Вы тут

Беларусы пачалі актыўна набываць акцыі высокатэхналагічных кампаній


Нашы грамадзяне з грашыма працягваюць актыўна ўкладаць зберажэнні ў замежныя каштоўныя паперы. Часцей за ўсё набываюць гэтыя «фішкі» праз механізм давернага банкаўскага кіравання.


У росце — ІT-сектар

Найбольш папулярныя ў нашых суайчыннікаў сусветныя карпарацыі з ІT-сектара, прыйшлі да высновы аналітыкі аднаго з камерцыйных банкаў. У большасці выпадкаў гаворка ідзе аб куплі акцый Аррlе, Fасеbооk або Аlрhаbеt — уладальніка Gооglе. Цікавасць вырасла і да кітайскіх гігантаў, перш за ўсё Аlіbаbа Grоuр, больш вядомай дзякуючы інтэрнэт-пляцоўцы АlіЕхрrеss. Акрамя таго, нашы багацеі сталі актыўна інвеставаць у Аmаzоn, Nеtflіх і NVІDІА — усплёск цікавасці да іх прыйшоўся на апошні год.

Укладаюць не апошняе

На куплю «блакітных фішак» заможныя людзі ў сярэднім трацяць ад 20 да 50 тысяч долараў. Хоць ёсць і тыя, хто інвестуе 100 тысяч долараў і больш. У той жа час на прырост зберажэнняў уплывае не толькі сума ўкладанняў, але і абраная стратэгія. Самы вялікі прыбытак склаў 90 тысяч долараў — столькі зарабіў за мінулы год адзін з кліентаў БПС-Ашчадбанка.

Пры правільнай стратэгіі інвестыцыі ў акцыі дазваляюць прыкметна прымножыць зберажэнні. Большасць кліентаў выбіраюць партфелі з нізкім узроўнем рызыкі, але павялічваецца і колькасць тых, хто рэалізуе ўласныя агрэсіўныя стратэгіі, гуляючы на трэндах, якія растуць.

Фінансавыя інвестыцыі — заўсёды рызыка

Ці ўсё так бясхмарна, як абяцаюць нам банкаўскія работнікі? Так, паслугі па даверным кіраванні дазволяць вам у поўнай меры атрымаць выгаду ад інвеставання свабодных грашовых сродкаў у каштоўныя паперы, купіць акцыі замежных кампаній, якія існуюць на вядучых сусветных біржах Нью-Ёрка, Лондана, Франкфурта, Масквы.

Патэнцыйная прыбытковасць такіх аперацый неабмежаваная, а канчатковы фінансавы вынік залежыць ад характару інвестыцыйных рашэнняў. Так, фондавы індэкс S & Р500, які адлюстроўвае змяненне кошту акцый каля 500 найбуйнейшых кампаній ЗША, за апошнія пяць гадоў вырас на 87,5 %.

Акцыі асобных кампаній дазволілі інвестарам куды больш істотна павялічыць першапачатковую суму ўкладанняў. Але, калі я пагутарыў з работнікам Беларусбанка, то зразумеў, што яшчэ не гатовы на такія подзвігі. Ён растлумачыў мне, што рызыка няправільна выбраных кампаній ляжыць толькі на мне. А гэта значыць, што пры нейкіх абставінах я не толькі не магу разлічваць на салідны прыбытак, але і рызыкую страціць укладзеныя грошы.

Дылер растлумачыў, што, для таго каб гуляць на рынку акцый, трэба мець не проста нюх на ўдачлівыя кампаніі, але і жалезную вытрымку. А галоўнае, трэба мець свабодныя грошы, якія, калі што, не балюча будзе і страціць.

Хто аказваецца ў выйгрышы, дык гэта банк. Узнагароджанне за свае паслугі банк ацэньвае ў 1 % ад сумы сродкаў пад кіраваннем. У рамках заключанага дагавора давернага кіравання без збірання дадатковай узнагароды банк можа не толькі ўнесці дадатковую суму грашовых сродкаў, але і адклікаць частку грошай (у межах 50 % ад першапачатковай сумы дагавора) і нават скасаваць дагавор, праўда, датэрмінова вярнуўшы грошы ў поўным аб'ёме.

Да таго ж атрыманыя ў ходзе давернага кіравання даходы падлягаюць падаткаабкладанню, пры гэтым банк выступае ў якасці падатковага агента.

Не хапае сваіх прапаноў

Цікавасць да акцый глабальных кампаній расце на фоне зніжэння прыбытковасці ўкладаў. Нябедныя кліенты шукаюць альтэрнатыўныя спосабы ўкладання зберажэнняў і нярэдка становяцца саўладальнікамі замежных кампаній. Механізм рэалізаваны праз давернае кіраванне: банк ад імя кліента выходзіць на фондавы рынак, купляе акцыі і потым кіруе партфелем.

Яшчэ некалькі гадоў таму назад Мінфін краіны прапаноўваў багатым беларусам дзяржаўныя аблігацыі пад 7 % гадавых. Крыху пазней банкі сталі рэалізоўваць уласныя аблігацыі пад 6,5 % гадавых, потым — пад 5 %, 4 %, 3,5 % гадавых. Зараз такія працэнты ўжо ніхто не дае, самае большае — 2,2 %, або 2,5 % гадавых.

Затое на рынку з'явіліся карпаратыўныя аблігацыі. Іх таксама прадаюць банкі, але вось адказнасці за канчатковы выкуп гэтых каштоўных папер назад у насельніцтва фінансавая ўстанова ўжо не нясе. Ну і што? Гэтая агаворка нашых людзей не спыніла. Толькі Беларусбанк за апошні час прадаў карпаратыўныя аблігацыі пад 6-7,5 % на многія мільёны долараў. Эмітэнтам гэтых каштоўных папер былі такія акцыянерныя таварыствы, як «Контэ-Спа», «Чысты бераг», «Універсам Цэнтральны», «Гандлёвы дом «Няміга-Фаварыт», «Белбізнеслізінг» і многія іншыя. Уладальнікі такіх аблігацый задаволеныя, яны атрымліваюць прыстойны прыбытак у валюце.

Але сёння такіх карпаратыўных аблігацый на дакументарным рынку каштоўных папер ужо няма. Іх выкупілі. Вось і застаецца грамадзянам нашай краіны ісці на фондавы рынак і купляць акцыі замежных кампаній.

Аналітыкі амерыканскага фінансавага холдынга JР Mоrgаn прааналізавалі пяць апошніх глабальных рэцэсій і прыйшлі да высновы, што ў выпадку наступлення чарговага крызісу ў першую чаргу трэба пазбаўляцца ад валют краін, якія развіваюцца.

Спецыялісты JР Mоrgаn раяць набываць японскія іены, швейцарскія франкі, сінгапурскія долары і долары ЗША (хто б сумняваўся. — С. К.). Некалькі дзён таму іншы буйны фінансавы інстытут — Bаnk оf Аmеrіса Соrр. — спрагназаваў магчымае паўтарэнне падзей 1998 года, калі расійскі рубель абясцэніўся ў чатыры разы, а фінансавую сістэму Расіі проста паралізавала.

У чэрвені пра рызыкі новай рэцэсіі пасля 2019 года папярэджваў Сусветны банк. Паводле назіранняў яго аналітыкаў, за апошнія паўстагоддзя глабальныя рэцэсіі адбываюцца практычна кожнае дзесяцігоддзе.

Спалохаліся? Зараз паспрабуем правесці аналіз з нашага боку. Раптам рэцэсія. А грошы нашы ў акцыях замежных кампаній. Як яны там, ці добра ім там?

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».