Вы тут

Сёння ў сталіцы распачынаецца фестываль класікі каля Ратушы


Традыцыя прыўносіць у гарадскую прастору прафесійнае музычнае выкананне, больш вядомая ў звязцы з Заходняй Еўропай, на шчасце ўжо дастаткова доўга ўласцівая Беларусі. Не паспелі скончыцца «Джазавыя вечары з банкам БелВЭБ», як Верхні горад гатовы прыняць наступны фестываль — «Класіку ля Ратушы з velcom». Ужо сёння, 14 ліпеня, на першым канцэрце «Любімая класіка — любімаму гораду» будзе багатая праграма — музыка розных эпох ад барока да сучаснасці — у выкананні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам неаспрэчнага мэтра Аляксандра Анісімава.


Фестываль запануе ў Верхнім горадзе на сем суботніх вечароў у нязменным фармаце гарадскога мерапрыемства пад адкрытым небам з вольным наведваннем. Ён аб'яднае класіку і інавацыю: інтэрпрэтацыі, аранжыроўкі, сама прастора зробяць «недаступную» класічную музыку папулярнай. Пры гэтым праграма будзе «трымаць планку» — арганізатары запрашаюць найлепшыя калектывы і шчыльна працуюць са зместам.

Да сталых удзельнікаў фестывалю — Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра, заслужанага калектыву Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, канцэртнага аркестра «Няміга», музычнай капэлы «Санорус» — сёлета далучыцца Прэзідэнцкі аркестр, дарэчы, з прывабным канцэртам «Класіка сустракае рок». Сваю лепту ў музычныя вечары ўнясуць маладыя музыканты — Мінскі маладзёжны камерны аркестр на чале з Кірылам Кідуком ды юныя выканаўцы на духавых інструментах, што возьмуць удзел у выступленні «Нямігі». Перад публікай выступяць і замежныя музыканты, пад якімі маюцца на ўвазе нашы суайчыннікі, што паспяхова працуюць і гастралююць у Еўропе.

Кожны з канцэртаў у нечым стане сюрпрызам, таму што поўную праграму фестывалю арганізатары не раскрываюць і абяцаюць публікаваць падрабязнасці паступова, але Бах, Бетховен, Шапэн, Моцарт, Вердзі, а таксама творы, што рэдка выконваюцца, — гарантаваны. Натуральна ў змест праграмы ўпісваюцца і беларускія аўтары. «Класіка ля Ратушы з velcom», якая адказвае на запыты сучаснай масавай публікі, — гэта, апроч канцэртаў высокай музыкі, акцыя «Свабодны раяль», дзіцячая пляцоўка з фотазонай і майстар-класамі, трансляцыя канцэртаў на вялікіх экранах і стрымы ў сацсетках. «Свабодны раяль» дазваляе кожнаму ахвотнаму сыграць для прысутных любімую кампазіцыю. У першы год за інструмент селі семдзесят чалавек і выконвалі разнастайную музыку ад Моцарта да Арміна ван Бюрэна.

«Мы імкнёмся спалучыць класіку і інавацыю, таму што хочам, каб армія аматараў класічнай музыкі папаўнялася, і разумеем, што для гэтага патрэбен асаблівы падыход, — кажа дырэктар «Мінскканцэрта» Андрэй Мікуцэвіч. — Тут мы выкарыстоўваем усе магчымасці. На «Класіке NEXT» маладыя музыканты будуць апрануты такім чынам, каб успрымацца часткай наведвальнікаў, — мы прадугледжаем нават такія рэчы. Каб праграма была больш прывабная, мы ўвесь час дадаём нешта новае, сучаснае і больш складанае і пры гэтым прытрымліваемся нейкай мяжы, бо не можам «апусціцца» да банальных шлягераў. Калі паглядзець на нашу праграму, відаць, што яна не факусуецца на пэўнай эпосе, жанры альбо кірунку — мы наадварот імкнёмся прадставіць іх разнастайнасць».

Арганізатары прамым тэкстам кажуць, што «публіка, як заўсёды, павінна быць у захапленні», бо «кожны канцэрт — унікальны». Фестываль пройдзе ў Мінску ўжо чацвёрты раз, пры гэтым першы, па словах Андрэя Мікуцэвіча, рыхтаваўся на працягу двух гадоў, бо не было ўпэўненасці, што гэта можа быць цікава. Аказалася, гэта не проста цікава гараджанам і гасцям горада, а надзвычай цікава: за чатыры гады канцэрты «Класікі ля Ратушы» наведала больш за 160 тысяч чалавек. «Мы заўважылі, што менавіта на канцэртах класікі ў публікі менш рухаў: людзі прыходзяць і слухаюць ад пачатку да канца, а гэта даволі складана вытрымаць стоячы».

Фестываль з'яўляецца прыкладам паспяховага дзяржаўна-прыватнага супрацоўніцтва — яго арганізуе Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт пры падтрымцы кампаніі velcom. Апошні канцэрт, дзе класіка «сустрэне» рок, адбудзецца 25 жніўня, а за гэты час класічная музыка зойме ў перавагах публікі крышку больш месца.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Класіка&Інавацыя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».