Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» традыцыйна расказваем пра самыя цікавыя падзеі выхадных.


1. Трохразовая прызёрка Алімпійскіх гульняў па плаванні Аляксандра Герасіменя чакае дзіця.

Гэтую інфармацыю пацвердзіла галоўны трэнер беларускай каманды Наталля Шаламіцкая. Нагадаем, у жніўні 2017 года Аляксандра выйшла замуж за вядомага плыўца Яўгена Цуркіна.

Настаўнік каманды Наталля Шаламіцкая разлічвае, што Аляксандра вернецца да актыўнай кар'еры пасля нараджэння дзіцяці. «Мы рады за Сашу. Нараджэнне дзіцяці — вельмі адказная задача для жанчыны. Думаю, калі Герасіменя будзе адчуваць сябе нармальна, яна вернецца і яшчэ пакажа сябе. Мы яе вельмі чакаем, жадаем ёй моцнага здароўя і хутчэйшага вяртання да нас у каманду».

Аляксандра Герасіменя ў ходзе сваёй кар'еры заваявала два сярэбраныя медалі на Алімпійскіх гульнях у Лондане ў 2012 годзе і стала бронзавым прызёрам галоўных стартаў чатырохгоддзя ў 2016-м у Рыа-дэ-Жанэйра.


2. Карына Таранда заваявала залаты медаль у скачках у вышыню на маладзёжным чэмпіянаце свету (U-20) па лёгкай атлетыцы ў Тамперэ (Фінляндыя).

У заключны дзень сусветнага форуму беларуска здолела прынесці першую ўзнагароду вышэйшай вартасці ў скарбонку нашай зборнай. Сваё выступленне ў фінальнай частцы Карына пачала з адзнакі 1 м 84 см, якая скарылася ёй з першай спробы, з другой спробы дзяўчына ўзяла 1 м 92 см.

У сектары для кідання дыска другое месца заняў беларус Яўген Багуцкі, які ў чацвёртай спробе адправіў снарад на 61 м 75 см. У медальным заліку чэмпіянату свету зборная Беларусі з адной залатой і адной сярэбранай узнагародай заняла 13-е месца. Перамаглі атлеты Кеніі — шэсць залатых, чатыры сярэбраныя і адна бронзавая ўзнагароды.


3. Алена Дубіцкая заваявала сярэбраны медаль у штурханні ядра на этапе «Брыльянтавай лігі» ў Рабаце (Марока).

У сваёй найлепшай спробе лёгкаатлетка адправіла снарад на 19 м 21 см і ўстанавіла асабісты рэкорд.

Наступны этап «Брыльянтавай лігі» адбудзецца ў Манака 20 ліпеня.

У канцы гэтага тыдня мінскі стадыён «Дынама» прыме чэмпіянат Беларусі (20—21 ліпеня). Галоўным жа стартам сезона для беларускіх лёгкаатлетаў стане чэмпіянат Еўропы, які пройдзе з 7 да 12 жніўня ў Берліне.


4. Вікторыя Азаранка і брытанец Джэймі Марэй саступілі ў фінале міксту на Уімблдоне Аляксандру Пея (Аўстрыя) і Ніколь Мелічар (ЗША) з лікам 6:7, 3:6.

Пераможцамі ў адзіночным разрадзе Уімблдона 2018 сталі Новак Джокавіч (Сербія) і Ангеліка Кербер (Германія). Агульны прызавы фонд 132-га па ліку Уімблдонскага тэніснага турніру складае 34 млн фунтаў стэрлінгаў. Пераможцы ў мужчынскім і жаночым адзіночных разрадах зарабілі па 2,25 млн, фіналісты — па 1,125 млн фунтаў стэрлінгаў. У спаборніцтвах змешаных пар чэмпіёны атрымалі 100 тысяч фунтаў стэрлінгаў на дваіх.

Фота: bbc.com


5. Баскетбалісткі зборнай Беларусі праз чатыры гады вярнуліся ў элітны дывізіён маладзёжнага чэмпіянату Еўропы.

Падапечныя Вольгі Падабед узялі верх над літоўкамі (73:70) у паўфінале чэмпіянату Еўропы ў дывізіёне «B» і забяспечылі сабе не толькі ўдзел у фінале, але і выхад у элітны дывізіён кантынентальнага першынства.

— Дзякуй усім балельшчыкам, якія перажывалі і верылі ў нас. Гульня была вельмі цяжкай. Дзяўчаты занадта моцна хацелі перамагчы, адсюль і залішняя колькасць страт, асабліва ў першай палове. Я вельмі рада, што мы справіліся з хваляваннем і выйгралі такі важны матч, — расказала галоўны трэнер каманды Вольга Падабед.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Новая вышыня

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.