24 Верасень, панядзелак

Вы тут

Як правільна харчавацца з дыягназам «хранічная сардэчная недастатковасць»?


Адказвае загадчык аддзялення прафілактыкі 31-й гарадской паліклінікі г. Мінска Таццяна ПЛІСЮК.


— Хранічная сардэчная недастатковасць (ХСН) — захворванне з комплексам характэрных сімптомаў: задышкай, стамляльнасцю, зніжэннем фізічнай актыўнасці, якія звязаны з недастатковым кровазабеспячэннем органаў у стане пакою ці падчас нагрузкі. Як правіла, ХСН з'яўляецца наступствам нялечанай ішэмічнай хваробы сэрца ці прагрэсам гэтага захворвання. Часта хвароба суправаджаецца затрымкай вадкасці ў арганізме. Звычайна гэта ўзроставыя і дастаткова цяжкія пацыенты, якіх лёгка вызначыць па ацёках на нагах, твары, нярэдка яны маюць варыкознае расшырэнне вен. Каб вадкасць не затрымлівалася ў арганізме, у тым ліку ў сардэчнай сумцы і лёгкіх, хворым важна прытрымлівацца ўмеранага пітнога рэжыму і абмяжоўваць ужыванне солі. Два літры вады ў суткі — гэта рэкамендацыя для фізічна актыўных людзей больш маладога ўзросту. Для пацыентаў з ХСН норма складае каля літра вадкасці. Яе індывідуальна разлічвае ўрач, зыходзячы з узросту і масы цела. Варта памятаць, што пры падліку вадкасці трэба ўключаць не толькі ваду, але і кампоты, гарбату, супы — усё, што ўжываеце за дзень. У летнюю спякоту магчыма крыху павялічыць гэту норму.

Абмежаванне солі таксама неабходная мера, бо соль затрымлівае вадкасць у арганізме. Ужываць трэба не больш за паўтара грама ў суткі. Гэта значыць, што ежу лепш увогуле не саліць, бо соль вытворцы дадаюць ва ўсе гатовыя прадукты, якія мы набываем, напрыклад, у той жа хлеб. Не варта і пярчыць стравы, бо спецыі ўзмацняюць смагу. Дарэчы, хворым з артэрыяльнай гіпертэнзіяй абмяжоўваць ужыванне солі таксама важна, але тут норма — 5-6 грамаў у суткі.

Вітаміны — важная складальная харчавання ўсіх людзей, у тым ліку і хворых з ХСН. Ім карысныя чарнасліў, курага, разынкі, якія ўтрымліваюць калій. Таксама ён уваходзіць у склад такіх прэпаратаў, як аспаркам, панангін, яны паляпшаюць сардэчную дзейнасць. Многія ўвогуле лічаць калій ледзьве не панацэяй, але тут ёсць асаблівасці. Важна памятаць, што пры ХСН у некаторых пацыентаў можа ўзнікнуць гіперкаліемія: такі эфект дае малая колькасць ужытай вадкасці ў сукупнасці з прэпаратамі калію. Таму перад іх прыёмам неабходна атрымаць рэкамендацыю ўрача, які арыентуецца на паказчыкі біяхімічнага аналізу крыві і ацэньвае стан пацыента. Многія хворыя з ХСН і самі ведаюць: калі сёння з'еў нешта салёнае, заўтра трэба выпіць мачагонны прэпарат, бо ў адваротным выпадку з'явяцца ацёкі, а да мачагоннага трэба дадаваць прэпарат калію.

ХСН лечыцца медыкаментознымі метадамі, пацыенты павінны пастаянна прымаць прэпараты, а дыета — толькі дадатак, які дапамагае не ўзмацняць цячэнне хваробы. Акрамя дыеты павінна прысутнічаць і хоць бы мінімальная рухальная актыўнасць. Карысная тая ж дыхальная гімнастыка з раніцы, бо калі ХСН суправаджаецца застоем па малым крузе кровазвароту, такія пацыенты пакутуюць ад кашлю. Памяшканне, дзе знаходзяцца такія хворыя, павінна добра праветрывацца і асвятляцца, каб не з'яўлялася вільгаці і цвілі, якія садзейнічаюць узнікненню прастуды і вірусных інфекцый. Па меры магчымасці пацыенты з ХСН павінны выходзіць на пешыя прагулкі.

Алена КРАВЕЦ

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Цырымонія развітання з Анатолем Капскім прайшла ў «Барысаў-Арэне»

Грамадзянская паніхіда працягвалася больш за дзве гадзіны ў "Барысаў-Арэне".

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.