Вы тут

Што такое сацыяльныя стандарты і для чаго яны патрэбныя


Найважнейшым напрамкам сацыяльнай палітыкі ў нашай краіне з'яўляецца сістэма дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў. Яна прадугледжвае мэтанакіраваную дзейнасць дзяржавы ў пытаннях гарантаванага і справядлівага задавальнення матэрыяльных і духоўных патрэб грамадзян. Па просьбе карэспандэнта «МС» намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па працы і сацыяльных пытаннях Людміла КАНАНОВІЧ падрабязна расказала пра тое, як працуе адпаведны закон, што спрыяе развіццю сістэмы гэтых стандартаў і чаму ў канцэптуальных новаўвядзеннях пакуль няма неабходнасці.


«Галоўная задача сістэмы — гэта павышэнне якасці жыцця і дабрабыту насельніцтва, — кажа дэпутат. — Пры гэтым асаблівая ўвага ўдзяляецца найбольш уразлівым катэгорыям — дзецям, ветэранам, пенсіянерам, інвалідам, шматдзетным сем'ям. Мінімальныя стандарты — гэта тая планка, адносна якой недапушчальна зніжаць аб'ём і якасць паслуг насельніцтву».

Прававая аснова для рэалізацыі сацыяльных стандартаў — гэта Закон Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартах», прыняты ў 1999 годзе. Дарэчы, аказанне бясплатных і агульнадаступных сацыяльных паслуг гарантуецца дзяржавай за кошт фінансавання з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, а таксама дзяржаўных пазабюджэтных страхавых фондаў.

Што ўваходзіць у гэтую сістэму? Аплата працы, пенсійнае забеспячэнне, адукацыя, ахова здароўя, культура, жыллёва-камунальнае абслугоўванне, сацыяльная падтрымка і сацыяльнае абслугоўванне.

«Час не стаіць на месцы, наша краіна дынамічна развіваецца, і з улікам практыкі прымянення заканадаўства ў галіне дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў у закон уносіліся змены ў 2003 і 2007 гадах, — нагадала Людміла Канановіч. — Таксама ўрадам нашай краіны штогод прымаюцца пастановы, якімі ўмацоўваецца і ўдасканальваецца гэта сістэма».

Узяць, напрыклад, пастанову ўрада ад 25 жніўня 2017 года № 654: у прыватнасці, у сферы культуры скарэктаваны нарматыў забяспечанасці аграгарадкоў клубамі і бібліятэкамі. Гэта абумоўлена аптымізацыяй устаноў культуры ў сельскай мясцовасці, іх рэарганізацыяй (у тым ліку стварэннем арганізацый культуры змешанага тыпу). Што вельмі важна, усё адбывалася з улікам канкрэтнай сацыяльна-эканамічнай і дэмаграфічнай сітуацыі рэгіёнаў, дадала дэпутат.

«Умовы і парадак устанаўлення дзяржаўных мінімальных стандартаў рэгулююцца Працоўным і Жыллёвым кодэксамі Рэспублікі Беларусь, змяненні і дапаўненні ў якія ўжо разгледжаны парламентарыямі ў першым чытанні, і цяпер ідзе вялікая напружаная работа па падрыхтоўцы гэтых дакументаў да другога чытання, а гэта работа ў профільных камісіях, правядзенне круглых сталоў, абмеркаванне з нашымі выбаршчыкамі ў акругах магчымых змяненняў і дапаўненняў. І вельмі прыемна адзначыць, што нашы грамадзяне ў гэтым пытанні займаюць актыўную пазіцыю», — падкрэсліла Людміла Канановіч.

Трэба разумець, што на захаванне канстытуцыйных правоў грамадзян у гэтай галіне накіраваны не толькі закон аб мінімальных сацыяльных стандартах, але і мноства іншых заканадаўчых актаў — аб пражытковым мінімуме, аб пенсійным забеспячэнні, аб адукацыі і гэтак далей.

Па словах дэпутата, на далейшае развіццё сістэмы дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў, рост іх узроўню і эфектыўнасці накіраваны наступныя механізмы: разняволенне прадпрымальніцкай ініцыятывы, стварэнне камфортных умоў вядзення бізнесу, надзейных эканамічных стымулаў праз развіццё інвестыцыйнай прывабнасці нашай краіны, удасканаленне дзяржаўна-прыватнага партнёрства і лічбавай эканомікі. Важна прыцягваць да ўдзелу па ўкараненні гэтай сістэмы камерцыйныя арганізацыі, індывідуальных прадпрымальнікаў і грамадскасць.

«На сённяшні дзень пакуль не ідзе гаворкі пра нейкія канцэптуальныя новаўвядзенні ў закон аб мінімальных сацыяльных стандартах, паколькі прынятая сістэма не страціла сваёй актуальнасці, а вось пытанні пашырэння сферы іх прымянення і павышэння іх якасці можна рэгуляваць падзаконнымі актамі, — упэўнена Людміла Канановіч. — Што дадаць? На мой погляд, таксама можна разгледзець мінімальныя сацыяльныя стандарты ў галіне экалагічнай бяспекі».

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».