Вы тут

Што паглядзець у Дудутках?


Інтэрактыўны музей, язычніцтва і незвычайныя стравы.

Апынуцца ў мінулым, каб даведацца пра жыццё беларускай шляхты і заняткі нашых продкаў. Прайсці выпрабаванне на гаспадарлівасць і паглядзець, як працуюць каваль і ганчар. Пакаштаваць дамашнія хлеб, масла, сыр, самагон ды бутэрброды з мёдам і салёным агурком. Усё гэта можна зрабіць у інтэрактыўным музеі, дзе экспанаты не хаваюць за шклом, а дазваляюць памацаць, прымерыць і нават пакаштаваць іх. А наведвальнікі не проста слухаюць экскурсавода ды назіраюць за наваколлем, а актыўна ўцягваюцца ў падзеі, якія разгортваюцца ў комплексе старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій Дудуткі.


Пра парог і чарцей

Турыстаў рыхтуюць да сустрэчы з даўніной яшчэ па дарозе. Экскурсавод прадпрыемства «Аўтаматызаваныя тэхналогіі турызму» натхнёна распавядае пра гісторыю стварэння першага прыватнага музея ў Беларусі, які ў 1994 годзе на месцы былога фальварка заснаваў Яўген Будзінас. За гадзіну цікаўныя даведаюцца пра гістарычных уладальнікаў мястэчка, пачуюць пра абавязкі і прывілеі беларускай шляхты, атрыбутыку іх строяў і прычыны знікнення як класа.

На першы аб'ект комплексу — млын з ветраком вышынёй 14 метраў, які здольны за гадзіну перамалоць 500 кілаграмаў зерня — 10 мяхоў мукі, турысты трапляюць цалкам падрыхтаваныя ўспрымаць і смакаваць мінуўшчыну. І вось яны ўжо слухаюць напаўказку-напаўпраўду пра язычніцкія павер'і ды забабоны, пераступаюць парог на ўваходзе правай нагой, не наступаючы на яго. Круцяць 800-кілаграмовыя жорны і мацаюць старажытную шасцярэньку з грабу. А на выхадзе, каб чэрці, якія жывуць у млыне, грошы не забралі, паказваюць язык ці стукаюць па дрэве.

Правяраюць, ці выйшаў чорт разам з турыстам, у доміку завозніка, дзе падарожнікаў «прымушаюць» есці бутэрброды з салам, цыбуляй і квашанай капустай. Калі каму пахне нясмачна, значыць, нячысцік у яго на плячы. Яшчэ адна з цікавых забаў для турыстаў у хаце — калыска, падвешаная пад столлю. Экскурсавод Ірына запэўнівае, што калі яе пагушкаць, зацяжарыш.

Папрацуеш — пад'ясі

Каб зарабіць далейшыя пачастункі для групы, асобным яе прадстаўнікам давялося папрацаваць. Без гэтага ніяк, заўважыла экскурсавод. Зарабляць на моцны пачастунак давялося жаночай частцы групы. Яны праходзілі выпрабаванне на гаспадарлівасць — расціралі паміж далонямі крыху гарэлкі і ўгадвалі, чым пахне. Правільны адказ падкажу — жытам. Закусваецца напой незвычайнай стравай з хлеба, намазанага мёдам, і кавалачка салёнага агурка. Неверагоднае, здавалася б, спалучэнне, аднак смачна і вельмі дарэчы.

А вось мужчыну-добраахвотніку з групы прыйшлося пастарацца ў кузні, раздзьмухваючы мяхамі полымя і працуючы на кавадле, каб пасля падарожнікі маглі падсілкавацца ў пякарні самаробным хлебам з гарбатай і сырам. Зрэшты, вельмі смачны пачастунак.

Замяняльнік жонкі ды біла з качалкай

Далей турыстаў чакалі разнастайныя майстэрні, дзе ўмельцы ствараюць шыкоўныя вырабы з дрэва, саломы, металу, гліны. У ганчарнай турысты змаглі не толькі захапіцца гатовымі глінянымі шэдэўрамі, але і ўбачыць, як з-пад рук майстра нарадзіўся новы гляк. Тутэйшы ганчар, дарэчы, валодае старадаўняй тэхнікай абпальвання сваіх вырабаў у спецыяльным саставе з мукі і агурочнага расолу. Пасля гэтага на гліняных збанах застаюцца непаўторныя ўзоры, з якіх немагчыма знайсці два аднолькавыя.

Майстрыха па саламяных цудах раскрыла крыху сакрэтаў гэтага дзіўнага матэрыялу, пасля чаго турысты фатаграваліся ў шыкоўных залацістых галаўных упрыгажэннях.

Пабачылі экскурсанты і першы прас у выглядзе біла і качалкі, і ручную маслабойку, і старажытную пральную машынку, і нават замяняльнік жонкі. Гэта спецыяльная драўляная прылада, з дапамогай якой п'яны гаспадар мог сцягнуць з ног скураныя боты, якія звычайна здымала жонка. А вы што падумалі?..

Вясковая даўніна — новы сусвет

Адна з кампазіцый музея выбіваецца з агульнай ідэі беларускай аўтэнтычнасці, аднак заўжды ўражвае турыстаў не менш за наведванне майстэрняў. Гэта калекцыя рэтра-аўтамабіляў, якія цягам многіх гадоў збіралі гаспадары Дудутак.

Самыя ахвочыя да ўражанняў напрыканцы захапляльнага падарожжа пракаціліся на запрэжаным вазку. Спрытны конік па мянушцы Вітас імчыць так хутка, што з першага ж падскоку «сялянскай карэты» разумееш, чаму лаўкі ў ёй абабітыя паралонам. Акрамя каня на гаспадарчым двары комплексу жывуць яшчэ кабанчыкі, каровы, козы, паўліны... А на 200 гектарах, якія належаць музею, вырошчваюць гародніну, з якой гатуюць для турыстаў адмысловыя нацыянальныя стравы.

— Этнічна-самабытнае падарожжа ў музей Дудуткі прываблівае абсалютна ўсіх. Для іншаземцаў такая вандроўка — магчымасць даведацца пра беларускія традыцыі. Яны кажуць, што гэта нешта неверагоднае, быццам трапляеш у незразумелае вымярэнне. Ды і многія беларусы, якія ніколі не сутыкаліся з вёскай, здзіўляюцца элементам даўніны, якія там могуць пабачыць. Вельмі любяць прыязджаць туды з дзецьмі — для іх гэта проста новы сусвет, — упэўнена Юлія ШЫКУН, выконваючая абавязкі начальніка экскурсійнага аддзела прадпрыемства «Аўтаматызаваныя тэхналогіі турызму».

З такім меркаваннем цяжка не пагадзіцца, бо падарожжа хоць і пралятае, здавалася б, імгненна, уражанняў пасля сябе пакідае процьму. А яшчэ — пачуццё, што цяпер ты крыху больш уяўляеш сабе, чым займаліся твае продкі.

А наступным разам мы з тураператарам зоймемся прамысловым турызмам і наведаем прадпрыемства, якое стала адной з візітовак нашай краіны, — БелАЗ.

Ірына СІДАРОК

Загаловак у газеце: Забаўкі каля ветрака

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?