Вы тут

Cа сцэны Летняга амфітэатра гучалі розныя мовы свету


14 і 15 ліпеня са сцэны Летняга амфітэатра гучалі розныя мовы свету — удзельнікі ХХVІІ конкурсу выканаўцаў эстраднай песні стараліся пераўзысці адно аднаго ў выкананні «Славянскага хіта» (песня славянскіх аўтараў) і «Фестывальнага хіта» (сусветна вядомыя шлягеры), а таксама прызнаваліся ў любові да Беларусі і ў прыватнасці да віцебскай публікі.


Фота БЕЛТА

Артысты стараліся ўразіць і публіку, і журы. Адны выконвалі хіты савецкага часу, другія нечакана запісалі ў славянскія аўтары Віктара Цоя і Канстанціна Меладзэ, трэція арыентаваліся на сучасную музычную моду. Беларус Яўген Курчыч замахнуўся ні многа ні мала, як на «Крык птушкі» Уладзіміра Мулявіна — і, як абяцаў, за адведзеныя па рэгламенце чатыры хвіліны здолеў раскрыць і драматычны змест, і нерв, і прыгажосць уласнага голасу. Наогул, публіка падтрымлівала апладысментамі кожны нумар і прымала да сэрца міні-гісторыі, якія расказвалі пра ўдзельнікаў нязменныя вядучыя конкурсу Кацярына Раецкая і Дзяніс Дудзінскі. Жанчыны ў зале ледзь стрымлівалі слёзы і жадалі абавязковай удачы і літоўцу Гражвідасу, які марыць перамагчы праблемы са зрокам і калі-небудзь навучыцца вадзіць машыну, і малдаваніну Саміру Логінаву, які прысвяціў конкурсную песню «Абдымі» маме — яна некалькі месяцаў таму ляжала ў коме... З цеплынёй прынялі гледачы грузінку Тамрыко, чый строгі тата доўгі час не верыў у дачку і лічыў яе захапленне музыкай пустой справай — а пасля выступлення дачкі на ўвесь голас прызнаў, што памыляўся, і блаславіў на далейшы творчы шлях. Але журы ў гэты вечар не было асабліва шчодрым на ацэнкі: у лідары выйшлі прадстаўнікі Беларусі, Польшчы і Казахстана, якія атрымалі па 77 балаў.

У другі конкурсны дзень музычны калейдаскоп закруціўся з яшчэ большай сілай: удзельнікі з Беларусі і Італіі з галавой нырнулі ў рок, выканаўшы хіты Аеrоsmіth і Quееn, расіянка Аляксандра Карабешкіна, наадварот, прымерыла вобраз поп-ідала Брытні Спірс з яе «Оорs! І dіd іt аgаіn». Канкурсанты з Латвіі і Літвы перанеслі на сцэну «Славянскага базару» рытмы «Еўрабачання». Кубінка Рэбека Эмбель праспявала на іспанскай не менш страсны, чым у Глорыі Гейнар, маніфест «Я буду жыць!». Дарэчы, нягледзячы на адносна невысокія балы журы, дзяўчына дакладна ўвойдзе ў гісторыю конкурсу як уладальніца аднаго з самых яркіх сцэнічных вобразаў: у абодва конкурсныя дні спявачка выступала ў адмысловых галаўных уборах, нібыта пазычаных на бразільскім карнавале.

Марчэл Рошка з Румыніі стаў першым, хто набраў максімальныя 80 балаў. Следам усе «дзясяткі» паставіла міжнароднае журы Міле Ніціч з Украіны — хіт «Jе suіs mаlаdе» («Я хворая»), які многія любяць і памятаюць па выкананні Даліды і Лары Фабіян, артыстка не тое што праспявала, а пражыла на сцэне. Але асноўным сапернікам для румынскага спевака стала не яна, а прадстаўнік Казахстана Амрэ. За пранізлівую «Я сплю на ружах» з французскага мюзікла «Моцарт. Рок-опера» ён атрымаў 79 балаў — усяго аднаго (!) не хапіла да максімуму і перамогі. У выніку ў артыстаў з Казахстана і Румыніі аднолькавая сума балаў — па 156. Крыху менш — 154 — набрала ўкраінская спявачка, па 151 бале ў прадстаўніка Беларусі Яўгена Курчыча і Сільвіі з Польшчы. А значыць, інтрыга захоўваецца! Вырашылася яна толькі сёння на ўрачыстым канцэрце закрыцця фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», калі былі ўручаныя ўсе ўзнагароды конкурсу.

Але на момант здачы нумара ў друк вынікі яшчэ былі невядомыя, і члены міжнароднага журы ў кулуарах гаварылі пра складаны выбар. «У сёлетніх канкурсантаў, можа, і не максімальны выканальніцкі ўзровень, але дакладна вельмі высокі. Мяне асабіста радуе, што многія спяваюць сэрцам — гэта самае важнае ў размове са слухачом», — зазначыў знакаміты італьянскі спявак Раберціна Ларэці.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Інтрыга да апошняй ноты

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.