Вы тут

Што робіць жыццё ў аграгарадку яшчэ больш прывабным?


Што робіць жыццё ў аграгарадку яшчэ больш прывабным? Аб гэтым даведаліся ўдзельнікі семінара, што прайшоў у Віцебскім раёне. На яго запрасілі абраннікаў, старшынь Саветаў дэпутатаў першаснага ўзроўню, якія абмяркоўвалі работу органаў мясцовага кіравання і самакіравання па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва. І ў выкананні сацыяльных стандартаў у раёне, а канкрэтна ў Варонаўскім сельсавеце, многае зроблена. Тут можна многаму навучыцца. Напрыклад, вопыту бездатацыйнай работы, аказанню паслуг насельніцтву, добраўпарадкаванню тэрыторый...


Наваселлі на былым полі

Напачатку ўдзельнікам семінара паказалі катэджы, дзе справілі наваселлі мясцовыя жыхары і грамадзяне, якія купілі зямлю пад будаўніцтва на аўкцыёнах.

Віктар Дарожкін, старшыня Віцебскага раённага Савета дэпутатаў, і Юрый Восіпаў, старшыня Варонаўскага сельсавета расказалі пра квартал індывідуальнай забудовы. Раней тут было поле. Мясцовая ўлада некалькі гадоў таму прыняла рашэнне выкарыстаць гэтую зямлю пад будаўніцтва жылля. Прыярытэт, канешне, быў аддадзены вяскоўцам, якія мелі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. І пяцьдзясят сем'яў атрымалі права зрабіць гэта. Яшчэ больш за трыццаць участкаў прадалі з малатка. Попыт быў вялікі, бо недалёка Віцебск, ды і аграрны гарадок Вароны вельмі ўтульны для пражывання. Тут ёсць усе выгоды.

Наогул, тут з'явілася добрая тэндэнцыя: насельніцтва ў Варонах павялічваецца. Калі ў 2010-м у аграгарадку было каля 580 жыхароў, цяпер тут жывуць пад 760 чалавек. Ствараюцца сем'і, нараджаюцца дзеці, вёска жыве.

Цікава, што ў школу, дзе навучаецца каля 120 школьнікаў, ходзяць таксама дзеці з Лёзненскага раёна. І нават з Віцебска! Апошняе трохі здзіўляе. Як высветлілася, у новым спальным раёне абласнога цэнтра існуе праблема з тым, каб стаць вучнем школы ў «крокавай даступнасці». А да Варон некалькі кіламетраў, ды і школьны аўтобус з гарадка праязджае праз горад...

Без праблем з размяшчэннем

А ў Варонаўскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў расказалі пра тое, як годна можна жыць у дзяржаўнай установе сацыяльнага абслугоўвання. У пакоях — па адным або два чалавекі. Ёсць магчымасць не горш, чым у краінах ЕС, прайсці курсы рэабілітацыі, рэлаксацыі і гэтак далей. Напрыклад, ёсць блок водных працэдур.

Нярэдка, дзякуючы клопату персаналу, тыя, хто былі прыкаваныя да ложка, пачынаюць самастойна выязджаць на калясках на вуліцу і нават хадзіць. Працягласць жыцця ў інтэрнаце большая ў параўнанні з той, што ў састарэлых, якія жывуць дома.

Зімой тут ахвотна часова знаходзяцца тыя, у каго сваякі далёка або іх няма зусім. Можна пабыць і дзень, бо аказваецца адпаведная паслуга. Яна вядомая як «Дзіцячы садок для састарэлых».

Аналагічная практыка і ў іншых установах Віцебшчыны. Праблем з размяшчэннем тых, хто пажадае, у інтэрнаты няма ва ўсёй вобласці.

Дэпутатам расказалі пра тое, што зроблена для добраўпарадкавання тэрыторыі. Такое не сорамна паказаць іншаземцам. Ды ім, дарэчы, тут могуць даць майстар-клас таго, як пры параўнальна невялікіх выдатках, але з фантазіяй зрабіць цуд.

КУП працуе і на экспарт

Пра камунальнае ўнітарнае прадпрыемства па аказанні паслуг «Вароны-сэрвіс» мы ўжо пісалі ў «МС». Нагадаю, тут, у прыватнасці, напрацавалі добры вопыт у знішчэнні баршчэўніку, наводзяць ідэальны парадак на вясковых могілках, ёсць іншыя кірункі дзейнасці.

Дэпутаты ўзялі «на карандаш» адпаведныя напрацоўкі. Для іх арганізавалі агляд тэхнікі, якая выкарыстоўваецца для аказання паслуг насельніцтву.

Усё больш заказчыкаў у КУП на так званыя еўрадровы: 1,6 куба акуратна складзенага драўлянага паліва прывязуць таму, хто мае патрэбу, акуратна складуць. Потым, як мовяць, толькі бяры і спальвай... У прадпрыемства ёсць свая піларама. Драўніну экспартуюць у краіны Прыбалтыкі і Галандыю.

Дарэчы, як канстатаваў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, такая плённая дзейнасць КУП — прыклад таго, што пры жаданні можна аказваць не толькі паслугі па сацыяльных расцэнках. Калі правільна арганізаваць дзейнасць, можна канкурыраваць з недзяржаўнымі структурамі, працаваць з прыбыткам.

Ён станоўча ацаніў тое, што робіцца мясцовай уладай, у тым ліку і ў пытаннях выканання сацыяльных стандартаў, работы з насельніцтвам.

— Поспех у тым, што ў раёне дасведчаныя кадры, плюс наладжанае эфектыўнае ўзаемадзеянне паміж галінамі ўлады і дзяржаўнымі ўстановамі... Зразумела, што раён — «уязныя вароты» ў Віцебск, і таму павінен з'яўляцца ўзорным, — адзначыў старшыня.

Ён стаў ініцыятарам таго, каб семінары па розных тэмах праводзіліся ў рэгіёнах, асобна ўзятых сельсаветах, дзе ёсць чаму павучыцца. Трэба толькі прыехаць, паглядзець на ўласныя вочы і ўзяць на ўзбраенне адпрацаванае на практыцы.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.