Вы тут

Ліст Чалавеку


Ліст Чалавеку

Я — Юля. Я пішу ліст Чалавеку.

Ты разумееш, Чалавек: паэзіі больш за ўсё там, дзе вельмі цяжка. Творчасць — для нешчаслівых. А ты не згаджаешся:

— Творчасць — для самых шчаслівых.

Ведаеш, ліст паперы хавае боль. Галоўнае — ніколі не вяртацца да аднойчы напісанага. Ты аддаеш напісанаму свае думкі.

— Хіба твае думкі належаць паперы? — кажаш ты. — Глупства.

Часам здаецца, што толькі папера мяне і разумее. І праўда: серыя маіх думак мяжуе з абсур­дам. Кажуць:

— Вы дзівачка.

Але кажуць і:
— Вы незвычайная.

У мяне ніколі не атрымлівалася зразумець, хто я насамрэч: чалавек ці птушка?

Але зараз найперш — Вясна. Адчуванне цёплага подыху, які табе не належыць. У наш час трэба шмат зрабіць, каб штосьці значыць. Каб тваё «я» было не толькі тваім.

— Ды ўсе людзі аднолькавыя, Юля, а ў тваёй галаве — вецер.

ВЕ–ЦЕР.

А ты спрабаваў глядзець у вочы тым, хто знаходзіцца побач? Кожны дзень мільёны вачэй побач з табой. Нейкі цуд і абсурд.

Таму трэба вярнуцца да пачатку: так, я дзяўчына, якіх шмат было і шмат яшчэ будзе. Але, ня­гледзячы на гэтую шматдзяўчыннасць, я —унікальная.

Некаторыя гавораць, што кожная рука мае свой непаўторны адбітак. Уяўляеш, Чалавек? Усе гэтыя рысачкі, усе гэтыя лініі на нашых далонях маюць нейкі сэнс.

І колькі разоў я ўжо табе паўтарала: «У руках — наша душа». Рукі, а не твар і не вочы, — гэта інструмент, люстра душы. На твар можна апрануць маску, а рукі не схаваеш. Таму ведай: дзяўчына, якая зрывае кветку, прызнаецца гэтай кветцы ў каханні. Рукамі.

А яшчэ рукі хаваюць небяспеку, страх, той самы подых, які табе не належыць.

—Ты такая, як усе.

Не. Хіба такая ж? Перш за ўсё адбіткі на руках, лініі, памятаеш?

Зразумей, мой Чалавек: я не лепшая і не горшая за астатніх. Я проста іншая. Мяне немаг­чыма ацэньваць па чужых суб’ектыўных мерках. І я цябе ацэньваць не маю права. Вядома, я магу ненавідзець «халодных» людзей, паўтараць ім, што праз гэтую халоднасць людзі вакол іх паміраюць унутры, але ацэньваць іх не у маёй кампетэнцыі.

І не ў тваёй, халодны ты мой Чалавек.

— Адчуваеш пах вясны і шчасця, дзяўчына?

— Так.

І ты працягваеш мне свае рукі, свае рысачкі і лініі, сваю душу:

— …патанчым?

І сёння мы танчым. Сення мы ёсць. Мы існуем. Мы — мы. А назаўтра мільённы горад зноў прачнецца. І мы прачнёмся. Мы — і не мы, іншыя, заўтрашнія. Атрымліваецца, кожны ранак — перараджэнне.

Калі я думаю пра гэта, усе пакуты знікаюць.

— Сон лепшы за ўсе лекі? — ты смяешся.

Здаецца, ад некаторага болю няма ніякіх лекаў. Патрэбная шокавая тэрапія. І — словы. Сло­вы, словы, словы. Нашы дзеянні даюць жыццё словам. Як страшна. Божа, як страшна пакінуць словы недасказанымі, нявымаўленымі. Божа, як страшна іх дагаворваць.

Ком становіцца ў горле. У сэрцы лье дождж. Далоні сціскаюць спадніцу. Ты глядзіш на мяне:

— Я слухаю.

«Божа, не дай мне збегчы, калі захочацца».

— У цябе такі прыемны голас. Не маўчы, Чалавек, калі ласка!

І мы не маўчым. Шокавая тэрапія — словы.

Кветка, сонейка, паветра…

Я адчуваю рытм мовы. Спыняюся. Чаму я не заўжды размаўляю на мове? Чаму ты не размаўляеш? А, Чалавек?

Усмешка, каханне, сонейка…
Якімі прыгожымі здаюцца мне тыя, хто паўтарае гэтыя словы. Асаблівы сорт індывідаў. Яны неяк асабліва жывуць, неяк асабліва адчуваюць. Шчаслівыя!

Паветра, асалода, сябар…

Я — жадаю. Шчыра жадаю быць вытокам маёй мовы. Адбіваць яе рытмы, быць яе рытмам. Адчуваць: натхненне, ружа, прыгажосць…

Я яшчэ немаўля, я — дзіця, якое робіць самыя першыя крокі. Не атрымліваецца? Не атрыма­ецца? Няхай. Я паспрабую яшчэ раз і яшчэ. Падаць не страшна. Страшна знямець. Страшна — памерці назаўжды. Бо без слоў як вылечыцца?

Кава, цішыня, яблык… Усё лечыць. Пах утульнасці і асалоды. Я адчуваю рытм мовы ўнутры сябе. Людзі вакол мяне, ты, Чалавек, — таксама. Цеплыня — унутры нас. Унутры цябе.

Дабрыня, паштоўка, коўдра… Так, я пішу табе прызнанне з гэтым лістом. Я — закаханая.

А яшчэ я — чайка.

— Дзяўчына, можна з вамі пазнаёміцца?

Так ты сказаў? І здзівіўся, бо я адказала табе:

— Я — чайка.

Мне належыць неба, я адчуваю мора. Мора — ува мне. Калі табе будзе дрэнна, я, белакры­лая, сяду на тваё плячо. Не трэба здзіўляцца: у кожным чалавеку жыве птушка.

— Я вас не разумею…

— А я не разумею вас.

Ты можаш кожны дзень прыходзіць да мяне, Чалавек, але ёсць адна ўмова. Прыходзь са сваімі хлебнымі крошкамі, са сваімі словамі — і аддавай іх мне. Усе, дарэшты: мора ўва мне кажа, што за ўсё трэба плаціць. Але зараз я гляджу на цябе, і мне здаецца, што мора памылілася. Прыходзь проста так. Галоўнае — прыходзь.

— Напэўна, мне ў іншы бок, — скажаш ты аднойчы. І ў чарговы раз здзівішся майму адказу. Бо я прашапчу табе:

— Паляцелі?

А цяпер я жадаю абдымаць — усіх людзей. Дзеля цябе. Дзеля людзей, з якімі можна маўчаць. Проста маўчаць.

І калі я сяджу на падаконні, у маёй руцэ твая рука. Мы маўчым. Сур’ёзныя, сумныя.

— Калі трэба, я магу дапамагчы.

Рука. Рукі. Акно. Маўчым.

Калі няма магчымасці размаўляць, ты патрэбны мне, каб разам маўчаць, каб трымаць за руку. Самая простая навука. Эстэтыка маўчання. Патрэ–э–э–эбны.

Сваім маўчаннем я адчуваю болей: болей слоў, болей цябе.

— Што здарылася? Што здарылася? Што здарылася?

— Проста дай мне сваю руку.

Мы маўчым і глядзім у вакно. Так і трэба. Трэба жыць і глядзець на зоркі. Ведаеш, Чалавек, кажуць, што кожная зорка мае сэрца. Кажуць таксама, што сэрца ў кожнай зоркі — рознай гарачыні, а памер зорчынага сэрца залежыць ад колькасці людзей, якія глядзяць на неба.

Раз, два, тры пагляды — і сэрца зоркі палае ярчэй. Я не магу не верыць у гэта. Бо сёння я буду глядзець на неба. Мы будзем глядзець на неба. Мы сустрэнемся на адной зорцы.

Красавік. Вясна.

— Глядзі, зорка падае!

— Наша.

Я веру, што зоркі маюць гарачае сэрца. А ты?..

Цяпер ля вакна я п’ю чай з горыччу тваёй цеплыні. Усё гэта — вясна, красавік, зоркі — было два гады таму. Твой позірк — нібы горкі шакалад. Я схапіла ў памяці твае рукі, каб потым знайсці нешта знаёмае ў іншых.

Чай дае мне бадзёрасць кожную раніцу. Я ведаю, дзе ты, таму што адчуваю тваю цеплыню.

— Які ты любішь чай?

— Люблю салодкі.

У сэрцы лье дождж памяці. Вецер расчэсвае мае валасы. Я іду басанож па Нямізе. Я ведаю, што трэба часцей глядзець уверх.

— Ты нічога не ведаеш! Боты апрані!

Чалавек ты мой, калі навокал не застанецца нічога, акрамя прорвы, падай, але глядзі — глядзі ўверх.

Падай з задавальненнем, але не чакай пасля паразумення. Ты сам перагортваеш старонку жаданняў. Ты маеш рацыю ва ўсіх сваіх словах, ва ўсіх сваіх дзеяннях, заўсёды, заўсёды, але там, наверсе — птушкі.

І яны шчаслі–і–і–і–выя.

Я ведаю, прачытаўшы гэта ліст, ты ўздыхнеш, Чалавек. І скажаш мне:

— …апрані боты, любая.

Твая Чайка

Юлія МІЦКЕВІЧ

 

Каментары

Дзіўна, жыва і непаўторна. Дзякуй.

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

Школа заўтрашняга дня. У трэндзе — медыянавыкі, гейміфікацыя і сторытэлінг

У мінулыя выхадныя сталічны бізнес-клуб «Імагуру» ўжо другі раз прымаў на сваіх плошчах педагагічную неканферэнцыю. 

Культура

Гісторыкі спадзяюцца знайсці дакладную дату заснавання Мірскага замка

Гісторыкі спадзяюцца знайсці дакладную дату заснавання Мірскага замка

Вызначыць дакладны час з'яўлення на Беларусі вядомага абарончага збудавання дагэтуль немагчыма, хоць розных гіпотэз існуе шмат.

Спорт

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Уладзімір Шантаровіч: Кажуць, я — геній, і мне гэта вельмі не падабаецца

Як трэнер пабудаваў сістэму, якая выхоўвае алімпійскіх чэмпіёнаў.

Грамадства

Як дзяўчаты з асаблівасцямі развіцця ўпершыню ствараюць модную калекцыю

Як дзяўчаты з асаблівасцямі развіцця ўпершыню ствараюць модную калекцыю

У лістападзе ў Мінску пройдзе Беларускі тыдзень моды.