Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Рагатыя «арэлі»

...Эх і слаўны ж быў час — дзяцінства! Калі можна «купацца» ў клопаце і любові дарослых родных людзей, калі можна сваволіць ды шкодзіць — і табе за гэта нічога не будзе, калі можна рабіць самыя неверагодныя рэчы! Пракаціцца на свінні, напрыклад.

Не верыцца, але ж былі часы, калі машыны па вуліцы праязджалі рэдка (добра, як раз на месяц), а вось свінні там гулялі штодня...

Цікавай забавай былі і арэлі — звычайныя: гушкаліся на іх круглы год і ўсе вясковыя дзеці. Мне ж аднойчы пашчасціла як нікому: я праехаўся на... жывых, рагатых арэлях.

А было гэта так. Неяк добрым вясновым днём бацька з маім старэйшым братам пілавалі дровы. Непадалёк ад іх стаяла карова і ела сена. Я ж, перапоўнены энергіяй, бегаў перад ёй то туды, то сюды... Бегаў, відаць, доўга... Як раптам адчуў, што ногі мае... адрываюцца ад зямлі, што я «плыву» ў паветры!

Колькі доўжыся той «заплыў», сцяміць не паспеў — стаў на ногі і трохі ўбаку ад каровы. Яна, як нічога ніякага, зноў нагнулася над сенам.

...І толькі потым я зразумеў, што ёй проста надакучыла мая мітусня перад пысай, і яна — як тая гаспадыня гаршчок — падхапіла мяне на «вілкі» (то-бок на рогі) і паставіла ў іншае месца. Прычым так далікатна і мякка, што я нават не адчуў нязручнасцяў.

Аднак урок засвоіў: і сам перад каровай больш не мітусіўся, і іншым таго не раіў.

Яўген Шастакоў, г. Гомель.


Схованка для гаварунчыка

...Што ні гаварыце, пры камуністах многія вёскі (за ўсе не скажу, бо не ведаю) жылі няблага. Мяркуйце самі: забірала дзяржава здабытае — збожжа, мяса, малако — па так званых закупачных цэнах. Але ж у канцы года быў пераразлік — размеркаванне выручкі. У выніку да тых самых невысокіх закупачных цэн вытворцы, то-бок калгаснікі, апроч трынаццатай зарплаты, у залежнасці ад заробку атрымлівалі надбаўкі (так званыя «кучкі»), і яны па сваёй «вышыні» часам дасягалі гадавога заробку! Як казала адна з нашых цётак, «самашэччыя» грошы!

Цяпер у калгасах ніякіх пераразлікаў ужо не робяць. Старыя спецыялісты пакрысе сыходзяць (узрост), а маладых не дужа заманіш — у іх, як спяваў Высоцкі, «закалка не та». Яны «кінаў» пра заморскае жыццё нагледзяцца і хочуць жыць, як там: мець усё і зараз альбо — атрымліваць, а не зарабляць.

Дык вось. Быў час — засталася гаспадарка без галоўнага заатэхніка, доўга шукала сабе кадра і ўрэшце знайшла. Гаварунчык — якіх пашукаць! Казаў, як пеў: «парадак навядзём», «вытворчасць падымем», «прадукцыяй свет завалім», «грошай займеем»...

Даяркі новыя кашалькі сабе пакуплялі, каб зарплаты дадому насіць.

Але ж ролю кіраўніка той новы «рука-вадзіцель» разумеў літаральна: рукамі сапраўды і вадзіў, і разводзіў, прэмій пазбаўляў, кулаком па стале час ад часу грукаў... А як баланс кармавы зрабіць — дык хоць загадчыку фермы садзіся.

Не на месцы чалавек — усе зразумелі, бо на ферме пры ім яшчэ больш недахопаў стала. Старшыня як ні прыедзе, кожны раз яму гэта кажа...

Дык той, каб не слухаць, хавацца стаў. Старшыня на ферму — заатэхніка няма. Галоўнае — толькі што быў і «раптам знік» — як пад зямлю праваліўся!

Дзе тое месца, людзі, вядома ж, бачылі. На тэрыторыі фермы спісаны дзіравы танк стаяў (цыстэрна для захоўвання малака). Дык заатэхнік, калі што, — туды, у бункер... Глядзіш — «буру» і пераседзіць.

Але ж пытанне аб яго звальненні ўсё роўна паўстала: старшыня сказаў загадчыку фермы, што едзе для апошняй размовы. Заатэхнік, як заўсёды, схаваўся: думаў, відаць, што зноў пранясе. Ды дзе там: старшыня, іншыя спецыялісты рушылі да танка і размову завялі як быццам пра яго, пра танк: непатрэбны, маўляў, трэба было б прыбраць, але як?

Сталі раіцца:

— Давайце трактарам зачэпім і пацягнем.

— Не, асфальт сапсуём.

— Можа, тады на трактар пагрузім? Ці аўтагенам парэжам на лісты... Метал на нешта спатрэбіцца.

— Ды ён саржавеў ужо. А ну (кажуць слесару) гахні кувалдай.

Той з размаху і раз, і другі — так і ёсць: іржавы.

— Ды вунь бульдозер на пад'ездзе. Хай каўшом патаўчэ...

Вось тут ужо заатэхнік не вытрымаў: высунуў з люка ўздыблены чуб, потым — спалатнелы твар, ашалелыя ад страху вочы...

Дзіўна было, што неяк вылез яшчэ з цыстэрны, што скочыў на зямлю і нават як бы пабег. Мужыкі ўслед аж зайшліся ад рогату.

...А танк ад фермы і сапраўды прыбралі, амаль разам з заатэхнікам, хоць той і ўпарціўся: на словах даводзіў, што ён — спецыяліст.

Але ж даказваць тое трэба было раней і на справе. А інакш — не схавацца. Нават у «саркафагу».

Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён


Дарагі падарунак

Згадзіцеся: з шыкам цяпер спраўляюць выпускныя! Даражэнныя ўборы, прычоскі, макіяж, манікюр, педыкюр, відэаздымкі, падарункі настаўнікам...

Вось гэта, апошняе, і раней, дарэчы, было.

...Разам са мной у класе вучылася яшчэ сорак дзяцей, якія ў далёкім 60-м мінулага стагоддзя, што называецца, выпускаліся — выходзілі ў самастойнае жыццё. Гэта было падзеяй і для вучняў, і для настаўнікаў, і, вядома ж, для бацькоў. Таму яны, хоць грошай у калгасе тады і не плацілі, 

пастараліся — прыбралі нас так, што мы толькі ахалі ды разглядалі адно аднаго!

Але ж расказаць я хачу пра іншае.

У той час настаўнікам дарылі кнігі, каштавалі яны не тое, што цяпер, можна было купіць. Да таго ж у суседстве з намі жыла сям'я настаўнікаў, мы, можна сказаць сябравалі (ва ўсякім разе, калі ім трэба было некуды з'ездзіць, яны прасілі нас паглядзець іх дзяцей, гаспадарку). У выніку гэтых зносін я даведалася, каму і якія кнігі падарыць. (Толькі «русічка» — настаўніца рускай мовы і літаратуры — казала, што ёй лепш бы нейкую рэч).

Такім чынам, спіс мяркуемых падарункаў быў гатовы. Каб іх купіць, мяне і Колю Яўменава аднакласнікі «камандзіравалі» ў Крычаў.

Чаму нас? Сакрэту ніякага: цягнік у райцэнтр прыходзіў апоўначы, пасажырам трэба было шукаць начлег. У мяне ў Крычаве жыла сястра, у Колі цётка.

...Раніцай, перад адкрыццём магазінаў, мы з ім сустрэліся і пачалі закупкі. Кнігі ў дэфіцыце тады не былі яшчэ, так што ўсё патрэбнае мы выбралі досыць хутка, аплацілі. Заставалася знайсці падарунак «русічцы».

У пошуках мы з Колем пайшлі ў бок вакзала. Па дарозе збочвалі ў нейкія крамы, але нічога прыгожага за нашы грошы там, на жаль, не было. І часу не было ўжо таксама: да адпраўлення цягніка заставаліся нейкія хвіліны, калі я ўбачыла краму так званага арза (аддзела рабочага забеспячэння. Былі такія — і прадуктовыя, і прамтаварныя. Для чыгуначнікаў — амаль на кожным вакзале)...

Я куляй уляцела туды і адразу ўбачыла тое, што трэба: ваза для фруктаў — плеценая, з вітага проваду, — можна сказаць, залатая, прыгожая, лёгкая. І, галоўнае, па кішэні: каштуе тры рублі пяцьдзясят капеек. А ў нас ад кніг засталася пяцёрка.

З радасці я ледзь не скачу! Хуценька балабоню прадавачцы пра наш выпускны, пра падарунак настаўніцы, пра цягнік, які вось-вось адправіцца, паказваю пяцёрку...

Тая, як мне здаецца, усё разумее: гэтак жа хуценька аддае мне вазу, следам — рэшту. Я, пакінуўшы ёй свой «дзякуй», куляй вылятаю з крамы, бягу ў бок цягніка, які і праўда ўжо адпраўляецца...

Мы з Колем паспяваем: ускокваем у тамбур, заходзім у вагон. Я кажу яму, што купіла такі падарунак русічцы, хачу паказаць яго, расціскаю кулак і... нічога не разумею, бо там... грошы: нашыя пяць рублёў! Ды паўтара яшчэ... рэшты!

На далоні ў мяне — дальбог не хлушу — яны гарэлі агнём, здавалася — прапаляць руку, бо атрымалася, што я абдурыла прадавачку: мала таго, што вазу ўзяла, за яе не плаціўшы, дык яшчэ і рэшту неяк «вырвала».

...Цягнік з-за гэтага мы з Колем не спынілі. І на хаду выскокваць з яго не сталі, бо назаўтра ж быў выпускны.

Падарункі настаўнікам прынеслі ў школу, аднакласнікам я пра ўсё расказала. Нехта з іх прапанаваў на гэтыя грошы... наварыць кампоту. Мы купілі сухафруктаў, цукру — увесь выпускны пілі.

З падарункамі таксама ўсім дагадзілі: і настаўнікі рады былі, і русічка.

...Не ведаю, як доўга служыла ёй тая ваза. Я ж, як выглядае, буду «несці» яе ўсё жыццё.

Л. М. Чыгрынава, г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.