Вы тут

Якія выклікі паўстаюць перад беларускай экспартаарыентаванай эканомікай?


Якім чынам лепей дыверсіфікаваць экспарт? За кошт чаго будзем яго павышаць? Якія выклікі паўстаюць перад беларускай экспартаарыентаванай эканомікай? На гэтыя пытанні шукалі адказы члены Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах падчас апошняга выязнога пасяджэння.


Старшыня Пастаяннай камісіі Уладзімір Панцюхоў нагадаў, што ў сярэднетэрміновай праграме развіцця краіны замацаваны ключавы колькасны арыенцір работы па дыверсіфікацыі экспарту: «траціна — траціна — траціна». «Гэта значыць, што да канца пяцігодкі мы павінны выйсці на раўнамернае размеркаванне экспарту па трох рэгіянальна-краінавых напрамках: краіны ЕАЭС — краіны Еўрапейскага саюза — краіны «далёкай дугі», — адзначыў парламентарый.

Сенатар канстатуе, што задача гэта вельмі няпростая, тым больш — улічваючы дасягнутыя да цяперашняга часу вынікі. Напрыклад, за сёлетнія чатыры месяцы доля рынку ЕАЭС у агульным экспарце склала 41,8 %, Еўрапейскага саюза — 33,7 %, краін «далёкай дугі» — толькі 24,5 %. Няма сур'ёзных змен і ў таварнай структуры экспарту. Захоўваецца высокая доля сыравінных тавараў (калій і нафтапрадукты). «Няма прарыву на рынак Еўрапейскага саюза, нягледзячы на адмену эканамічных санкцый і зняцце абмежаванняў на пастаўку тэкстыльнай прадукцыі. Нягледзячы на значны рост экспартных паставак, адмоўнае сальда знешняга гандлю таварамі не толькі захоўваецца, але і прырастае. За чатыры месяцы 2018-га — на $104 млн», — прыводзіць даныя Уладзімір Панцюхоў.

На яго думку, мы можам і павінны працаваць больш актыўна на знешнім контуры, улічваючы спрыяльную кан'юнктуру рынкаў і вопыт мінулых гадоў. «Для вырашэння задачы дыверсіфікацыі паставак і замацавання на рынках краін «далёкай дугі» дзяржава павінна «падставіць плячо» экспартаарыентаваным прадпрыемствам.

Падтрымка экспарцёраў за кошт паслаблення курса беларускага рубля сябе вычарпала, — лічыць сенатар. — Пры гэтым бюджэтная падтрымка экспарту сёння рэалізуецца фактычна толькі па дзвюх схемах, прадугледжаных ва ўказах кіраўніка дзяржавы ад 25 жніўня 2006 г. № 534 і ад 24 верасня 2009 г. № 466. У 2017 годзе ў рамках такой падтрымкі было асвоена 164 млн рублёў, або ў эквіваленце $85 млн. На 2018 год у бюджэце на гэтыя мэты прадугледжана 172 млн рублёў, што з улікам прагнознай дынамікі абменнага курса таксама эквівалентна $85 млн».

Прытым нязначны прырост бюджэтных расходаў на развіццё экспарту ўрад тлумачыць зніжэннем працэнтных ставак па крэдытах, але дадатковыя меры падтрымкі, нават кропкавыя або сектаральныя, не прапануюцца, адзначае старшыня Пастаяннай камісіі. Між тым дыверсіфікацыя заўсёды з'яўлялася найлепшай стратэгіяй супраць рызык невядомага, якія на дадзены момант усё яшчэ захоўваюцца.

Выступленні прадстаўнікоў сусветнай эліты са сфер бізнесу, фінансаў, палітыкі, грамадскіх адносін на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе (які адбыўся ў студзені 2018 года) паказалі, што сёння, на жаль, няма выразнай узгодненай пазіцыі па шляхах глабальнага развіцця. Палітыка гандлёвага пратэкцыянізму перажывае «рэнесанс».

«Прыкладаў хапае. Дональд Трамп паслядоўна рэалізоўвае прынцып «Амерыка перш за ўсё», ініцыіруе павышэнне ўвазных тарыфаў на адчувальныя для сваіх гандлёвых партнёраў пазіцыі. Люстэркавы адказ Кітая не прымусіў сябе доўга чакаць. Адбываецца рэвізія поглядаў на светапарадак, які быў актуальны на працягу апошніх 15—20 гадоў. Глабалізацыя паступова губляе сваю прывабнасць. Ёй на змену прыходзіць парадыгма адасобленага развіцця. Гэта трывожны трэнд. І ў першую чаргу — для малых і сярэдніх эканомік, якія, як правіла, з'яўляюцца больш адкрытымі і могуць аказацца ізаляванымі з усімі негатыўнымі наступствамі. Да такіх краін адносіцца і Беларусь з паказчыкам адкрытасці эканомікі 1,3 (для параўнання: у Германіі — 0,8, у Кітая — 0,4, у ЗША — 0,3). Таму зараз самы час і ў гэтым кірунку «прыкрыць тыл», — рэзюмуе парламентарый.

Вераніка ПУСТАВІТ

Загаловак у газеце: Дайсці да трох трацін

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.