19 Жнівень, нядзеля

Вы тут

Дзяніс Валынцаў: Польшча стала для мяне добрым трамплінам


Пра лёс і гандбол за 40 хвілін ад беларускай мяжы.

Разыгрываючы Дзяніс Валынцаў пачынаў сваю кар'еру ў родным Гомелі, а ў 19-гадовым узросце атрымаў добрую прапанову ад БГК імя Мяшкова. Правёўшы ў Брэсце два сезоны, гандбаліст вярнуўся ў ГК «Гомель», а летась адправіўся ў Польшчу па свой першы легіянерскі вопыт. У інтэрв'ю Дзяніс расказаў пра жыццё за мяжой, пра тое, чым адрозніваюцца беларусы ад палякаў, і падзяліўся меркаваннем наконт развіцця гульнявых відаў спорту ў нашых суседзяў.


— У 2012 годзе з роднага Гомеля ты вырашыў перабрацца ў Брэст, прапанова ад БГК была прывабная?

— Мая першая прафесійная каманда — «Гомель», гуляў там доўга, але хацелася расці. Прапановы ад БГК паступалі, калі мне было яшчэ гадоў 17, але кантракт з «Гомелем» скончыўся толькі праз два гады, тады я і вырашыў змяніць клуб. Магчыма, трохі паспяшаўся тады, хоць зараз, азіраючыся, задаволены, што паспрабаваў. Да таго ж менавіта ў Брэсце я знайшоў жонку (усміхаецца).

— За два гады, якія ты правёў у БГК, там памяняліся чатыры трэнеры...

— Так, прыйшоў я, калі камандай кіраваў літовец Гінтарас Савукінас, яго змяніў Міглюс Астраўскас, потым былі Уладзімір Саўко і Жэлька Бабіч. Усе трэнеры розныя, з рознымі поглядамі на гандбол, падыходамі да трэніровак, але кожны з іх даў мне нешта сваё. У мой першы год у БГК мы занялі трэцяе месца ў чэмпіянаце, наперадзе былі толькі СКА і мінскае «Дынама», а потым з брэсцкім клубам я стаў чэмпіёнам краіны і ўладальнікам Кубка Беларусі.

— Але праз два гады зноў вярнуўся ў Гомель. Чаму?

— Іншых варыянтаў працягу кар'еры на той момант не было. У «Гомелі» мяне прынялі добра, правёў у родным клубе яшчэ тры гады.

— Але ж у канцы мінулага сезона зноў вырашыў памяняць клубную прапіску.

— Так, шукаў варыянты з'ехаць за мяжу яшчэ ў 2016-м, але тады мне прапанавалі толькі Ісландыю. Туды ехаць пабаяўся — у мяне жонка і маленькае дзіця. Яшчэ на год застаўся ў «Гомелі». А потым мной зацікавіўся клуб з Польшчы. З'ехаў туды і цяпер вельмі задаволены гэтым выбарам, дакладна ў маёй кар'еры гэта крок наперад.

— Раскажы пра свой польскі клуб?

— Зараз я выступаю за АЗС-АВФ, мы гуляем у першай лізе чэмпіянату Польшчы. Летась яны скончылі сезон на 9-м месцы, сёлета мы выканалі задачу і па выніках чэмпіянату сталі другімі. Гэта дало нам права выходзіць у вышэйшую лігу, але фінансавыя цяжкасці не дазволілі клубу выступаць у наступным годзе ў эліце. Каманда месціцца ў горадзе Бяла-Падляска, гэта недалёка ад нашай мяжы, насельніцтва там — каля 65 тысяч, невялічкі горад, але ўтульны, усе адзін аднаго ведаюць.

— Як цябе прынялі ў камандзе?

— Трэнер — беларус Дзмітрый Ціхан, таксама працаваў і гуляў у «Гомелі», ён мяне, уласна кажучы, і паклікаў да сябе. Яшчэ ў камандзе гуляе наш суайчыннік Максім Кручкоў, яны і дапамаглі ўладкавацца ў Бяла-Падлясцы. Клуб выдзеліў трохразовае харчаванне мне і маёй сям'і, кватэру, дзе ўсе камунальныя паслугі аплачваюцца. Калі ты гуляеш, паказваеш вынік, то ўсім, што табе трэба, у Польшчы забяспечаць на найвышэйшым узроўні.

Калі хочаш атрымаць дадатковы заробак, кіраўніцтва клуба можа дапамагчы знайсці дадатковую работу. Не хочаш працаваць, прымушаць ніхто не будзе. Трэнеры не супраць такой ініцыятывы, галоўнае, каб гэта не адбівалася на трэніровачным працэсе і гульні. У нас у камандзе, напрыклад, працуе варатар і яшчэ тры чалавекі паралельна трэніруюць дзяцей.

— Ці не палохала цябе, што клуб гуляе не ў вышэйшай лізе?

— Не, трэба было з чагосьці пачынаць, гэта стала для мяне добрым трамплінам. Калі ехаў у Польшчу, ведаў, што ў клубе ёсць гульцы і па 35—40 гадоў, ёсць і маладыя добрыя хлопцы. Калі параўноўваць з чэмпіянатам нашай краіны, то гэта клуб — узроўню трэцяй каманды, гэта значыць, «Гомеля». А наогул польскі чэмпіянат складаецца з трох ліг — вышэйшая, першая і другая. У кожнай з іх па дзве групы, у адной групе па 14 камандаў, у вышэйшай — 16 дружын. Атрымліваецца, што ў Польшчы за гэты сезон я адыграў больш, чым у Беларусі за два гады. Матчаў было вельмі шмат.

— Бяла-Падляска знаходзіцца за 40 хвілін ад беларуска-польскай мяжы, тым не менш краіна ўжо іншая. Жыццё моцна адрозніваецца ад нашага?

— У Польшчы я не сутыкнуўся з нязвыклымі для сябе рэчамі. Там іншая ежа і мова, усё астатняе, мне здаецца, аднолькавае. Людзі не моцна адрозніваюцца ад нашых. У камандзе маем зносіны на польскай мове, першы час было цяжка, а пасля паўгода мог ужо спакойна размаўляць, калі трэба было нешта спытаць, растлумачыць. Я да іх прыехаў, значыць, сам павінен знаходзіць магчымасць вывучыць мову.

Ёсць невялікая розніца ў прадуктах, напрыклад, у польскіх крамах складана знайсці аўсянку, каб прыгатаваць дзіцяці на сняданак, няма звыклых для нас салатаў з маянэзам, сала, варанай каўбасы, сушанай рыбы. Супы зусім іншыя, больш падобныя на пюрэ. З польскіх страў, якія ўдалося пакаштаваць, спадабаліся журак, флякі і каркуўка — гэта свініна на грылі.

— Што палякі ведаюць пра беларусаў?

— У цэлым яны добра ставяцца да нашай краіны. Ведаюць, што ў нас вельмі любяць бульбу, і шмат жартуюць на гэтую тэму. Заўсёды, калі па дарозе на гульні, спыняемся дзе-небудзь паесці, яны бяруць сабе рыс, макароны, а я бульбу, што выклікае смех. Са знакамітых людзей, канешне, ведаюць беларускага Прэзідэнта і вядомых спартсменаў — Аляксандра Глеба, Дар'ю Домрачаву, Вікторыю Азаранку. Калі казаць пра гандбол, у Польшчы паважаюць нашу зборную, маюць пра яе добрую думку. Што датычыцца чэмпіянату Беларусі, то тут для іх вядомыя толькі СКА і БГК імя Мяшкова. Польскія гульцы не прыязджаюць на наш чэмпіянат, для іх перспектыва — гэта Германія ці Францыя, ды і ў мясцовым першынстве хапае добрых камандаў, дзе можна гуляць у еўракубках.

— Якія віды спорту найбольш папулярныя ў суседзяў?

— Футбол, гандбол, валейбол. Гульнявыя віды спорту ў іх вельмі добра развіты, таму што ў Польшчы шмат дзіцячых спартыўных секцый і досыць трэнераў. Усе настаўнікі атрымліваюць еўрапейскую кваліфікацыю. Адпаведна, у краіне шмат юнацкіх камандаў, адкуль потым прафесійныя клубы могуць браць людзей.

— За беларускім гандболам за мяжой сочыш?

— Гляджу навіны, чытаю нешта ў інтэрнэце, але не паглыбляюся. Па магчымасці глядзеў гульні СКА ў Кубку ЕГФ, БГК у Лізе чэмпіёнаў, але яны часта супадалі з маімі гульнямі, таму паглядзець анлайн не атрымлівалася. З беларускіх камандаў усё ж больш хварэю за «Гомель», шкада, што ў хлопцаў сёлета не атрымалася пазмагацца за «золата» чэмпіянату краіны.

— Як ацэньваеш узровень беларускага гандбола сёння?

— Вельмі шмат маладых гульцоў з'язджаюць за мяжу, таму што наш чэмпіянат больш падыходзіць для зусім маладых гандбалістаў ці людзей, якія ўжо блізкія да завяршэння кар'еры. На мой погляд, трэба павялічваць колькасці камандаў і ўзровень гульцоў, а для гэтага клубам патрэбен добры бюджэт.

— За адборам беларускай зборнай на чэмпіянат свету 2019 года сачыў?

— Так, глядзеў гульні з аўстрыйцамі, але не хочацца нічога казаць з гэтай нагоды, для гэтага ў іх ёсць трэнер.

— Дзе плануеш працягваць кар'еру?

— Пакуль застаюся ў польскім АЗС-АВФ, мной там задаволены, хочуць бачыць у складзе каманды. А калі ўзнікнуць варыянты больш цікавыя, гатовы памяняць клубную прапіску.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Штогод «Беллегпрам» выпускае да навучальнага года сотні мадэляў адзення. 

Грамадства

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Гэтым летам у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў ужо другі фестываль актыўнай ацэнкі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра жніво, Мулявіна і падатковага інспектара.