Вы тут

Пачаўся семінар для кіраўнікоў консульстваў і дыппрадстаўніцтваў


У Мінску пачаўся семінар для кіраўнікоў консульстваў і дыппрадстаўніцтваў, падчас якога яны абмяркуюць шырокі спектр пытанняў міжнароднага супрацоўніцтва.


«На працягу пяці дзён мы пагаворым аб многіх ключавых пытаннях нашай сумеснай працы. Прааналізуем, як выконваюцца эканамічныя і палітычныя задачы, якія год таму перад намі паставіў Прэзідэнт на нарадзе па прыярытэтах знешняй палітыкі краіны», — звярнуўся да сваіх падначаленых міністр замежных спраў Уладзімір Макей.

Асаблівая ўвага, паводле яго слоў, будзе ўдзелена тэматыцы прасоўвання турыстычных паслуг і падрыхтоўкі да правядзення ў нашай краіне ў 2019 годзе Еўрапейскіх гульняў.

Кіраўнік МЗС адзначыў, што свае задачы дыпламаты рэалізуюць у няпростых абставінах, калі супярэчнасцяў паміж дзяржавамі не становіцца менш. На высокім узроўні захоўваюцца канфлікты, санкцыі, контрсанкцыі, у тым ліку і ў адносінах паміж некаторымі асноўнымі партнёрамі Беларусі.

Пры гэтым ён адзначыў, што тая знешняя палітыка, якая праводзіцца краінай у цяперашняй сітуацыі па падтрыманні паважлівага і раўнапраўнага дыялогу, пацвярджае свае актуальнасць і запатрабаванасць на практыцы. За краінай ужо замацаваўся статус міратворчай пляцоўкі па ўрэгуляванні рэгіянальных канфліктаў, дзякуючы якой аднаўляецца ўзаемны давер і зніжаецца напружанасць у Еўропе.

«Статус досыць адказны, дазваляе па-новаму зірнуць на Беларусь шматлікім палітычным і эканамічным партнёрам. Разам з тым гэты статус мае патрэбу ў паўсядзённай настойлівай і карпатлівай працы па яго пацвярджэнні», — падкрэсліў Уладзімір Макей.

Таксама ён нагадаў, што пытанні эканомікі былі і застаюцца асноўным крытэрыем ацэнкі дзейнасці кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульстваў.


Важнай часткай семінара стала сустрэча беларускіх дыпламатаў з кіраўнікамі двухбаковых міжпарламенцкіх груп супрацоўніцтва ў Савеце Рэспублікі.

Намеснік старшыні Савета Рэспублікі Мар'яна Шчоткіна адзначыла, што апошнім часам супрацоўніцтва паміж парламентарыямі розных краін актывізавалася, адбываецца шмат візітаў, насычаных эканамічнай тэматыкай.

— Нам патрэбны веды і інфармацыя, якімі валодаеце вы, незалежна ад накіраванасці двухбаковых адносін, — звярнулася да дыпламатаў віцэ-спікер. — І перш за ўсё гэта — заканадаўства. У кожнай дзяржаве ёсць пэўныя поспехі, якія можна экстрапаліраваць на нашу краіну.

Пра тое, што ўзаемадзеянне паміж кіраўнікамі дыпламатычных місій і кіраўнікамі краінавых груп у парламенце ўзаемна карыснае і Савету Рэспублікі, і Міністэрству замежных спраў, казаў на сустрэчы намеснік міністра замежных спраў Андрэй ДАПКЮНАС. Узаемадзеянне гэта не абмяжоўваецца ўласна праблематыкай парламенцкай дзейнасці, дадаў дыпламат. «У асобе кіраўнікоў краінавых груп мы маем не проста парламентарыяў, мы маем вопытных дзяржаўных дзеячаў, якія валодаюць сур'ёзным бачаннем і агульнага дзяржаўнага парадку, і ў тым ліку магчымасцяў канкрэтнага краінавага кірунку», — растлумачыў ён. Андрэй Дапкюнас заклікаў сенатараў да ініцыятывы і запэўніў, што міністэрства будзе самым зацікаўленым памочнікам у далейшым наладжванні парламенцкага ўзаемадзеяння.


Яшчэ адзін аспект, які быў закрануты на сустрэчы ў Савеце Рэспублікі, — дасягненне Мэт устойлівага развіцця да 2030 года. Віцэ-спікер, якая з'яўляецца нацыянальным каардынатарам па гэтай тэме, паведаміла кіраўнікам дыпламатычных місій, што ў найбліжэйшы час плануецца яе справаздача кіраўніку дзяржавы.

— Мы вельмі цесна тут працуем з Міністэрствам замежных спраў, — звярнула ўвагу сенатар. — Гэта была ініцыятыва міністэрства, задачы якога прыгожа ўпісваюцца ў мэты ўстойлівага развіцця.

Мар'яна Шчоткіна праінфармавала беларускіх паслоў аб тым, што ўжо зроблена Беларуссю на шляху дасягнення 17 Мэт устойлівага развіцця і звярнула ўвагу дыпламатаў на тое, што зараз Беларусь лідзіруе ў працэсе дасягнення Мэт устойлівага развіцця і гэту пазіцыю нельга страціць. Наша краіна адна з першых прадставіла добраахвотны нацыянальны даклад на Палітычным форуме высокага ўзроўню па ўстойлівым развіцці пад эгідай Эканамічнага і сацыяльнага Савета ААН. Мы правялі першы рэгіянальны форум нацыянальных каардынатараў.

«Самы галоўны прынцып — нікога не пакідаць убаку, — падкрэсліла нацыянальны каардынатар. — Гэтым прынцыпам сёння кіруюцца палітыка і эканоміка ў любой краіне. Мэты кладуцца ў аснову стратэгій устойлівага развіцця краін». Мар'яна Шчоткіна папрасіла супрацоўнікаў МЗС не заставацца ўбаку і садзейнічаць руху да ўстойлівага развіцця.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Падтрымаць статус міратворчай платформы і знайсці партнёраў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.