Вы тут

Дзіка прыгожа...


Калі думаеш, што праехаў-прайшоў па Беларусі, што шмат чытаў-перачытаў пра яе, не пакідаеш сабе магчымасці здзіўляцца. І насуперак любой уласнай (і наогул чалавечай логіцы) часам накрые так, што мову адымае. І не скажаш інакш. Таму што адкрыцці — перад вачыма. Толькі бачыць іх могуць не ўсе. І паказаць могуць не ўсе. І ўразіць. Як рэжысёр Вольга Дашук у дакументальнай стужцы «Сяргей Плыткевіч: чалавек з фотаапаратам» здолела паказаць Беларусь. За апошні час гэта адзін з нешматлікіх айчынных фільмаў (зняты на студыі «Летапіс» «Беларусьфільма»), які пакінуў моцнае і светлае ўражанне і здолеў парушыць звыклае меркаванне, што «каб любіць Беларусь нашу мілую...» Не, не трэба ехаць некуды на край свету. Бо край свету — з усім яго таямнічым чараўніцтвам — у нас. І гэта фантастычна прыгожа.


Кадр з фільма «Сяргей Плыткевіч: чалавек з фотаапаратам».

Кіно, якое можа захапіць Беларуссю... Здавалася, гэта зразумела і бясспрэчна. Але разам з тым не памятаю такіх гарачых спрэчак і бурных дыскусій паводле беларускіх кінакарцін (ігравых, анімацыйных, наогул усіх, што з’явіліся апошнім часам), як пасля дакументальнага фільма Вольгі Дашук «Сяргей Плыткевіч: чалавек з фотаапаратам». Відаць, ёсць розніца ў тым, як успрымаць фільм: розумам ці душой. Таму што калі гаворка пра візуалізацыю нейкай тэмы, было дастаткова дакладнай і сухой логікі, лінейнага расповеду і маштабавання асобы. Калі гаворка пра мастацтва, то ўсё вышэйазначанае ўвасабляецца ў вобразы, прамаўляецца на паўтонах і трансфармуецца ў метафізіку. А гэта тая анамальная зона, дзе простая логіка разам з банальнай эрудыцыяй не працуюць зусім. Ну дык і адкінем іх убок.

Паводле назвы, карціна прысвечана чалавеку, вельмі захопленаму сваёй справай, — знакамітаму фатографу дзікай прыроды Сяргею Плыткевічу. Менавіта яго вачыма мы ўсё бачым. Праз яго пачуцці адчуваем. І баімся дыхаць (так жа, як і ён у момант сваіх фотапаляванняў), каб не спалохаць ціхую здагадку, хто насамрэч галоўны герой гэтай карціны. Таму што чалавек, імя якога стаіць у назве, — хутчэй асістэнт таго, хто быў стваральнікам Першаснасці. Чалавек тут выступае як постстваральнік: фіксуе і ўвасабляе згодна з уласным бачаннем. Гэта яго роля па жыцці: Сяргей Плыткевіч вядомы сёння як фотапясняр жывой, прыроднай прыгажосці Беларусі.

Без лішніх слоў (тут кожны кадр за сябе гаворыць) мы ідзём следам за ім. Едзем па пустых дарогах, уздоўж лясоў, туды, дзе меней людзей. Але там ёсць сваё жыццё, некранутае чалавекам, несапсаванае цывілізацыяй, прыхаванае ад чужых. Зямля яго беражліва захоўвае — не проста ісці па ёй, каб хоць бы толькі пабачыць і зафіксаваць. Уздоўж балота, крок за крокам, правальваючыся ў дрыгву і выбіраючыся зноў і зноў на моцныя купкі, ён перасякае вялікую прастору. Зямля нібыта ўступае ў размову: куды ідзеш, навошта? Стогне ці хлюпае насцярожана: з чым прыйшлі? Не прапускае надта проста, ладзіць выпрабаванне, нібыта вывучае, хто ён: прагматычны здабытчык ці апантаны «знаўца» з рамантыкай пошуку?

А сапраўды, хто?

Дзіўнае пытанне, на якое рэжысёр і не збіралася шукаць адказу. Для Вольгі Дашук ён ужо існаваў, таму і выбрала такога героя для здымак. Таму што з-за вобраза чалавека так ці інакш праглядае звышмэта аўтара фільма: паказаць больш, чым бачна вачыма. Паказаць тое, што ўбачаць яшчэ і душой. Той выпадак, калі да першастваральніка можна наблізіцца толькі разам з постстваральнікам. Ён праваднік. А гэта місія, якая даецца не проста так, а таму што.

І ёсць тлумачэнне — чаму. Лес. Перапынак у фотапаляванні. Якая хвілінка, каб заплюшчыць вочы. І пакуль ён адпачне, мы зазірнём у мінулае. Змяняюцца адзін за адным кадры мітуслівага мінулага журналіста цэнтральнай газеты. Рэпарцёрскае жыццё навучыла лавіць момант. Навучыла бачыць свет і галоўнае ў ім — чалавека (так здавалася тады, гадоў 25—30 таму), які стаіць на шляху пераўтварэнняў. Навучыла ўхопліваць імгненні найбольшых эмоцый, фіксаваць этапныя ці нават эпахальныя падзеі альбо водгукі нерэальных трагедый, якія перажываюць абсалютна рэальныя людзі. Вось нам распавялі сюжэт — усю перадгісторыю, якая падвяла да цяперашняга часу. Распавялі проста і натуральна для гісторыі гэтага чалавека — праз кадры, што зняў ён жа ў розныя часы да таго, як змяніў тэму...

Часы мінаюць. Людзі мяняюцца. Але нешта ўсё ж застаецца. Напрыклад, тая самая прага пошуку ідэалу рэчаіснасці, дзе розныя складнікі ўтвараюць агульную і гарманічную сістэму.

Тут дрэвы перамаўляюцца ледзь улоўнымі подыхамі, разумныя травінкі могуць стаць апірышчам і нават фатэляй для вандроўніка. Птушкі ведаюць, пра што і як паразмаўляць з нечаканымі гасцямі-арнітолагамі ды краязнаўцамі, якія назіраюць, але пры неабходнасці прыйдуць на дапамогу. Птушкі ў фільме — быццам крылатыя мары: гаспадары вышынь і абшараў здольныя бачыць далёка, але парушыць іх існаванне вельмі проста. Адзін няправільны крок... Да іх вышынь хочацца ўзняцца і зазірнуць туды, дзе гняздуюць крылатыя. Ох!.. Дух захоплівае, калі кінакамера ўзлятае на вершаліну дрэва разам з чалавекам. Лес наогул для смелых і для тых, хто ведае, што ў самоце тут не застанецца. Ёсць сярод людзей тыя, хто ў наш час зручнасцей імкнецца быць бліжэйшым да прыроды, жыць натуральнай гаспадаркай. Для кагосьці яны дзівакі. Але прырода іх прыняла як сваіх дзяцей — мы завітваем у госці да хутаранцаў, якіх паклікала зямля. І тут, здаецца, багата працы ў фатографа-краязнаўцы. Вось хоць словам перамовіцца, каб потым пайсці і доўгімі напружанымі гадзінамі назіраць за высокай травой у полі, дзе раптам заяц прашмыгне ці нечакана спыніцца касуля са здзіўлена-спалоханымі вочкамі...

Каб зразумець чалавека, часам не трэба праводзіць з ім доўгіх размоў — дыялогі ў фільме ў выніку ператварыліся ў невялікія маналогі героя, што становяцца фонам-тлумачэннем таму, што мы бачым.

І ў гэтым самая вялікая загадка фільма. Яна ў тым, што прымушае гарадскога паспяховага чалавека ехаць далёка ад дому, праводзіць гадзіны і дні ў сырых балотах ці пустых палях без аніводнага чалавека — і ўсё толькі каб заспець адно непаўторнае імгненне. Яно ўразаецца ва ўяўленне, падкідвае і навявае новыя вобразы, якімі трэба сілкаваць уяўленне далей і ціха радавацца: сюды дапушчаны не кожны. Гэта як жанчыну без макіяжу пабачыць — той, хто кахае, адчуе яе сапраўдную. Так і Беларусь: ранішняя і паўсонная ці ў празрыстым тумановым покрыве, яна адкрываецца шчыра і пяшчотна тым, хто зачараваны і шчыра любіць. Можа быць, нават не задумваючыся пра тое, проста выконваючы свае прафесійныя абавязкі. Але сутнасць у тым, «як».

Нездарма кажуць: хочаш лепш зразумець чалавека, даведайся, што ён любіць. Гэтым шляхам пайшла рэжысёр. Яна прыадкрыла таямніцу адной з галоўных любовей у жыцці свайго героя, якая вызначыла яго стыль жыцця і стала натхняльніцай. З

ачараваць Беларуссю праз здымкі без любові не атрымалася б. А фатограф Сяргей Плыткевіч зачароўвае. А яны — рэжысёр Вольга Дашук і кінааператар, аўтар фантастычнага відэараду Анатоль Казазаеў — захапляюць. Кожны бок выказаўся на сваёй мове. Высвятленне пасляпрэм’ерных пытанняў можа быць звязанае з тым, што немагчыма без страт перакладаць з мовы аднаго мастацтва на мову другога мастацтва (ці незразумела пры перакладзе). Аднолькава проста на гэтых мовах зразумець адно: любоў. Але гэта пачуццё, прырода якога неспазнаная да канца, як і механізм яго ўтварэння. Затое аб’ект любові тут яднае і героя, і стваральнікаў фільма. І звышмэта насамрэч адна.

Таму захацелася напісаць пра стужку менавіта цяпер. Гаворыць любоў?..

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».