Вы тут

«У сельскай гаспадарцы грошы ляжаць паўсюль, трэба толькі падняць іх»


Адкрытае акцыянернае таварыства «Звязда» мінулым годам заняло ўсе прызавыя месцы ў сваім Чачэрскім раёне. Дарэчы, яно мае неблагія вынікі і ў маштабах краіны. Напрыклад, летась у сельскагаспадарчых арганізацыях Беларусі сярэдні ўдой на карову ўпершыню перавысіў пяць тон, а ў гэтай гаспадарцы з Гомельшчыны надойвалі 6300 літраў ад рагулі. Пры даволі нізкай бальнасці глебы (24) тут сабралі звыш 45 цэнтнераў з гектара.

Дырэктара гаспадаркі Галіну Трыбунах сёння многія ведаюць не толькі як паспяховага гаспадара, але і як чалавека, які ўздымае праблемныя пытанні сельскай гаспадаркі на ўзроўні краіны. Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні штодзень вядзе дыялог не толькі па вытворчых пытаннях. Да яе звяртаюцца людзі са сваімі штодзённымі набалелымі праблемамі. Яна разважае пра тое, як зрабіць Беларусь краінай, дзе будзе ўтульна і прыемна жыць нашчадкам.


— Дарэчы, пры сустрэчах людзі часта просяць дапамагчы апрацаваць зямлю, выдзеліць сена, салому ці рэалізаваць ім збожжавыя культуры. Гэта тыя пытанні, якія проста вырашыць, што мы і робім. Ёсць куды больш складаныя. Напрыклад, забеспячэнне чыстай вадой. Сёння ў многіх райцэнтрах няма станцый абезжалезвання. Грашовыя сродкі вышукваюцца, але за адзін дзень гэта ж не зробіш. Шмат пытанняў, якія датычацца жыллёва-камунальнай гаспадаркі і аховы здароўя. Напрыклад, трэба хутчэй уводзіць у дзеянне электронны рэцэпт. Гэта магло б спрасціць жыццё жыхароў аддаленых населеных пунктаў, якія вымушаны пастаянна прымаць пэўныя прэпараты.

— Якія праблемы за апошні год атрымалася вырашыць?

— Сёлета ў нас узнікла сур'ёзная праблема па новым паліклінічным будынку Чачэрскага тэрытарыяльна-медыцынскага аб'яднання. У ім прарвала трубы на другім паверсе і затапіла першы. Нягледзячы на тое, што пабудова была на гарантыі, падрадчыкі не спяшаліся ліквідаваць хібы і прыйшлося ўмяшацца ў гэтую справу. Пасля чаго праблему атрымалася вырашыць за кошт будаўнікоў. У Чачэрску ў нас ёсць жылы дом, дзе былі праблемы з выцяжкай. Па патрабаваннях жыхароў туды прыязджалі спецыялісты ЖКГ, але пытанне не вырашалася. Людзі звярнуліся да мяне, пасля чаго падрадчыкі ліквідавалі недахопы. У нас недалёка ёсць вёска Покаць. Яна вельмі доўгая, і пенсіянеры папрасілі зрабіць у населеным пункце дадатковы прыпыначны пункт. Мне ўжо прыйшоў адказ, што ў жніўні яго абавязкова ўстановяць.

— Сёння адно з самых актуальных пытанняў, асабліва на вёсцы — працаўладкаванне...

— Тое, што цяпер заканадаўства дазваляе лягчэй развівацца малому бізнесу, прынесла плённы вынік. У нашым далёкім ад абласнога цэнтра рэгіёне, напрыклад, з'явіліся прадпрымальнікі, якія займаюцца выпечкай кандытарскіх вырабаў ці развозам піцы. Людзі зрабілі свой невялікі бізнес і цяпер добра працуюць.

Пры гэтым ёсць і праблемы. Часта да мяне прыходзяць працаўладкоўвацца маладыя спецыялісты, якія гавораць: «Я да вас на адпрацоўку». Нядаўна такі малады спецыяліст проста закідаў мяне пытаннямі — і ўсе выключна пра грошы. У маладых патрабаванні значна вышэйшыя, чым яны самі могуць даць. Я кажу: « ты зможаш тут працаваць? Ці толькі пакуль будзеш атрымліваць выплаты як малады спецыяліст? Ты ішоў вучыцца, каб атрымліваць задавальненне ад працы на зямлі?» Хаця, канешне, ёсць і іншыя — тыя, хто хоча працаваць. У нас павінна быць дастойная змена. Нам трэба даказаць усім, што сельская гаспадарка — гэта харчовая бяспека краіны, якую гарантуюць нашы людзі.

— Але ж іх неяк трэба сёння стымуляваць да працы? Як?

— Я бываю не толькі ў сваім, Чачэрскім, але і ў іншых раёнах: Рагачоўскім, Кармянскім, Буда-Кашалёўскім. На жаль, бачу гаспадаркі, у якіх вельмі дрэннае становішча. Людзі там атрымліваюць мінімальную заработную плату — пражытковы мінімум. Мне здаецца, што гэта перашкаджае працаваць. Людзі толькі адбываюць час на працы. Лічаць, што ім павінны ў любым выпадку мінімальны заробак даць. Не разумеюць, што трэба атрымаць прадукцыю, рэалізаваць яе, каб была нейкая выручка, што ўрэшце дасць магчымасць заплаціць ім грошы. У мяне заўсёды баліць душа: заробак павінен быць зроблены. Сёння ў сельскай гаспадарцы грошы ляжаць паўсюль, трэба толькі сагнуцца і падняць іх. Дык многія ж не хочуць гэта рабіць. Калі так будзе надалей, у сельскай гаспадарцы краіны застанецца дзясятак прадпрыемстваў, якія змогуць добра працаваць. Трэба прымаць меры, каб мянялася стаўленне людзей да сваёй працы.

— Аднак такое стаўленне бывае і ў некаторых кіраўнікоў сельскіх гаспадарак. Дарэчы, у асобных за год змяняецца па 3-4 дырэктары.

— Кіраўнікі самі знаходзяцца ў бесперспектыўнай сітуацыі. Папрацуюць з паўгода і кідаюць усё. Калі я толькі прыйшла ў гаспадарку, у мяне таксама былі думкі звольніцца. Але ж хто тады працаваць будзе? Юных кіраўнікоў кідаюць на слабыя гаспадаркі. Магчыма, ім патрэбна больш дапамогі, больш вучобы, парад. У кіраўніка заробак завязаны на сем асноўных паказчыкаў, якія ён павінен выканаць. Калі не выканаў, заробак адпаведна памяншаецца. І калі маладыя прыходзяць на працу, іх пачынаюць пазбаўляць грошай за невыкананне паказчыкаў. Зарплата зводзіцца да мінімуму, і ў людзей прападае інтарэс. А іх толькі папікаюць праблемамі і недахопамі. А параду даць ніхто не можа слушную: як яму працаваць, калі няма тэхнікі, няма і людзей. Запчасткі купіць няма за што. У такіх гаспадарках машына-трактарны парк не абнаўляецца. Вось мы і бачым брудныя фермы, дзе гадамі не вывезена арганіка...

— А рашэнне праблемы дзе?

— На ўзроўні краіны трэба зрабіць вельмі глыбокі маніторынг праблем сельскай гаспадаркі. Патрабуецца абнаўленне машынна-трактарнага парка, а пры гэтым многія не разлічыліся за тэхніку, якую бралі ў лізінг. Мы сёння залежым ад перапрацоўкі, пры гэтым не можам аддаць прадукцыю туды, дзе яе забяруць і дадуць добрую цану. Мы сёння строга замацаваны за сыравіннымі зонамі.

І калі ў перапрацоўшчыкаў праблемы, значыць, яны і ў нас. На сённяшні дзень грошы ад перапрацоўшчыкаў нам пералічваюцца ў самым канцы месяца. Нам выдаюцца грошы пад фонд заработнай платы. Пры гэтым вельмі складана расплаціцца за тэхніку, узятую ў лізінг на тры гады. А як толькі пратэрмінавалі аплату па лізінгу — адразу ж налічваюцца вялікія працэнты і пеня. Таму сёння многа сельгаспрадпрыемстваў, якія тэхніку набылі, але не могуць за яе разлічыцца, таму гаспадаркі ў даўгах.

— Галіна Пятроўна, раскажыце пра акцыі, у якіх вы, як член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь бралі ўдзел сумесна з дэпутатамі розных узроўняў.

— Такіх акцый вельмі многа. Разам з Фондам міру — «Дарогамі вайны, міру і працы». Таксама мы клапоцімся пра малодшых школьнікаў і праводзім дабрачынныя акцыі: «Сабяры дзіця ў школу» і «Падары партфель першакласніку». На тэрыторыі нашай Залескай школы сёлета прайшла дабрачынная міжнародная навагодняя ёлка. Напярэдадні Новага года і Раства я заўсёды наведваю з падарункамі цэнтры карэкцыйнага развіцця дзяцей у Чачэрску і Карме. У Гарадцы Рагачоўскага раёна — дапаможную школу-інтэрнат. У Нісімкавічах у нас знаходзіцца бальніца сястрынскага догляду, куды прыязджаю заўсёды з дапамогай. Таксама ў Рагачоўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. Нядаўна мы ім падарылі тэлевізар, прафесійны блэндар і пральную машыну. Рэгулярна аказваем дапамогу для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя, адукацыі і культуры. Напрыклад, самадзейным калектывам у нашым Доме культуры пашылі сцэнічныя касцюмы. Цяпер вось будуем праваслаўную царкву ў гонар свяціцеля Васіля Вялікага ў цэнтры нашай гаспадаркі — аграгарадку Залессе.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».