Вы тут

Урокі жыцця Мікалая Дземянцея


У Мінску развіталіся з палітыкам і дзяржаўным дзеячам, старшынёй Вярхоўнага Савета БССР у 1990—1991 гадах Мікалаем Дземянцеем. Мікалай Іванавіч пайшоў з жыцця 10 ліпеня, яму было 88 гадоў. Ён прайшоў шлях ад агранома МТС у Полацкім раёне да cтаршыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР і намесніка старшыні Вярхоўнага Савета СССР.


Быць першай асобай Беларусі яму выпала ў няпросты час — у пачатку 90-х. Менавіта пад яго кіраўніцтвам Вярхоўны Савет рэспублікі ў 1990-м прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. Пасля жнівеньскага путчу ў 1991-м ён, падтрымаўшы Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы, застаўся верны сваім перакананням і сышоў у адстаўку, саступіўшы крэсла свайму намесніку Станіславу Шушкевічу. Многія яго паплечнікі і людзі, якія асабіста ведалі Дземянцея, успамінаюць Мікалая іванавіча як выключна прыстойнага і сумленнага чалавека з добразычлівым і мяккім характарам. Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, ён напісаў кнігу ўспамінаў «Урокі жыцця». Мы пагарталі яе і прыгадалі значныя для нашай краіны падзеі, сведкам і ўдзельнікам якіх быў аўтар.

Аб родных мясцінах

Мікалай Дземянцей нарадзіўся ў маі 1930 года на Віцебшчыне, у Чашніцкім раёне. «Жылі мае бацькі ў пасёлку Рэчкі калгаса «Свабода» Вяцерскага сельсавета Чашніцкага раёна. Пасёлак быў пабудаваны на беразе ракі Свячанка ў 1922 годзе». Пасля бацькі пераехалі ў суседнюю вёску. Дзяцінства хлопчыка было апалена вайной. Ён скончыў тэхнікум і працаваў затым у розных раёнах, але родныя мясціны і Віцебшчыну ўспамінаў заўсёды.

«Самыя светлыя ўспаміны пра мясціны, дзе прайшло маё дзяцінства, захаваў і да гэтай пары. Калі мне становіцца цяжка, парушаецца сон і адпачынак, я ў думках пераношуся на прасторы, дзе нарадзіўся і рос, і атрымліваю дзіўную палёгку». Адметна, што ў заключным слове ў Авальнай зале, пасля галасавання за яго адстаўку, Мікалай Дземянцей, развітваючыся, падзякаваў жыхарам роднай Віцебшчыны, падтрымку якіх ён адчуваў заўсёды.

Аб першых асобах БССР і СССР

Мікалай Дземянцей працаваў поплеч з першымі асобамі БССР Пятром Машэравым, Ціханам Кісялёвым і Мікалаем Слюньковым. У кожнага з іх быў свой стыль кіраўніцтва.

Забаўны эпізод апісвае аўтар успамінаў з тады яшчэ сакратаром ЦК КПСС Міхаілам Гарбачовым. «Прыехаўшы напярэдадні правядзення семінару ў Мінск, Міхаіл Сяргеевіч выказаў жаданне дзе-небудзь папаляваць. Яго адвезлі ў Белавежскую пушчу, экіпіравалі, выдалі карабін з аптычным прыцэлам. Магчыма, перад паляваннем яго няправільна праінструктавалі, як абыходзіцца са зброяй, магчыма, ён няправільна прыставіў яе да пляча, але факт застаецца фактам: пры аддачы карабіна пасля стрэлу акуляр прыцэла моцна ўдарыў Міхаіла Сяргеевіча пад вока, на твары ўтварыўся вялізны ліловы сіняк.

Як кажуць, рана не смяротная, калі б не адна акалічнасць. На наступны дзень Міхаіл Сяргеевіч мусіў выступаць у саліднай аўдыторыі, больш за тое, ставіць задачы міністрам. Карацей, прыйшлося звяртацца да касметолагаў, якія наклалі на рану крэмавую маску. Здаецца, большая частка ўдзельнікаў семінара так і не заўважылі злашчасны сіняк. Праўда, твар Міхаіла Сяргеевіча ў той дзень быў нейкі не па сезоне загарэлы».

Аб чарнобыльскай катастрофе

Апісвае Мікалай Дземянцей (на той час сакратар ЦК Кампартыі Беларусі, які курыраваў аграпрамысловы комплекс) і падзеі вясны 1986 года. «У тую вясну мне прыходзілася практычна штодзень выязджаць у камандзіроўкі, каб не дапусціць збояў пасяўнога канвеера. Нічога не ведаючы пра тое, што здарылася ў гэту ноч на Чарнобыльскай атамнай станцыі, мы за дзень праехалі Магілёўскую вобласць з усходу на захад. На шляху не раз спыняліся, выходзілі з машыны, глядзелі ўсходы, размаўлялі з сялянамі, не заўважаючы, што на ўсіх нас ужо садзіцца нябачны смяротна небяспечны пыл...

Позна ўвечары 26 красавіка ў рэспубліцы пачаліся нейкія незразумелыя перабоі з падачай электраэнергіі, хоць па іх наўрад ці магчыма было меркаваць, што ў краіне здарылася штосьці незвычайнае. Назаўтра, у нядзелю, усё таксама было спакойна. Многія гараджане, і я ў тым ліку, выехалі на дачныя ўчасткі... У панядзелак раніцай у кабінет да М. Слюнькова зайшоў адзін з вядучых спецыялістаў рэспублікі ў галіне ядзерных даследаванняў (цяпер акадэмік) Васіль Несцярэнка і паведаміў, што прыборы, якія маюцца ў атамшчыкаў, зафіксавалі над тэрыторыяй Беларусі, у тым ліку і над Мінскам, павышаны радыяцыйны фон. М. Слюнькоў тут жа патэлефанаваў першаму сакратару кампартыі Украіны У. В. Шчарбіцкаму.

— Уладзімір Васільевіч, у цябе ўсё спакойна? — пацікавіўся ў суседа.

— Які ўжо тут спакой, Мікалай Мікітавіч, на Чарнобылі аварыя. Цяпер Слюнькову ўсё стала зразумела: і нечаканыя адключэнні электраэнергіі, і павышаны радыяцыйны фон. Незразумелым заставалася маўчанне Масквы... Праз нейкі час стане вядома, што прычынай затрымкі інфармацыі аб трагедыі стала адсутнасць адзінства ў Палітбюро ЦК КПСС у тым, як паведаміць гэту вестку свайму народу і сусветнай супольнасці. Два дні ў кіраўніцтве краіны не маглі выпрацаваць дакладную пазіцыю па гэтым пытанні. Толькі пасля таго, як міністр замежных спраў Грамыка сказаў, што на стале прэзідэнта ЗША ўжо двое сутак ляжаць зробленыя са спадарожніка здымкі пашкоджанага рэактара, было прынята рашэнне аб перадачы па каналах ТАСС кароткага паведамлення.

Наступны дзень Слюнькоў правёў у меркаванай зоне забруджання, наведаўшы Брагінскі і Хойніцкі раёны. Пасля святочнага шэсця ў сталіцы першы сакратар ЦК КПБ зноў паляцеў на Гомельшчыну і праінфармаваў старшыню Савета Міністраў СССР Мікалая Рыжкова, што кіраўніцтва рэспублікі мае намер пачаць эвакуацыю насельніцтва. Рыжкоў не пярэчыў. Ужо потым, пасля ад'езду Мікалая Слюнькова ў Маскву, з'явіцца нямала домыслаў, быццам бы першы сакратар ЦК КПБ у першыя дні адседжваўся ў кабінеце, бяздзейнічаў, кінуў людзей на волю лёсу. Па яго працоўным графіку можна прасачыць, наколькі насычанымі былі тыя дні...

Заадно хачу развеяць і яшчэ адзін міф, што існуе і цяпер, аб быццам бы меўшым месца расстрэле радыёактыўнага воблака, якое рухалася на Маскву і Ленінград, а па іншых крыніцах, на краіны Захаду, над тэрыторыяй Беларусі. У першыя дні трагедыі і пасля я неаднойчы заводзіў гэту гутарку з вышэйшым кіраўніцтвам Саюза, размаўляў з вучонымі, ваеннымі. Ніхто з іх не пацвердзіў гэты факт. Не знайшоў пацвярджэння і ў партыйных, дзяржаўных дакументах таго часу. У тыя першыя гадзіны ўсім даводзілася думаць аб тушэнні рэактара, а не аб рассейванні радыеактыўнага воблака».

Аб дзяржаўным суверэнітэце

Гістарычны для нашай краіны дакумент — Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце — быў прыняты 27 ліпеня 1990 года народнымі дэпутатамі Вярхоўнага Савета БССР ХІІ склікання. «Самыя вострыя спрэчкі ў Авальнай зале, як я і меркаваў, выклікаў 11-ы артыкул, які датычыўся захавання членства нашай рэспублікі ў Саюзе ССР». Калі артыкул быў пастаўлены на галасаванне, група дэпутатаў на чале з Зянонам Пазняком і Станіславам Шушкевічам, якія былі супраць СССР, пакінула залу з воклічамі «Ганьба!», але сарваць прыняцце дэкларацыі ім не ўдалося.

Аб камандзіроўцы ў Вільнюс

У першай палове студзеня 1991 года будынак радыё і тэлебачання ў Вільнюсе захапілі сілы, якія выступалі за аддзяленне літоўскай рэспублікі ад СССР. У складзе дэлегацыі, якая павінна была разрадзіць напружаную палітычную абстаноўку, у Вільнюс паехаў і Мікалай Дземянцей. «Перад будынкам Вярхоўнага Савета рэспублікі нас сустрэў шматлюдны ўзбуджаны натоўп. У цэнтры плошчы гарэў касцёр, уваход у будынак загароджвалі цяжкія бетонныя блокі і пліты». Зняць пагрозу ўзброенага канфлікту тады ўдалося. Праўда, праз два месяцы Вярхоўны Савет Літвы прыняў рашэнне аб выхадзе са складу СССР.

Аб падзеях 19—21 жніўня 1991 года

Аб тым, што ў краіне арганізаваны Дзяржаўны камітэт па надзвычайным становішчы (больш звыклая абрэвіятура — ГКЧП (ДКНС)), Мікалай Дземянцей даведаўся па радыё. «Хутка сабраўшыся, я прыехаў на работу. Толькі пераступіў парог кабінета, як пачаліся званкі. Патэлефанаваў старшыня КДБ СССР Уладзімір Кручкоў (член ДКНС. — Аўт.). Яго цікавіла сітуацыя ў Беларусі. Я адказаў, што ніякіх праблем няма, і яны, хутчэй за ўсё, не ўзнікнуць.» Але так званы путч скончыўся бясслаўна: вынікаў ён не прынёс, а яго арганізатары былі адпраўлены ў турму. «Сёння можна казаць, што дзеянні ДКНС не мелі карыслівых інтарэсаў. Гэтымі дзеяннямі кіравала разуменне таго, што з перабудовай не ўсё ў парадку», — робіць выснову Мікалай Дземянцей. Ён падтрымаў ДКСН, а ўжо на наступны дзень пасля заканчэння путчу, 22 жніўня, вымушаны быў пайсці ў адстаўку. Пасля ў інтэрв'ю ён прызнаваўся, што калі б застаўся ва ўладзе, Белавежскіх пагадненняў не падпісаў бы.

Алена КРАВЕЦ

Каментары

Ён не падпiсаў бы Белавежскbя пагадненнb, кажа ён. А гэта сведчыць аб тым, што ён варожа ставiўся як да сувярэннасцi, так i да незалежнасцi Беларусi.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».