Вы тут

Перамогі і правалы ў жыцці алімпійскага чэмпіёна Ігара Макарава


Ён да гэтага часу застаецца адзіным беларускім дзюдаістам, якому ўдалося стаць алімпійскім чэмпіёнам, хоць пасля трыумфу Макарава ў Афінах прайшло ўжо 14 гадоў. Пасля Алімпіяды-2004 у яго біяграфіі значацца яшчэ Гульні ў Лондане, аднак на іх падняцца на п'едэстал беларус не змог. Сёння гэтую і іншыя свае няўдачы Ігар Макараў называе ўласнымі памылкамі і кажа, што іх ужо даўно перажыў. У інтэрв'ю «Звяздзе» алімпійскі чэмпіён расказаў, як груз залатога медаля ляжаў на яго плячах яшчэ год пасля Гульняў, чаму яму давялося працаваць на гомельскім заводзе і дзеліцца эмоцыямі, з якімі пакідаў вялікі спорт.


«Я рыхтаваўся да таго, што кар'ера скончыцца»

Ігар Макараў на татамі і сёння. На маё пытанне, чым цяпер жыве алімпійскі чэмпіён, ён адказвае: «Адпачываю». Хоць адпачынкам гэта назваць можна толькі ўмоўна. У Гомелі, дзе Ігар жыве з 8-гадовага ўзросту, мы заспелі яго ў перапынку паміж зборамі, якія завяршыліся ў Латвіі і пачынаюцца ў Балгарыі.

— Сёння вялікую частку часу аддаю сваёй невялікай школе дзюдо, якую адкрыў пасля завяршэння кар'еры. Што мне яшчэ было рабіць? Я ж паўжыцця правёў на татамі і развітвацца з гэтым, лічу, было немэтазгодна. Займацца нейкай іншай справай — душа не ляжыць, — расказвае былы спартсмен.

Школу дзюдо імя Ігара Макарава алімпійскі чэмпіён адкрыў праз паўтара года пасля завяршэння кар'еры.

— Калі эмацыянальна чалавек апустошаны, трэба развітвацца са спортам. Пасля Алімпійскіх гульняў 2012 года я яшчэ трохі бадаўся, а потым канчаткова накрыў крызіс. Вядома, сыходзіць было страшна, таму што жыццё наладжана, а тут трэба ісці ў невядомасць, але ж мы людзі загартаваныя, прайшлі не адну вайну (усміхаецца).

Макараў прызнаецца, што ў гэтыя паўтара года ён зведаў непрыемныя хвіліны пошуку, але варыянты работы па-за спортам нават не разглядаў.

— Ісці штосьці прадаваць? Гэта не мой склад розуму, навошта выбіраць працу, якая табе загадзя не цікавая. Будаваць? Таксама не тое. З'язджаць з Гомеля не хацелася, я прыкіпеў да гэтага горада, з бацькамі з Расіі пераехаў сюды ў гадоў 8-9, але, калі вы спытаеце, ці беларус я, скажу, не. Я — гамяльчанін, гэта трошкі іншае.

Рыхтаваўся да таго, што кар'ера спартсмена скончыцца, але ўсё роўна гэта быў шок. Ніякіх мастоў я сабе не навёў, можа быць, дзесьці не дадумаўся сваім розумам, дзе сябе рэалізаваць, і ніхто не падказаў. Цяпер маёй школе ўжо тры гады, самае цяжкае на стадыі яе стварэння было знайсці залу, на гэта ў мяне сышоў год.

«Калі не я, то хто?»

У большасці выпадкаў тытулаваныя спартсмены, якія працягваюць кар'еру ў ролі трэнераў, аддаюць перавагу таму, каб працаваць з дарослымі, у Макарава гэтая пазіцыя прынцыпова іншая.

— Заўсёды прасцей узяць гатовых спартсменаў, а вось рабоце з дзецьмі, самай складанай, якая патрабуе масу сіл і цярпення, удзяляецца мала ўвагі, таму я пасядзеў, падумаў і вырашыў — калі не я, то хто? Сёння трэніроўкі з дзецьмі праводжу сам на пару з трэнерам, які мне дапамагае. Але, наогул, я скажу, што спартсмен — гэта ж не трэнер, перад тым, як ісці ў вялікае плаванне, усё роўна трэба набрацца вопыту, трэба пачаць з нізоў, зразумець, як адбываецца трэніровачны працэс, выпрацаваць методыку, адпрацаваць уклад свайго клуба. Таму зараз я толькі на пачатковым узроўні трэнерскага рамяства, — дзеліцца Ігар.

У групах алімпійскага чэмпіёна займаюцца дзеці пачынаючы з 4-гадовага ўзросту, уменне знаходзіць агульную мову да кожнага з іх прыходзіла з вопытам, а адносіны фарміраваліся ў працэсе трэніровак.

— Часам чалавек аказваецца ў такіх рамках, што думкі тыпу «падабаецца», «не падабаецца» сыходзяць на другі план. Ёсць работа, якую трэба рабіць, вось і ўсё. Першы час было наогул вельмі цяжка, таму што я нават не ведаў, з чаго пачынаць. Праграмы былі, а вось само стаўленне, як сябе паводзіць на трэніроўцы, што можна рабіць, чаго нельга... Трэба было выпрацаваць лінію паводзін, гэта прыходзіць толькі з вопытам. Наогул, самае складанае ў рабоце з дзецьмі — гэта цярпенне. Я працую з такім узростам, дзе трэба не толькі расказваць і паказваць, але браць і сваімі рукамі перасоўваць іх рукі і ногі.

Ігар Макараў не бярэцца прагназаваць, ці стане хтосьці з яго выхаванцаў тытулаваным спартсменам, перад сабой ён ставіць іншыя мэты.

— Скажу са свайго досведу: калі дзіцяці дадзена, у яго ёсць каардынацыя, рухавасць, увага, то ў далейшым ён будзе гультаём. Цяпер у мяне ёсць некалькі такіх дзяцей, у жыцці будзе момант, калі іх трэба будзе пераламаць, каб гультаі сталі працавікамі. А ёсць дзеці, якім не дадзена абсалютна, але ён упарты, як баран, і таму шмат чаго можа дасягнуць у жыцці. Я не пераследую мэту выхаваць барцоў, чэмпіёнаў, пры цяперашняй нашай сітуацыі ў свеце важна, каб дзіця вырасла чалавекам з вялікай літары. Спорт дапамагае выхоўваць унутраныя і вонкавыя якасці, — расказвае Макараў.

— У цэлым мне б хацелася змяніць методыку выкладання дзюдо, каб людзі пад іншым ракурсам паглядзелі на мой від спорту. Бо гэта не проста заломванні саперніка або яго кіданне. Дзюдо нашмат глыбей, там ёсць пэўная філасофія, якую трэба ўкараняць у розумы дзяцей.

На цяперашні момант у школе вядомага дзюдаіста займаецца каля 160 хлопчыкаў, ахапіць большую колькасць Ігар Макараў пакуль не можа фізічна і эмацыянальна.

«Спорт не разглядаў як справу свайго жыцця»

Як ні дзіўна, адукацыя ў алімпійскага чэмпіёна не фізкультурная. Ужо будучы пераможцам маладзёжнага чэмпіянату Еўропы, ён абраў для сябе політэхнічны інстытут, вучыўся на факультэце машынабудавання, а па яго заканчэнні атрымаў дыплом інжынера.

— Чалавек павінен заўсёды самаадукавацца. Акрамя машфака я скончыў магістратуру па педагогіцы. На гэты момант працую яшчэ і выкладчыкам у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. Сам вучыўся з першага да апошняга курса, ніякіх паблажак для мяне не было. Пасля школы пайшоў атрымліваць прафесію, таму што спорт не разглядаў як справу свайго жыцця і спосаб зарабляць грошы. У школе вучыўся ў фізмаце, заўсёды думаў, што буду інжынерам.

Пасля інстытута Макараву нават удалося папрацаваць на гомельскім заводзе «Сейсматэхніка». Перад хлопцам там адкрываліся вялікія перспектывы, раней бацька Макарава быў на прадпрыемстве генеральным дырэктарам.

— Але зноў жа ніякіх паблажак у мяне не было, працаваў, як і ўсе пасля ВНУ. Я рос у даволі жорсткай сям'і, з маленькага ўзросту ўкладвалася ў мазгі, што, калі ты хочаш быць кіраўніком, трэба прайсці ад нізу да верху, каб разумець увесь працэс вытворчасці.

А зразумець, што спорт — гэта сур'ёзна і можа стаць яго прафесіяй, Ігару дапамагла армія. Аддаваць доўг радзіме ён пайшоў у спартроту, служыць там было нашмат прасцей, дзякуючы трэніроўкам і зборам у часці Макараў практычна не знаходзіўся.

— Можна сказаць, што менавіта з гэтага моманту пачаў успрымаць дзюдо сур'ёзна.

«Вочкі заплюшчыў — і ты ўжо на лапатках»

На сваю першую Алімпіяду ў Афіны ў 2004 годзе беларускі спартсмен паехаў у рангу пераможцы маладзёжнага чэмпіянату Еўропы, бронзавага прызёра ўніверсіяды, чэмпіянату Еўропы і свету.

— На той момант быў адзін японец,  якога мне трэба было перамагчы. Я выразна разумеў: калі выйграю ў гэтага дзюдаіста, то потым магу выйграць у любога. А атрымалася ўсё зусім не так. Японец да мяне нават не дайшоў, мабыць, зоркі яго не сышліся, але гэта мне жыццё на Алімпіядзе не палегчыла, спорт — такая непрадказальная справа, расслабляцца нельга. Сёння я кажу гэта сваім вучням: вочкі заплюшчыў — і ты ўжо на лапатках.

Сапернікам Макарава ў першай сутычцы алімпійскага турніру па іроніі лёсу стаў Асхат Жыткееў з Казахстана, гэта сябар Ігара. Пасля перамогі беларус скажа, што гэта быў самы цяжкі паядынак на Алімпіядзе-2004. У наступнай сутычцы Макараў перамог фінскага дзюдаіста Ціма Пелтала, потым грузіна Іверы Джыкураулі, у паўфінале адолеў галандца Элка ван дэр Гееста. «Залаты» паядынак Ігар Макараў выйграў у карэйца Яна Сун Хо і такім чынам здзейсніў мару, пра якую думаў 17 гадоў — атрымаў залаты медаль на радзіме Алімпійскіх гульняў.

— Жыццё змянілася, стала прасцей. Але раніцай пасля перамогі ты адчуваеш такое спусташэнне... Любы спартыўны буйны старт цягне за сабой напружанне не толькі фізічных сіл, але і маральных, якіх траціш значна больш, чым фізічных, і яны нашмат цяжэй папаўняюцца. Таму, калі прачынаўся раніцай, мне не хацелася нічога. Адчуваў вялікую збянтэжанасць і няўпэўненасць у заўтрашнім дні.

У такім стане спартсмен знаходзіўся яшчэ год і нават цяпер не можа назваць гэты алімпійскі медаль галоўнай узнагародай у сваёй спартыўнай кар'еры.

— Я не схільны капацца ў мінулым, ужо перайшоў на іншы ўзровень, разбірацца трэба ў цяперашніх справах, каб не затрымацца на тым месцы і не быць чалавекам аднаго дня.

«Афіны памятаю не так добра, як Лондан»

Цяпер званне алімпійскага чэмпіёна не часта нагадвае пра сябе. Народ у родным горадзе пазнае Макарава, але хваля вядомасці ўжо даўно схлынула. Пасля той перамогі на Гульнях-2004 у планах спартсмена не было завяршаць кар'еру, таму ён паспрабаваў адабрацца на наступную Алімпіяду ў Пекін, але гэта алімпійскаму чэмпіёну не ўдалося.

— Быў вельмі моцна засмучаны. Гэта мая віна, у 2008 годзе адчуваў вялікія праблемы з вагой. Пасля Пекіна я многае пераасэнсаваў, жыццё пайшло крыху па-іншаму. Адсеялася шмат людзей з майго акружэння. Пасля таго, калі ты быў на кані, не хочацца станавіцца пасрэдным спартсменам, таму з'явілася больш амбіцый, жаданне паспрабаваць яшчэ раз дасягнуць той вяршыні, на якой ужо пабываў. Кожнае падзенне ў жыцці цягне пераасэнсаванне, кожная няўдача гэта таксама велізарны досвед.

Праз восем гадоў пасля трыумфальных Афін Макараў трапіў на другія ў сваёй кар'еры Алімпійскія гульні, здавалася, што ў Лондане паўтор поспеху ці хоць бы проста алімпійскі п'едэстал быў так блізка. Але памылка ў чвэрцьфінале з карэйцам Кім Сан Мінам пазбавіла Ігара фіналу, а асечка ў сутычцы за трэцяе месца з немцам Андрэасам Цёльцерам пакінула без алімпійскага медаля.

— Афіны памятаю не так добра, як Лондан. Вядома, я застаўся незадаволены пятым месцам. Гэта зноў жа мая віна, хоць сябе я ўжо даўно не вінавачу, усё гэта ўжо прайшло.

Яшчэ год пасля Лондана-2012 Макараў спрабаваў змагацца, але зразумеў, што час сыходзіць ужо прыйшоў.

— Думаю, што ў маёй кар'еры спартсмена склалася ўсё вельмі нядрэнна. А самым складаным момантам усё ж такі быў час станаўлення, калі выхоўваліся якасці, неабходныя для таго, каб перамагаць, і не толькі ў спорце.

На пытанне аб тым, ці варты прафесійны спорт таго, каб на працягу доўгіх гадоў марнаваць на яго столькі здароўя, эмацыянальных і фізічных сіл, Ігар адказвае ўпэўнена і адназначна.

— Безумоўна, варты. Жыць трэба ярка. Доўга ці не, багата або бедна, але ярка, так, каб цябе запомнілі, не разумею, для чаго хадзіць у шэрай масе, гэта не так прыемна. Сёння я мару пра новую залу, а маёй самарэалізацыяй у плане трэнера будзе калі выхаванцы школы дзюдо Макарава стануць добрымі людзьмі. Вядома, ёсць трэнерскія амбіцыі, але калі праз 20 гадоў вучні ўспомняць добрым словам, гэта будзе для мяне самае лепшае, што можна ўявіць.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».