Вы тут

Вялікія ападкі — да трэцяга ўкосу


Не шанцуе аграрыям сёлета з надвор'ем, зусім не шанцуе. Спачатку дажджоў амаль зусім не было ў чэрвені, а ў трэцяй дэкадзе месяца глебавая засуха дасягнула крытэрыю небяспечнай аграрна-метэаралагічнай з'явы. А цяпер, у сярэдзіне лета, зарадзілі, месцамі дастаткова моцныя і працяглыя, праліўныя дажджы. Няўжо ўсё так дрэнна, што рукі апускаюцца? Ды не ж, не ўсё, адзначаюць спецыялісты.


Начальнік аддзела аграметэаралогіі Белгідрамета Кацярына ІСТОМІНА лічыць, што збожжавыя ўжо канчаткова паспелі, таму больш або менш іх не стане. Вось толькі... Вядома, у першую чаргу дажджы негатыўна адаб'юцца на палявых работах. А менавіта цяпер у паўднёвых і заходніх раёнах краіны пачынаецца выбарачная збожжаўборка. Збіраюць азімы ячмень. Для жніва гэтыя метэаўмовы вельмі складаныя. Акрамя таго, павышаецца вільготнасць зерня, што таксама стварае лішнія праблемы.

— Калі глядзець па верхнім пласце, то толькі ў асобных раёнах назіраецца пераўвільгатненне глебы, — адзначае Кацярына Істоміна. — Па стане на раніцу панядзелка моцнае ўвільгатненне адзначалася ў паўночна-ўсходніх раёнах Віцебскай вобласці (Езярышча, Шаркаўшчына, Докшыцы), у некалькіх раёнах Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей, на Гомельшчыне — у раёне Жлобіна, на Брэстчыне — у Брэсце.

Але дажджы ў нас не закончацца сёння, яны будуць працягвацца ўвесь гэты тыдзень. Калі глядзець у будучыню... Для бульбы пераўвільгатненне глебы можа прывесці да частковай гібелі ўраджаю. Але пераўвільгатненне павінна быць істотным і працяглым па часе. А яшчэ працяглыя дажджы адмоўна ўплываюць на ўраджай лёну.

Дадатковыя ападкі не перашкодзяць агародніне і кукурузе. Да гэтага агародніне патрабаваўся дадатковы паліў, а кукуруза пасля дажджоў пачне ўзмоцнена набіраць зялёную масу. Для памідораў і агуркоў тэмпературны рэжым у нас аптымальны — недахопу цяпла не назіраецца.

У паўднёвых рэгіёнах з-за засухі другі ўкос траў быў недастатковы. А вось пасля багатых ападкаў, спадзяюцца спецыялісты, пачне хутка расці трава трэцяга ўкосу.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?