Вы тут

Ці можна падарожнічаць «у доме на калёсах»?


Гэтым разам у пошце рубрыкі простыя пытанні — прынамсі, на першы погляд: ці можна «ўбіраць пакоі», падарожнічаць «у доме на калёсах» і замест прывычнага слова «спачатку» пісаць і казаць, напрыклад, «па першым часе»?


Як заўжды, на моўныя пытанні чытачоў адказваюць стыльрэдактары «Звязды» Алесь Саламевіч і Леў Глушыцкі.

1. Першае значэнне слова ўбраць — «сабраць ураджай». Тых жа сельскагаспадарчых культур, напрыклад. У другім — гэты дзеяслоў можа быць сінонімам слова ўпрыгожыць. «А самае Азярко Дзед убраў прыгожаю вадзяною лотаццю, засеяў пахучым аерам і развёў цэлыя нівы чаротаў», — чытаем у Якуба Коласа.

Таму калі пакой (пакоі) і можна ўбраць, то толькі нечым прыгожым, напрыклад кветкамі або гірляндамі. А вось калі гаворка пра тое, каб зрабіць яго чыстым, то трэба ўжываць слова прыбраць.

Не варта забываць, што дзеясловы ўбрацца, убірацца ў нашай мове таксама не звязаны з навядзеннем чысціні. Убіраюцца звычайна ў прыгожае адзенне: дзяўчаты і жанчыны — у сукенкі, хлопцы і мужчыны — у гарнітуры.


2. Дом на калёсах (калі гаворка пра аўтамабіль, у якім можна падарожнічаць, жыць) — адназначна грубая памылка. Калёсы (слова выкарыстоўваецца толькі ў множным ліку) — гэта па-беларуску павозка, у якую запрэжаны коні. А множны лік слова кола — колы. Таму правільна казаць і пісаць — дом на колах.


3. Сінонімаў у слова «спачатку» шмат: перш, найперш, спярша, перш-наперш, адразу, у першую чаргу, перад гэтым, перад усім, на першым часе... У артыкуле «Сінтаксіс адкрыты і схаваны» вядомы мовазнавец Алесь Каўрус слушна заўважаў, што прыназоўніка па ў падобных канструкцыях трэба пазбягаць. А вось прыклады выкарыстання выразаў на першым часе, на першых часах: Але бэз у гэтую вясну на першым часе не хваляваў мяне і не радаваў зусім (Іван Навуменка). Адтуль на першых часах яна таксама пісала да Парулі, але не часта... (Цішка Гартны).

Выраз на першым часе ёсць і ў даведніках. Напрыклад, яго як адзін з варыянтаў перакладу рускага первое время падае акадэмічны «Руска-беларускі слоўнік».


У абарону слоў

Напамінак, напамін, напамінаць, памінаць, успамін — усё гэта сваякі нашага слова ўспамінаць. Ужываецца яно і ў выразах памянуць (успомніць) добрым словам, памянеш (папомніш, успомніш) маё слова. Выкарыстоўвалі яго, вядома ж, і нашы класікі. Дык ці трэба шукаць яму замену?

Сёння распаўсюджаным варыянтам яе выступае слова ўзгадваць. Аднак перасцеражом ад яго ўжывання, бо такога слова, як неаднойчы ўжо пісалі ў сродках масавай інфармацыі, у нарматыўнай мове няма ўвогуле. Ёсць згадваць і прыгадваць. Але і іх трэба ўжываць на сваім месцы. Як і ўспамінаць — на сваім

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».