Вы тут

«Дзяўчаты, — кажа двортэр'ер: Ды майце ж вы сумленне!»


Гэта як «Ойча наш»: любоў — не прадаецца. Адзіны спосаб — купіць сабаку.

Мужчына — было наважыўся, прыйшоў на базар. «Прадаеш?» — спытаў гандляра. — «Прадаю», — адказвае той. — «А ён разумны?» — «Яшчэ і які!» — «І здаровы?» —  «Як конь...» — «А ці верны?» — «Ды сёмы раз прадаю...»

У тэму і другі дыялог. сынок просіць: «Мама, купі сабаку». — «Не!», — абрывае тая. «Ну, калі ласка, мама, купі...», — умольвае хлопчык. — «Я сказала не, значыць, не! — адмаўляе матуля, — прадай каму-небудзь іншаму».


Здымак (верхні), кажаце, зусім не пра гэта?

Колькі людзей столькі меркаванняў, конкурс на найлепшы подпіс да здымка для таго і задуманы, каб выслухаць калі не ўсе, то хоць бы асноўныя. Ну вось, напрыклад:

Ў гэтай крамцы, як здаецца,

І сабака прадаецца!

Бо цяпер жа ўсё часцей

Іх купляюць для дзяцей...

А яшчэ — замест дзяцей,

Бо з сабакамі прасцей.

Пішуць так — не пра сябе, дзякуй богу, сужэнцы Астроўскія з Мінска.

І не толькі яны: той жа дэмаграфічнай праблеме прысвяціў свае радкі спадар Віктар Сабалеўскі з Узды:

Каля крамы — шмат рэкламы,

Ёсць і цюцька-зазывала...

Абыходзяць яго мамы:

Шмат адзення, дзетак — мала.

Гэта, згадзіцеся, кідаецца ў вочы, асабліва — людзям старэйшым. «У васьмідзясятыя гады мінулага стагоддзя, — успамінае, у прыватнасці, спадар Мікалай Старых з Гомеля, — я жыў у маласямейным доме. Там было 172 аднапакаёвыя кватэры і ў кожнай — па адным, а то і па двое дзяцей. Яны былі, вядома ж, рознага ўзросту, але ў пагодныя дні амаль усе высыпалі ў двор. І тады ён нагадваў сапраўдны птушыны базар! Бацькі прыглядалі — за сваімі і суседскімі, а дзеці бегалі, пішчалі, крычалі, смяяліся, часам плакалі... Прыкладна такая ж карціна назіралася ў іншых дварах. Насельніцтва Беларусі (тады БССР) значна перасягала дзесяць мільёнаў, цяпер, на вялікі жаль, значна не дасягае.

Гэта — калі прозай... Ёсць у спадара Мікалая і вершаваныя радкі:

Калісьці быў дзіцячы бум:

Ля крам стаялі чэргі, шум...

Цяпер такога не чутно,

Бо адзяваць няма каго...

Штодня сумуюць небаракі —

І прадавачкі, і сабакі.

(У кадры — адзін, іншыя, трэба разумець, за кадрам?)

А сумуюць — таму што менш дзяцей?

Гэта, будзем лічыць, па-першае. Па-другое, лагічнае пытанне: вы любіце хадзіць па крамах ці ў вас таксама: калі грошы ёсць — нічога не хочацца, калі іх няма...

Настраёвае ад спадара Сабалеўскага:

Прамільгнуць нябачным ценем

За вясною лета, восень...

Прадавалася адзенне,

А цяпер — ніхто не просіць.

Зарастаюць сукні пылам,

Павуцінне наступае...

І Кардэн-Дзіёр нямілы,

Калі грошыкаў не маеш...

Сацыёлагі неяк, дарэчы, апытанне праводзілі — на тэму, што вы робіце, калі яны — грошыкі — з'яўляюцца? Большасць рэспандэнтаў, што называецца, пачухала патыліцу: «Ды так адразу і не ўспомню...»

Што ж — пачаць жыццё з нуля — справа нялёгкая, аднак, кажуць, нашмат цяжэй — выйсці з мінуса. Для гэтага, ну вядома ж, можна звярнуцца ў банкі. І яны — хутчэй за ўсё — не адмовяць: дадуць грошай столькі, колькі кліент захоча — каб узяць з яго потым столькі, колькі захочуць самі...

Ёсць яшчэ адзін спосаб, як той казаў, на капейку ўзбіцца — зрабіць так, каб грошай куры не клявалі: для пачатку — завесці курэй, то-бок, адкрыць сваю справу, што, дарэчы, і ўбачыў на здымку спадар Сабалеўскі:

Было страшным сутарэнне:

Жах зірнуць...

Не прадыхнуць...

Зараз моднае адзенне

Тут для дзетак прадаюць!

Трэба разумець, «уклаўся» чалавек, арганізаваў бізнес — паводле сужэнцаў Астроўскіх, нават па-сучаснаму:

Прачытаў прыватнік недзе,

Што каты-сабакі ў трэндзе,

Таму іх цяпер таксама

Адзявае гэта крама.

І сапраўды, гэта ж некалі (мае рацыю спадарыня Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў)

Зайздросціў цюцьку чалавек:

Адзін касцюмчык на ўвесь век...

А сёння асобнаму сабачаму «гардэробчыку», нават штодзённаму, любая модніца пазайздросціць! Што ўжо казаць пра святочны...

Адзінае — не самі сабакі яго спраўляюць: гаспадары ды гаспадыні клапоцяцца.

Пра адну з іх, ад імя гадаванца (гэта ён, як трэба разумець, на здымку... Можна яшчэ раз глянуць на верхні) — піша спадарыня Іна Алісевіч з Уздзеншчыны:

Звар'яцела гаспадыня,

Трызніць: выстаўка, фурор...

Ногі збіла ў магазінах,

Мне шукаючы ўбор.

Ёсць такія жанчыны, няшмат, але ж ёсць. Астатнія шукаюць уборы для дзяцей, для бацькоў, мужоў... Асобным радком — для сябе любімых. І, вядома ж, пішуць аб гэтым: мы прачытаем, але трохі пазней. Пакуль жа (з падачы спадара Сабалеўскага) — пра тое, як у сённяшніх умовах трэба арганізоўваць бізнес:

Гандляры ўсе ягамосці

Няхай Бобіку зайздросцяць:

Ён да вечара гандлюе,

Потым «фірму» сам вартуе.

Ён тут грузчык, ён жа дворнік,

І дырэктар, і каморнік,

Бухгалтэрыю вядзе...

Вось бы гэтак у людзей!

Будзе, магчыма... А пакуль што крамы, як выглядае, не вельмі спяшаюцца скарачаць выдаткі (на грузчыкаў, ахову, прадаўцоў, прыбіральшчыц...), яны, як могуць, завабліваюць пакупнікоў. І тут ужо «ўсе сродкі добрыя»: акцыі, латарэі, зніжкі, распродажы...

Расказвалі, адна жанчынка стала дома боршч варыць. У апошні момант згледзела, што бурачка няма. Трэба, значыць, у краму збегаць, на хвілінку — балазе гэта побач...

Але ж там па істотных зніжках прадаваліся сыр, бананы і зялёны гарошак, на акцыі — яйкі, грэчка і цукар, на распродажы — пральныя парашкі, у тым ліку — новы адзін: яго іншыя жанчыны вельмі хвалілі, дык трэба ж паспрабаваць?

Карацей, гаспадыня ўсяго сабе накупіла. Шчаслівая ад таго, што з выгадай, — вярнулася дамоў і толькі тут зразумела, што бурачка на боршч у яе па-ранейшаму няма.

(Гэта мы да таго, што жанчыны часам і сапраўды трацяць грошы з розумам: у выніку — ні грошай, ні розуму... А цюцька на здымку, паводле спадара Івана Сіманёнка з Паставаў, — гэта ахвяра, «жывое ўвасабленне мужчын і мужоў», якім...

Зрэшты, навошта проза, калі ёсць дыялог у вершах:

— Пачакай ля той вітрыны, —

Жонка загадала, —

Я скуплюся за хвіліны...

І... Паўдня прапала!

Знерваваўся — больш не быць

«Рыцарам у смокінгу»:

Воўкам хочацца завыць

Ад такога шопінгу!

Ён, гэты шопінг — жаночы, у прыватнасці, паход па крамах — мае нямала правілаў. Адно з найпершых — сем разоў прымерай, і муж пагодзіцца на ўсё! Калі ён, вядома ж ёсць... Ці будзе, бо, паводле спадарыні Любові Чыгрынавай з Мінска:

Вар'яцела змалку Верка:

Крамы, буцікі, прымеркі.

Усяго ўжо навалам,

А дурніцы — мала й мала...

Дзе ж знайсці ёй потым мужа,

Каб запрос такі адужаў?

То-бок, калі прозай казаць, каб ён, як той банкамат, ніколі не пытаўся, ні чаму ты шмат грошай здымаеш, ні на якую бязглуздзіцу патраціш... (Дыялог у абутковай краме. Жонка: «Любы, глянь, якія лодачкі!» Муж, глянуўшы на кошт: «Я за такія грошы дзве маторкі куплю!»)

Яму, значыць, памарыць можна, а вось жанчынам...

Ім, на гэтым здымку нябачным (бо яны, відавочна, у краму зайшлі), лепей казаць «дзяўчаты» (асабліва — калі звяртаешся). Гэта, на думку спадарыні Наталлі Шкут з вёскі Прудок Светлагорскага раёна, нават сабака ведае («жывое ўвасабленне мужа»). І, як ні дзіўна, робіць:

«Дзяўчаты, — кажа двортэр'ер, —

Ды майце ж вы сумленне:

Аж трыіксэлькі ваш памер!

Ці ж тут шукаць адзенне?!

Грэх не прыслухацца да гэтай парады: з габарытамі на 56-ы памер (ХХХL) і сапраўды лепш падацца ў нейкую іншую краму, альбо...

Геаграфія паставак —

Хоць ты рот не закрывай:

І Хмяльніцкі, і Варшава,

Вільнюс, Турцыя, Кітай.

Самы лепшы ў Еўропе

На базарах нашых шопінг!

Сцвярджае так спадар Сабалеўскі. І да гэтага застаецца толькі дадаць, што з падборам рэчаў там куды прасцей: тры «памерчыкі», так бы мовіць: «на вас», «не на вас» і трэба прымераць...

Вось на гэтым можна было б і завяршыць чарговы агляд конкурснай пошты, але ж засталіся ў ёй два, як мінімум, вартыя ўвагі подпісы. Першы прадыктавала яўная шкадоба:

Стары, відаць, ужо сабака...

І ўсё паблытаў, небарака:

Вось тут — дзіцячыя памеры,

А для яго — паблізу дзверы.

Такім чынам спадарыня Гудачкова паведамляе (раптам нехта не ведаў?), што ў гарадах цяпер — безліч крам для братоў нашых меншых: з прысмакамі, з адзеннем, абуткам, шампунямі, рознымі аксесуарамі... Што ж — ёсць попыт, значыць, ёсць прапанова.

Ёсць (на сабачым твары напісана — прачытала спадарыня Чыгрынава) і яшчэ адзін, рамантычны:

Мроіцца Рэксу вольная воля,

У засені дрэў

халадок і цянёк...

Толькі прывычку ўжо не адолець

І не адважыцца больш на ўцёк.

Бо рызыкоўна. Ды і гады... Хіба...

Начальнік адной турмы да юбілею рыхтаваўся. Сказаў зняволеным: «25 гадоў, як я тут служу. Гэта ж варта адзначыць! Якія будуць прапановы?» Голас з натоўпу: «Можа, дзень адчыненых дзвярэй устроіць?»...

А зрэшты, на сёння хопіць, бо трэба ж падвесці вынікі: нагадаць чытачам, што на мінулым конкурсным здымку (гл. нумар «Звязды» за 17 мая) былі тры хлопцы, якія ўважліва ўглядаліся ў дошку гонару). Пра тое, што яны там убачылі, найлепшыя радкі (паводле меркаванняў вялікага чытацкага журы) напісалі спадарыні Валянціна Гудачкова з Жыткавічаў, Ніна Бурко з Бярэзіншчыны, Любоў Чыгрынава з Мінска, сужэнцы і зноў жа мінчане Ніна ды Іван Астроўскія, спадары Іван Сіманёнак з Паставаў, Мікалай Старых з Гомеля і Віктар Сабалеўскі з Узды...

Вось з гэтым, апошнім меркаваннем, пагадзілася і журы маленькае — рэдакцыйнае. Таму прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам «Звязду» на чацвёрты квартал бягучага года накіроўваецца ва Узду, чалавеку, які ля дошкі гонару пачуў досыць нечаканае:

— На заводзе наш дырэктар

Зараз вельмі рэдкі госць.

Паглядзім хоць на партрэце:

Тут напісана, што ёсць...

Як і перамога!

Вы таксама на яе прэтэндуеце? Тады ўважліва паглядзіце на ніжні здымак, прыдумайце адзін альбо некалькі кароткіх (не больш за восем радкоў) подпісаў і дашліце ў рэдакцыю. Шанц на выйгрыш ёсць у кожнага! Удачы і добрага лета!

Валянціна ДОЎНАР

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Ад іх жа шчырыя прабачэнні тым, чые радкі не прайшлі строгага адбору — гэтым разам, затое наступным... Пішыце!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?