23 Верасень, нядзеля

Вы тут

Наталля Арэйра ў Віцебску чытала іспанскі рэп


Уругвайская актрыса, спявачка, пасол добрай волі ЮНІСЕФ у Аргенціне і Уругваі, дызайнер, “Дзікі анёл” нашага дзяцінства, зорка лацінаамерыканскіх серыялаў 90-х і сённяшняя ўдзельніца міжнароднага журы конкурсу маладых выканаўцаў – усё гэта пра яе, Наталлю Марысу Арэйра Іглесіас Погхіо Боўры дэ Мольё. У свае 40 з плюсам яна выглядае так свежа і молада, што многія дзяўчаты могуць пазайздросціць, выпраменьвае пазітыў і не проста будуе, а рэалізуе адзін за адным тыя творчыя планы, якія калісьці загадвала 8-гадовай дзяўчынкай, калі прымярала цётчыны сукенкі і марыла выйсці на сцэну.


“Да мяне можна “наша Наташа”, выдатна, па-руску разумею крыху”, – уразіла журналістаў уругвайская госця ўжо напачатку сустрэчы.

Наталля ўпершыню ў Віцебску, але ўжо бывала раней у сталіцы Беларусі. (“Як правільна: “Беларусія” ці “Беларусь”? – сур’езна ўдакладніла актрыса ў прысутных і старанна паўтарыла некалькі разоў правільны варыянт, да агульнага захаплення). Таму паспела ўжо ацаніць і нашу гасціннасць, і тое, як добра яе помніць і любіць публіка. Гледачы, дарэчы, цёпла прынялі і свежую кінаработу актрысы – фільм “Я – Гільда”, які расказвае пра лёс папулярнай аргенцінскай спявачкі і пра тое, як цяжка часам даводзіцца змагацца за спраўджванне сваёй мары.

Наталля Арэйра прызналася, што яе наогул натхняюць моцныя жанчыны, асабліва тыя, якія пераадольваюць няпростыя жыццёвыя абставіны. “Схіляю галаву перад маці-адзіночкамі - сама не ўяўляю, ці змагла б выхоўваць сына адна. Таксама глыбока паважаю жанчын, якія змагаюцца за роўныя з мужчынамі правы. Нядаўна я сыграла такую жанчыну ў новым фільме “Ненармальная” (рус. ”Чокнутая”/ісп. Re Loca), які выйшаў сёлета: у ім жанчына, з якой доўгі час дрэнна абыходзяцца, пачынае шчыра гаварыць пра гэта і рабіць тое, пра што іншыя толькі мараць. Але наогул гэта камедыя, і больш за ўсё смяюцца мужчыны”, – дадала папулярная актрыса.

 Калі б вы былі рэжысёрам, то пра што знялі фільм?

– Мне цікавыя многія тэмы. Але паколькі я пасол добрай волі ЮНІСЕФ, то, напэўна, прысвяціла б стужку самаму пяшчотнаму ўзросту – дзяцінству. Я шмат дзе бывала, бачыла, што адбываецца з дзецьмі ў розных краінах, і хацела б перанесці гэтыя гісторыі на экран.

Цяпер модна здымаць працяг старых фільмаў і серыялаў. Калі б прапанавалі зняцца ў працягу “Дзікага анёла”…

– Мне, напэна, давялося сыграць бы ў ім бабулю! – смяецца актрыса. – Канешне, людзі настальгіруюць па мінулым, але, на жаль, гэты час нельга вярнуць штучна. І я вельмі рада, што асабіста мне не давялося іграць адну і тую ж ролю шмат гадоў запар – я бачыла такія выпадкі, калі акцёр “зрастаецца” са сваім персанажам, і гледачам ужо складана ўспрымаць яго ў іншым амплуа. Дарэчы, мне здаецца, што сучасныя тэлесерыялы сталі бліжэйшымі да жыцця, і тыя празмерныя эмоцыі, перайграванне, якое было 20 год таму, сёння ўжо не цікавыя.

Наталля не абмінула ўвагай і гарачую футбольную тэму – расказала, што адчувае вялікі гонар за работу над песняй, якая стала своеасаблівым гімнам Чэмпіянату свету-2018: “Вы чулі яе – “Падніміце рукі ўверх, о-о-о”? Вельмі радая, што мне пашчасціла яе зрабіць! На жаль, не змагла паглядзець гульні чэмпіянату жыўцом, але сачыла за захапляльнымі матчамі па тэлевізары”.

Па просьбе журналістаў Наталля паўдзельнічала ў экспромце і задорна прачытала іспанска-рускі рэп, чым выклікала гучныя апладысменты. Сама ж яна зрабіла шмат кампліментаў “Славянскаму базару”, у якім усё, ад узроўню артыстаў, да арганізацыі і афармлення шоу, гука, святла – “проста вау!”. А яшчэ актрыса расказала, што перажывае за ўсіх удзельнікаў конкурсу “Віцебск-2018” і ацэньвае іх не па вакалу: “Для мяне не важна, каб яны спявалі ідэальна. Важна, каб рабілі гэта шчыра – душой, сэрцам. Таму вельмі важна правільна выбраць песню, бо сапраўдныя эмоцыі перадаюцца ад артыста слухачам”.

– Я помню, як 8-гадовай дзяўчынкай у доме ў бабулі прымярала дарослыя сукенкі і марыла стаць актрысай, як пайшла ў акцёрскую студыю, і ўжо праз некалькі год пачала здымацца ў кіно і рэкламе. І ведаеце, што? Ніхто з нас не павінен губляць у сабе дзіця і дзіцячыя мары, – сказала Наталля Арэйра на развітанне. Гледзячы на яе ўласную захопленасць, пазітыў і нястомную прагу рухацца наперад і ўдасканальвацца, цяжка з гэтым наказам не пагадзіцца.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Віктара НІКАЛАЕВА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.