Вы тут

Транспартна-лагістычны цэнтр на мяжы з Літвой распачне работу ў жніўні


Будаўніцтва ідзе побач з пунктам пропуску «Каменны Лог». Гэта самы ажыўлены напрамак, які вядзе ў Літву. Сведчаннем таму і вялікія чэргі грузавікоў, якія нярэдка дасягаюць некалькіх кіламетраў. І хоць за суткі праязджае каля адной тысячы машын, праблема чэргаў застаецца. Новы аб'ект дазволіць стварыць кіроўцам больш камфортныя ўмовы на мяжы і паскорыць афармленне дакументаў.


Будаўніцтва транспартна-лагістычнага цэнтра пачалося мінулым летам. Зараз узведзена сэрвісная зона, завяршаецца будаўніцтва склада плошчай пяць тысяч квадратных метраў, а таксама стаянкі на 500 аўтамабіляў. Дарэчы, праект склада створаны з улікам усіх сусветных тэхналогій. Непадалёк пабудаваны і цеплавузел — уласная кацельная, якая будзе працаваць на мясцовым паліве — торфе. Агульны кошт інвестыцыйнага праекта — 20 мільёнаў рублёў.

Як паведаміў начальнік упраўлення будаўніцтва і эксплуатацыі прадпрыемства «Белмытсэрвіс» Сяргей Васюк, праект знаходзіцца на канчатковай стадыі рэалізацыі, мантажна-будаўнічыя работы будуць поўнасцю завершаны ў ліпені, а ў жніўні лагістычны цэнтр пачне прымаць перавозчыкаў і грузы. Кіроўцы, якія стаяць уздоўж дарогі, змогуць заязджаць сюды, адзначыў Сяргей Васюк.

Тут будзе адкрыты ведамасны пункт мытнага афармлення. Тыя, хто пажадае паскорыць кантроль, змогуць падаць дакумент загадзя ў электронным выглядзе. Мяркуецца, што працэдура кантролю будзе даволі аператыўнай — усяго 15 хвілін.

Размеркаваць грузапаток вельмі важна, бо гэты напрамак — адзін з самых ажыўленых на літоўскім кірунку. Ажыццяўляецца перавалка мільёна тон грузаў у год. Транспартна-лагістычны цэнтр дапаможа зрабіць іх перавозку больш рацыянальнай і дасць гарантыю дастаўкі ў аптымальны тэрмін і па найбольш выгадным маршруце. Па прагнозах, гэта прыцягне дадатковыя транзітныя грузапатокі ў Беларусь для мытных аперацый, тэрмінальнай апрацоўкі грузаў, якія накіроўваюцца ў нашу краіну, а таксама і да суседзяў па Еўразійскай эканамічнай прасторы.

Пляцоўкі вакол цэнтра зможа асвойваць прыватны бізнес. Ужо ёсць звароты ад прадпрымальнікаў, якія маюць намер размясціць тут свае аб'екты. Плануецца, што тут з'явяцца станцыі тэхабслугоўвання, запраўкі, мыйкі, банкаўскія прадстаўніцтвы, офісныя памяшканні і іншае.

У будаўніцтве лагістычнага цэнтра зацікаўлены і ўлады Ашмянскага раёна, на тэрыторыі якога ўзводзіцца аб'ект. Вялікія чэргі на трасе ствараюць пэўныя клопаты раёну. Намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама Галіна Люткоўская адзначыла, што пасля ўвядзення ў эксплуатацыю лагістычнага цэнтра кіроўцы атрымаюць неабходныя паслугі, у тым ліку бытавыя. Значны плюс для раёна — стварэнне 100 новых рабочых месцаў і паступленне падаткаў у бюджэт.

Дарэчы, у Гродзенскай вобласці транзітная прывабнасць і транспартна-лагістычны патэнцыял увайшлі ў склад прыярытэтных кірункаў дзейнасці. У канцы 2016 года з'явіўся першы ў рэспубліцы прыгранічны лагістычны цэнтр у пункце пропуску «Брузгі» на беларуска-польскай мяжы.

У найбліжэйшыя два гады яшчэ адзін транспартна-лагістычны цэнтр адкрыецца на мяжы з Польшчай — у пункце пропуску «Бераставіца».

Налета ў пункце пропуску «Каменны Лог» пачнецца рэканструкцыя, у выніку якой агульная прапускная здольнасць павялічыцца ў шэсць разоў. У два разы ўзрасце прапускная здольнасць грузавых аўтамабіляў. Тут з'явіцца стацыянарны інспекцыйна-надглядны комплекс, пакуль ёсць толькі мабільны. Сумежны літоўскі пункт пропуску «Мядзінінкай» плануюць рэканструяваць у 2019—2021 гадах.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Сэрвіс для перавозчыка

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.