Вы тут

З багатымі ФЭНТЭЗІямі


Група «Irdorath» утварылася ў Гродне: дуэт вулічных музыкантаў Уладзіміра і Надзеі вырас да вялікай групы. Калектыў звярнуў на сябе ўвагу з першых жа запісаў — арыгінальным гучаннем, інструментамі, знешнім выглядам: фолк-рок і сярэднявечныя тэмы. І да сваёй трэцяй пласцінкі «Wild» група «Irdorath» падышла ў статусе калектыву з міжнароднай вядомасцю і загучала па-стадыённаму: яе палюбілі ерапейскія фестывальныя сцэны. Сваю музыку творцы называюць «фэнтэзі-рокам». На сцэне ў іх — сапраўднае беларускае «фэнтэзійнае» шоу. У гэтым жанры ім удалося дасягнуць вяршыняў, што дагэтуль не пакараліся іншым беларускім музыкантам...


Гурт «Irdorath» падчас канцэрта.

 Уладзімір: Сапраўды, калісьці мы пачыналі іграць на вуліцах, у нас быў дуэт. Ігралі папулярную сярэднявечную музыку. Нам тады хапала тагачасных мелодый і вулічнага перфомансу. А потым захацелася большага, развіцця, нашы музычныя амбіцыі ўжо не ўмяшчаліся ў фармат дуэта. І мы знаходзілі новых людзей, аднадумцаў. Яны далучаліся да нас і дадавалі сваю творчасць, ідэі. У выніку мы пачалі адыходзіць ад сярэднявечнай праграмы, бо яна была ўжо зайграна шмат кім і да нас.

Працягвалі шукаць уласны шлях. У нейкі момант група захапілася вялікімі формамі, і нам хацелася на гэтым прыпыніцца — каб многа музыкантаў, каб моцна і канцэптуальна! Аднак умяшаліся жыццёвыя рэаліі. Вялікім калектывам, з мноствам музыкантаў і інструментаў мы не маглі хутка рухацца, перамяшчацца ў прасторы, не маглі сарганізаваць усё з фінансавага боку. На прыкладзе нашага другога альбома — «Dreamcatcher» — мы зразумелі, што зрабілі максімум магчымага з такім складам у Беларусі. Мы рэалізавалі сваю задумку і дасягнулі таго, што ў нас на сцэне часам было ажно 14 музыкантаў! Так было на прэзентацыі альбома «Dreamcatcher». Аднак мы не змаглі болей збіраць такі склад і ездзіць з ім па фестывалях. А запрашаюць нас выступаць даволі далёка — што на Захад, што на Усход. Вось так мы і зразумелі, што трэба рабіць музыку, якую мы зможам іграць сваім пастаянным, лаканічным складам, і адмовіліся ад вялікіх форм. У выніку ўсё да лепшага: знайшлі сваё цяперашняе гучанне, якое і дазволіла нам зрабіць значны скачок у кар’еры і знайсці сваю, вельмі немаленькую аўдыторыю.

— Ці вялікая адлегласць паміж дэбютнай пласцінкай і трэцяй?

Надзея: Наш першы альбом быў яшчэ даволі просты. Нам было радасна ўжо ад самога факта, што мы здолелі яго запісаць. У другой пласцінцы мы пагналіся за масавасцю, каб было многа музыкантаў, многа пафасу, готыкі. А вось у трэцяй пласцінцы «Wild», мы лічым, удалося знайсці свой твар. Выключна акустычнымі сродкамі, акустычнымі інструментамі, такімі як нямецкая валынка, калёсная ліра, скрыпка, бузукі, 12-струнная гітара і барабаны (сапраўды, ніякай электрычнасці), мы змаглі дасягнуць такога гуку, такой падачы, што нашу музыку пачалі называць фолк-металам! І з гэтай праграмай мы шмат выступаем на метал-фэстах.

Уладзімір: Пасля таго, як мінулай восенню выдалі гэты «дзікі» альбом, мы адыгралі больш за 20 канцэртаў у яго падтрымку. У нас быў і расійскі тур, выступілі і на некалькіх фестывалях у Германіі. У тым ліку і на гатычным фестывалі «Autumn moon» прэзентавалі пласцінку з поўным шоу, што потым зрабілі і ў Мінску. Прымалі альбом «на ўра». Было адчуванне, што мы зрабілі вялікі крок, скарылі вяршыню і добра на ёй замацаваліся. Упэўніліся, што ўсё робім правільна і натхніліся на далейшую працу.

— Як склаліся стасункі з музычнай супольнасцю Германіі?

Надзея: Германія — гэта цэнтр Сусвету, дзе жывуць і працуюць фолк-калектывы. Там неверагодная колькасць фэнтэзі-фестываляў, якіх у нас у Беларусі проста няма. Там існуе гэтая субкультура. І там вялікая канкурэнцыя сярод падобных музыкаў, што нам вельмі падабаецца. У нейкі момант мы заўважылі, што ў суполцы нашай групы на фэйсбуку каля 70 працэнтаў падпісчыкаў — немцы. Мы з’ездзілі на нямецкі фэст, другі, трэці. І нас там прыкмеціў адзін германскі лэйбл. У выніку мы на ім зрабілі спецыяльнае нямецкае перавыданне альбома «Dreamcatcher». І калі ўжо рыхтавалі альбом «Wild», у нас не было пытанняў, на якім лэйбле яго выдаваць. Тым больш што наша нямецкая, еўрапейская аўдыторыя з таго моманту значна паболела, таму што мы выступілі на самым буйным у свеце гатычным фестывалі, а потым на найбуйнейшым фестывалі метал-музыкі «Waken open air». Для нас гэта было здзяйсненнем самых неверагодных мараў, таму што на гэтым жа фестывалі побач з намі выступалі такія легенды, як Эліс Купер, Мэрылін Мэнсан, група «Apocalyptica». І тут раптам разам з імі — «Irdorath»! Нейкі шок і для нас, і для нашых паклоннікаў. Даведаліся, што мы былі першымі і адзінымі беларусамі, што выступалі на гэтым фестывылі за ўсю яго гісторыю ў 28 гадоў. Дарэчы, адметны факт — на сцэне Waken я сустрэла сваё 28-годдзе...

— Вы на сцэне і вяселле калісьці адзначалі...

Уладзімір: Ды ўсё нашае жыццё на сцэне праходзіць! І ажаніліся мы таксама на сцэне, у Мінску — падчас канцэрта ў клубе, і, такім чынам, у нас на вяселлі было каля 600 чалавек.

— Што адметнага ў вашым трэцім альбоме «Wild»?

Надзея: Мы заўсёды імкнуліся ствараць «Irdorath» не як проста музычны праект, а як цэлы свет, у які самі хочам верыць. І альбом апісвае гэты свет знутры. Там ёсць асобныя гісторыі пра містычных персанажаў, якія жывуць у гэтым свеце, ёсць глыбока балотныя песні, такія як «Жахі-жахі». І гэтая кампазіцыя нават пачынаецца з квакання жабаў. У гэтым свеце жыве і дзева, ад сустрэчы з якой людзі літаральна вар’яцеюць. Ёсць песня пра дзяцей, што заблукалі ў лесе... Альбом вельмі лясны, насычаны вобразамі і водгукамі славянскага фальклору. Напоўнены прыгодамі і здарэннямі. Аднак гэта падаецца праз прызму нашай фантазіі.

Уладзімір: Можна сказаць, што гэта фэнтэзі на тэму беларускага фальклору, беларускай міфалогіі. І ў гэтым альбоме ў нас большасць кампазіцый на беларускай мове. Гэта дазволіла зрабіць наша Муза, што прыйшла да аўтара тэкстаў, — да Надзеі.

Надзея: Мне хацелася б расказаць пра кампазіцыю «Купала на Йвана», якая адрозніваецца ад астатніх. Тут народныя словы, а мелодыю мы крыху змянілі. Песня сама па сабе ўнікальная: не абрадавая, не купальская. Наўрад ці які іншы ансамбль узяў бы ў рэпертуар гэтую песню, таму што яна не традыцыйная, не вясёлая. «Купала на Йвана» — гэта проста рэфрэн, дэкарацыя, на фоне якой адбываецца трагедыя...

А яшчэ ёсць бонус-трэк — «Adde duos», і кліп ёсць на гэтую кампазіцыю. Тэкст на латыні са зборніка сярэднявечнай лірыкі «Карміна бурана», які цудам ацалеў у часы інквізіцыі. «Adde duos» (што значыць «дайце двойчы») — спеў пра сквапнасць ад імя багацця, якое пытае ў людзей: «Ці жадаюць яны разбагацець?» Тыя адказваюць: «Канешне, дайце двойчы!»...

— Вы прадстаўляеце ў Еўропе беларускую музыку. Думаеце пра гэта як пра місію?

Надзея: Напачатку не было мэты паказваць людзям, што такое Беларусь. Гэта прыйшло, калі мы пачалі выступаць на еўрапейскіх сцэнах, дзе амаль ніхто слова «Беларусь» не чуў. І нам не хацелася паказваць аўтэнтыку — імкнуліся адкрыць ім прыцягальную, містычную краіну. З яскравымі прыгожымі людзьмі ў дрэдах!.. Мы прадстаўляем на сцэне тую частку Беларусі, якая нас натхняе. Імкнёмся, каб людзі, што не ведаюць пра Беларусь, зацікавіліся нашай краінай. Што мы і рабілі ў альбоме «Wild». Натхніліся тымі праявамі беларускай культуры, якія ніхто чамусьці не выкарыстоўвае, не робіць з гэтага нешта смачнае, не распаўсюджвае па свеце. Мы захапіліся самі і хочам, каб гэта палюбілі іншыя.

Уладзімір: Яшчэ адзін прыкметны момант: гэты альбом мы запісвалі самі, на сваёй студыі, а саўндпрадзюсарам стаў наш барабаншчык і мультыінструменталіст Антон Шніп. Ён жа і адзін з натхняльнікаў усёй групы «Irdorath». У яго атрымалася тое, што мы хацелі і чаго будзем прытрымлівацца далей.

— Да якога ўсё ж стылю вас можна далучыць, калі тут акустыка і метал, народныя песні і аўтарскія?

Надзея: Калі казаць тэрмінамі, то самы блізкі «пэганфолк», «нэа-фолк» — так называюць сябе групы, што выступаюць разам з намі на фестывалях. Але мы сваю творчасць называем «фэнтэзі-фолк».

Уладзімір: Мы ведаем, што робім унікальны прадукт. І ні ў якім разе не збіраемся браць у рукі электрагітары, каб стаць сапраўдным металам, ці адмовіцца ад валынак ці другога барабаншчыка таму, што з адным барабаншчыкам больш зручна. І ў гэтым таксама наша ўнікальнасць.

Надзея: На сцэне мы ствараем шоу. У нас там стаяць вялізныя крылы дракона, у нас насатыя боты і класныя касцюмы. І мы ствараем цэлы свет не толькі музычна, але і візуальна. Людзі вераць у тое, што мы робім. Мы самі верым, і людзі вераць. І нельга проста паслухаць запісы і зразумець што такое «Irdorath». Трэба яшчэ і ўбачыць.

Гутарыла Надзея КУДРЭЙКА 

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.