ніколі не забуду, як, калі дачушка яшчэ была студэнткай, я прывезла ёй з-за мяжы прыгожую куртачку. А яна кажа: «Мама, можна я яе аддам Волі (гэта была яе інстытуцкая сяброўка, у якой тата п'яніца). — «Дачушка, але ж такая прыгожая куртачка...» — «Мама, у цябе іх колькі? І ў мяне іх колькі? А ў яе няма ніводнай». І мне стала так сорамна. Наташа і зараз мяне многаму вучыць. Днямі ёй пажалілася, што справы ў галерэі ідуць не так, як хацелася б. І ведаеце, што пачула ў адказ: «Мама, калі ты робіш адно і тое ж, чаму ты чакаеш іншага выніку?».

Часта кажу ў сяброўскім коле Мікалаю Мікалаевічу: «Табе можна ўсё. Толькі не хварэць». Неяк у Маскве на выстаўцы выступаў сябра нашай сям'і: «Вы ўяўляеце, якая ў Дундзіна жонка! Яна кажа: яму можна ўсё, толькі не хварэць. «Магу паўтарыць», — падыграла яму. Жонкі мастакоў здзіўлена на мяне тады паглядзелі.

Ніколі не разумела жанчын, якія падчас адкрыцця выстаўкі не адыходзяць ад свайго мужа. А вядучыя пасля таго, як прадставяць мастака, вымушаныя дадаваць: «А побач — яго муза». Калі мне сяброўкі казалі: «Людачка, якія ў Мікалая работы. Гэта ж цуд! У яго ж фарбы наогул вар'яцкія. Якая ж ты для яго муза». Я адказвала: «Вы наогул нармальныя? Паглядзіце, што за феерверк. Адной музай тут не абыдзешся». (Смяецца.) Мікалай Мікалаевіч нядаўна сказаў геніяльную рэч. «Мастак старэе, муза — ніколі».

Пра белыя галовы, футры на сценах ды крымплен стэрэатыпаў

Неяк адна наведвальніца галерэі падзялілася, што споўнілася яе запаветная мара. Аказалася, ёй падарылі дарагое футра, якім яна трызніла не адзін год. Я тады толькі ўсміхнулася, маўляў, усе мае футры — на сценах... Усе восем гадоў, што існуе галерэя, мы практычна ўсе грошы ўкладаем сюды. І я ніколькі аб гэтым не шкадую.

Зараз большасць людзей хвалюе пытанне, як добра паесці і з шыкам адпачыць. Думаюць пра цела, а душа адыходзіць на задні план. Мала хто наведвае мастацкія галерэі, а тым больш набывае карціны. А калі не купіш работу ў мастака, за што ён намалюе наступную? Чалавек прыйшоў да такога мінімалізму. І такая сітуацыя паўсюль. Размаўляла з жонкай уладальніка мастацкай галерэі ў Галандыі, дык яна расказвае, што на выстаўках — адны белыя галовы. Прычым прыходзяць людзі ва ўзросце не для таго, каб купіць карціны. У іх проста няма вольнага квадратнага дэцыметра, каб іх павесіць. Яны прыходзяць пакантактаваць і расказаць, што ў іх вісіць на сценах. А моладзь, калі атрымлівае тыя карціны ў спадчыну, першай справай клапоціцца, як хутчэй і даражэй ад гэтага ўсяго пазбавіцца. Такая тэндэнцыя ідзе даволі даўно. Яна ўжо дайшла і да нас, на жаль. Мы губляем свой час, пачуцці і думкі на дробныя праблемы, ад нараджэння глядзім сабе пад ногі, толькі пад ногі. Гэтаму нас вучаць з дзяцінства: «Глядзі сабе пад ногі... Глядзі, не заваліся...» Таму шмат людзей у старасці не разумеюць, хто яны, ці жылі яны насамрэч...

— Мікалай, ваша жонка паказала мне карціну, тую самую, на якой вы намалявалі Людмілу яшчэ да знаёмства з ёй. А пасля часта пісалі яе партрэты?

— Не, не часта. Люсечка — натура складаная. (Смяецца.) Неяк пасля заканчэння інстытута прывёз у Мінск паказаць партрэт жонкі прафесіяналам. У прэзідыуме сядзеў Май Вольфавіч Данцыг. Прагледзеўшы карціны іншых маладых мастакоў, ён абураўся. Маўляў, што вы мне тут папрывозілі? Трэба маляваць вядомых людзей. Вось хоць бы якую выдатніцу працы — даярку, свінарку, трактарыстку... І тут заходжу я: «Ну, вось хто гэта?» — пытаецца Май Вольфавіч. — «Мая жонка». — Пасля гэтых слоў камісія ледзь жываты не парвала са смеху. Маўляў, ну, гэта забойны аргумент.

Я не люблю сядзець на месцы. Раней чамадан з рэчамі нават і не распакоўвала. Быў выпадак, калі мы з Мікалаем паехалі ў дзень майго нараджэння ў лес збіраць грыбы. Гэта супер. Гэта іншае адчуванне свята. Вы ж бачыце, як большасць адзначае юбілеі: за сталом, з шаблоннымі пажаданнямі... Няўжо гэта можа быць камусьці цікава? Хтосьці запярэчыць: так прынята, што людзі скажуць. Я пераканана, што трэба думаць, не «што людзі скажуць», а прыслухоўвацца да сябе — ці шчаслівы ты. І пакуль не позна, вызваліцца з гэтага крымплену стэрэатыпаў...

Ёсць такія карціны — ну проста ўдача: глядзіш на іх і не разумееш, чаму табе так добра.

Не ведаю, хто больш шчаслівы, той, хто напісаў карціну, ці той, хто ёй любуецца. Часцей за ўсё мастак не задаволены тым, што ён стварыў. Бо заўсёды можна зрабіць лепш.

Там, дзе ёсць бізнес, ёсць і зайздрасць. Шмат негатыўных момантаў давялося перажыць у жыцці. Але зразумела адно: табе зрабілі гадасць, а ты ўсё адно рабі дабро ў адказ. Не варта прыпадабняцца зайздроснікам.

Галерэя адымае ў мяне амаль увесь час. Я тут, можна сказаць, жыву. Прыходжу зранку і сыходжу позна ўвечары, а то і ўначы. Дзякуй Мікалаю Мікалаевічу: аформіў мне ў галерэі ўтульны закуток. (Паказвае.) Тут, як бачыце, нават ложак ёсць і пральная машына.

На лецішча зараз прыязджаю звычайна зацемна, з ліхтарыкам на лбе, як светлячок. Там я адпачываю. Пры гэтым я люблю і кветачкі, і памідоры. У нас там няшмат, усяго шэсць сотак зямлі. Але ж за ўсім гэтым трэба глядзець. У мяне была дзяўчынка, якая за грошы дапамагала мне з праполкай. На жаль, паехала на заробкі ў Маскву. Зараз вось ніяк не магу знайсці ёй замену.

На лецішчы, як правіла, усе звозяць хлам. Я ж лічу, што на месцы адпачынку павінны быць іншыя рэчы, якія радуюць вока. І посуд павінен быць прыгожы, а не надбіты. У нас на лецішчы вельмі творчая атмасфера. Усё зроблена па праектах Мікалая. Ён у нас аказаўся неверагодным праекціроўшчыкам. У свой час аформіў шмат беларускіх музеяў. І карцін у нас там цэлая мінігалерэя. Усе — выключна Мікалая, іншых ён дома не прызнае.

Часам кажу мужу: «Вось закрылі б «Сцяну» і зажылі б, як нармальныя людзі. Відаць, мы ненармальныя, раз не зачыняем. (Смяецца.)

Бліц-апытанка

— Ці ёсць у вас месца сілы?

— Калі ты выспаўся і ў добрым настроі, яно паўсюль. Не месца ўпрыгожвае чалавека. Адзінае, магу сказаць, што жыццёвая энергія не ад ежы. Адкуль яна ў маім узросце, я не ведаю.

— Тры рэчы, без якіх не ўяўляеце свайго жыцця?

— Без сваіх родных. Без рэчаў я сваё жыццё якраз-такі ўяўляю.

— Тры месцы ў Віцебску, якія вы параілі б абавязкова наведаць турысту?

— Па-першае, наша галерэя «Сцяна». Па-другое, бываюць добрыя выстаўкі ў мастацкім музеі. Па-трэцяе, завітайце ў арт-прастору на Талстога, 7 — не пашкадуеце. Ну а каб адчуць наш горад мастакоў, я раю проста гуляць па яго вуліцах.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Мінск — Віцебск — Мінск

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.