18 Верасень, аўторак

Вы тут

«Славянскі базар у Віцебску»: не «бывай», а «да сустрэчы»!


Учора ў Віцебску пад фанфары і акампанемент ліпеньскага дажджу адбылося ўрачыстае закрыццё XXVІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар»

Песні, усмешкі і цёплыя словы падарылі публіцы (а на маштабны канцэрт з'ехаліся гледачы з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Расіі, Літвы, Украіны, Польшчы і нават з далёкага замежжа) любімыя артысты розных пакаленняў: Раберціна Ларэці, Тамара Гвердцытэлі, Аляксандр Малінін, Дзіяна Гурцкая, Іна Афанасьева, Алена Ланская, Аляксандр Саладуха, Аляксандр Буйноў, Руслан Аляхно, Сяргей Валчкоў, Глеб Мацвяйчук, Раберта Кель Торэс, Інтарс Бусуліс, французскі гурт «The Parakіt» і многія іншыя выканаўцы і калектывы.


Наогул, калі вы дагэтуль лічыце, што «Славянскі базар» — толькі пра музыку, то гэта зусім не так. Фестываль падобны на фантастычны мастацкі букет, і з кожным годам колькасць «кветак» у ім толькі павялічваецца. Чацвёрты год запар ужо на выхадзе з чыгуначнага вакзала кожны госць адчувае асаблівую «базарную» атмасферу проста на вуліцах, дзякуючы паэтам, музыкантам, танцорам, акцёрам, «жывым статуям», мімам і іншым удзельнікам фэсту вулічнай культуры «На сямі вятрах». Віруе, шуміць уздоўж Дзвіны «Горад майстроў», у якім заўжды цікава не проста набыць адмысловы сувенір, а даведацца з першых рук, ад народных умельцаў і рамеснікаў, з чаго ды як ён зроблены. Як і раней, прывабліваюць дарослых і маленькіх гледачоў інтэрнацыянальныя спектаклі ў «Лялечным квартале», стаяць чэргі ў касы Дома кіно, а дасведчаныя тэатралы загадзя пазначаюць сабе ў нататніках даты «Тэатральных сустрэч» з пастаноўкамі розных краін.

У абавязковым парадку месцічы рэкамендуюць паглядзець на музейныя экспазіцыі і мастацкія выстаўкі — «пабываць у Віцебску і не ўбачыць хоць бы музей Шагала недаравальна!». Сотні ўдзельнікаў штогод праходзяць у маладзёжным арт-парадзе і ўдзельнічаюць у разнастайных спартыўных турнірах. Там танчаць, тут спяваюць, тут зачаравана глядзяць і робяць сэлфі... Але, бадай, галоўнае — на любой фестывальнай пляцоўцы, каго з удзельнікаў ні спытай, — кожны прызнаецца, што хацеў бы сюды вярнуцца. «Сюды» — значыць, не проста ў Віцебск, на «Славянскі базар», а ў такі доўгі і кароткі тыдзень, калі можна гуляць па горадзе з раніцы да позняй ночы, заводзіць цікавыя знаёмствы і набываць новых сяброў з розных краін, папросту сустракаць на вуліцах вядомых артыстаў ды напітвацца музыкай і яркімі, летнімі фарбамі да апошняй клетачкі.

Насамрэч фестывальныя акорды яшчэ працягваюць гучаць — сёння гледачоў чакаюць «Тэатральныя сустрэчы» з аперэтай Даўгаўпілскага тэатра «Тайна містара Х» і спектаклем Аляксандра Балуева «Прызнанне», у Летнім амфітэатры праходзяць канцэрты Алены Ваенгі і «Шансон-ТБ», а заўтра сустрэнецца з прыхільнікамі расійскі гурт «Мумій Троль». Але многія ўдзельнікі фэсту прызналіся, што ўжо сумуюць — і спадзяюцца на хуткую сустрэчу са «Славянскім базарам».

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота БЕЛТА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.

Эканоміка

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ці можна кіраваць попытам спажыўцоў?

Ад спантаннай пакупкі са «зніжкай па-беларуску» можна не толькі не атрымаць якой-небудзь эканоміі, але і пераплаціць за яе.

Культура

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

У Мінск прыедуць «Іліяда» на папірусе і найстаражытнейшыя фрагменты Бібліі

Выстаўка адкрываецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

Грамадства

Андрус Пулакас: У Беларусі шукаю не адрозненні, а супадзенні

Андрус Пулакас: У Беларусі шукаю не адрозненні, а супадзенні

З Літвой у нас агульнае гістарычнае мінулае, і зараз яна – наша бліжэйшая суседка ў Еўрасаюзе.