Вы тут

Нацыянальная літаратурная прэмія: значна больш!..


Якія змены адчуюць сёлета намінанты?


У ліпені скончыўся прыём заявак на Нацыянальную літаратурную прэмію. Колькасць прэтэндэнтаў на літаратурную ўзнагароду расце: сёлета на разгляд экспертнай камісіі паступіла 58 кніг. Але названыя імены ўдзельнікаў конкурсу 2018 года — не галоўная навіна. Выйшла новая пастанова аб парадку правядзення прэміі, дзе прапісаныя прынцыповыя адрозненні ад арганізацыі папярэдніх гадоў.

Начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, старшыня экспертнай камісіі Нацыянальнай літаратурнай прэміі Алена Паўлава паведаміла, што 20 чэрвеня 2018 года Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь прынятая пастанова № 468 «Аб зацвярджэнні палажэння аб парадку правядзення Рэспубліканскага конкурсу “Нацыянальная літаратурная прэмія”». Гэтая пастанова амаль па ўсіх пунктах паўтарае папярэднюю, але ўнесеныя і прынцыповыя змены. Так, самае значнае для ўдзельнікаў адрозненне — гэта грашовы памер прэміі. Калі раней літаратары атрымлівалі ўзнагароду ў 30 базавых велічынь у намінацыях «Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі», «Лепшы твор прозы», «Лепшы твор драматургіі», «Лепшы твор публіцыстыкі», «Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства», «Лепшы твор для дзяцей і юнацтва» і 15 базавых велічынь у намінацыі «Лепшы дэбют», то цяпер грашовае вызначэнне прэміі павялічылі да 100 базавых велічынь у 6 асноўных катэгорыях і да 50 базавых велічынь для дэбютантаў.

Змяніўся і тэрмін прыёму заявак. Экспертнай камісіі і прафесійнаму журы было цяжка працаваць па папярэднім раскладзе: калі заяўкі на конкурс прыходзілі да 1 ліпеня, эксперты мелі толькі два месяцы на азнаямленне з творамі, а ў журы, дзе праца пачыналася толькі пасля работы камісіі, увогуле амаль не заставалася часу на прыняцце выніковага рашэння. З улікам гэтых абставінаў у новай пастанове дакументы на ўдзел прапанавалі прымаць да 1 красавіка, каб камісія спакойна чытала работы. Журы пачне разглядаць кнігі з сярэдзіны чэрвеня, а пераможцаў конкурсу назавуць ужо на пачатку жніўня. Нягледзячы на новыя тэрміны, свае прэміі фіналісты будуць атрымліваць падчас Дня беларускага пісьменства, які гэтым разам ладзіцца 2 верасня ў горадзе Іванава Брэсцкай вобласці. Сёлета камісія і журы працуюць у адпаведнасці з тэрмінам, прадугледжаным правіламі мінулых гадоў (новая пастанова з’явілася толькі напрыканцы чэрвеня), але грашовую прэмію пераможцы атрымаюць згодна з палажэннем 2018 года.

Нацыянальная літаратурная прэмія становіцца для беларусаў больш адкрытай: калі ранейшая інструкцыя не прадугледжвала абавязковай публікацыі даных, то новая пастанова абавязвае арганізатараў друкаваць спіс кніг, якія паступілі на конкурс, на афіцыйным сайце Міністэрства інфармацыі Беларусі і ў СМІ (газета «Літаратура і мастацтва»).

У іншых важных пунктах інструкцыя аб парадку арганізацыі і правядзення конкурсу, з якой можна азнаёміцца на сайце Міністэрства інфармацыі Беларусі, застаецца нязменнай. На Нацыянальную літаратурную прэмію маюць права прэтэндаваць усе паэты і празаікі, незалежна ад іх прыналежнасці да пісьменніцкіх арганізацый. Заяўкі прымаюцца як ад фізічных асоб, так і ад арганізацый. Галоўнае — надрукаваць варты твор і правільна аформіць заяўку.

— Прэтэндэнты на Нацыянальную літаратурную прэмію павінны вельмі адказна ставіцца да ўмоў конкурсу, — адзначае начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алена Паўлава. — Камісія не дапускае да ўдзелу кнігі, якія парушаюць патрабаванні з інструкцыі. Парушэнні сустракаюцца розныя: нехта дасылае на конкурс кнігі, што выйшлі не ў азначаны ўмовамі прамежак часу (сёлета гэта публікацыі з 1 студзеня па 31 снежня 2017 года), хтосьці прыносіць кнігу без патрэбных дакументаў ці, наадварот, прадстаўляе ўсе адпаведныя паперы, але не далучае для камісіі сам твор (у інструкцыі прапісаны абавязковыя два асобнікі). Нацыянальная літаратурная прэмія — прэстыжны рэспубліканскі конкурс, і камісія звяртае ўвагу на адказнае стаўленне ўдзельніка да правілаў. Калі на конкурс паступае не проста кніга з заявай, а далучаецца яе кароткае апісанне, звесткі пра аўтара, водгукі на мастацкі твор у прэсе ды іншыя даныя, то такога прэтэндэнта на перамогу адразу разглядаюць як сур’ёзнага аўтара.

Журы рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная літаратурная прэмія — 2018» таксама складаецца з сур’ёзных экспертаў. Гэтым разам прысуджаць прэмію будуць член Прэзідыума і Праўлення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі», прафесар, доктар філалагічных навук Іван Саверчанка (сустаршыня журы); першы намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Павел Лёгкі (сустаршыня журы); першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах; член Прэзідыума і Праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак; член Прэзідыума і Праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка» Уладзімір Ліпскі; член Прэзідыума і Праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат першай Нацыянальнай літаратурнай прэміі Уладзімір Саламаха; член Прэзідыума і Праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі Георгій Марчук; член Саюза пісьменнікаў Беларусі Алег Ждан; начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алена Паўлава.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.