Вы тут

Пікнік беларускага слова


Калі раптоўна сярод гарачага лета неба засцілаюць свінцовыя хмары, уздымаецца шалёны вецер, прырода бушуе, раззлаваная ці то на людзей, ці то на нешта сваё, невядомае, а ты ў дарозе, у чужым краі ў лёгкіх летніх строях, як вытрымаць, не змерзнуць, не прастудзіцца?


Зусім проста. Трапіць да мілае сябрыны, дзе не толькі апрануць у цёплыя каптанікі, сагрэюць кавай-гарбатай, але створаць дзівосны свет цікавага сумоўя, дзе будуць гучаць цёплыя словы, вершы, песні. Усё гэта — у Краіне адкрытых акяніцаў, на Беласточчыне, у знакамітай колісь Трасцянцы, радзіме беларускага пісьменніка Віктара Стахвюка. Ужо пяты раз напрыканцы чэрвеня ладзіў ён у лесе, у незвычайным месцы з даўняю назваю Замак літаратурныя сустрэчы, якія назваў «Пікнік беларускага слова».

Краіна адкрытых акяніцаў — праўда, прыгожа? Бо многія хаты (а ў большасці яны тут драўляныя) расчынілі свае вокны дзівоснымі каляровымі ўзорамі, глядзяць на свет, радуючыся жыццю. Гэта назва не проста выдумка тутэйшае інтэлігенцыі. Яна «ўзаконена», красуецца на дарожным знаку пры ўездзе ў Трасцянку. Журналістка Яна Запольская кажа, што прывезена гэтая краса на Беласточчыну з бежанства. Магчыма. Але адкрытыя акяніцы ўжо так даўно ўпрыгожваюць хаты, што сталіся адметнасцю краю. Віктар Стахвюк вярнуўся ў родную Трасцянку, збудаваў хату, працуе на зямлі, упрыгожвае яе, садзіць дрэвы. Ужо цэлы лес шуміць, узгадаваны рукамі гаспадара і ягонай мілай жонкі пані Альжбеты. Малады лес трэба яшчэ і палоць — праца жаночая. Тры гады рабіла гэта гаспадыня. А пасля касіць траву між маладых дрэўцаў даводзілася касою. Навучылася! Зараз косіць гаспадар. Трактарам. Праца паэтычная! Бо размаўляе з бусламі, птахамі, дрэвамі, кветкамі. А яны нашэптваюць яму гісторыі гэтай зямлі, падказваюць сюжэты будучых твораў. Віктар Стахвюк піша вершы, прозу, стварае мастацка-гістарычны нарыс роднага краю. Прадстаўнік беларускіх пісьменнікаў Польшчы, актыўны ўдзельнік літаратурных імпрэз. А ладзяцца яны звычайна ва ўніверсітэце, дзе працуюць прафесары Галіна Тварановіч і Ян Чыквін. Вось жа, вырашыў аднойчы пісьменнік з Трасцянкі слова літаратурнае перанесці ў шырэйшы свет, у свой Замак. Вырашыў і зрабіў, бо Віктар — чалавек слова і справы. Запрашае пісьменнікаў, якія чытаюць свае творы, суседзяў, сяброў, што чакаюць такіх сустрэч як свята. Для люду тутэйшага, што жыве з працы рук сваіх, гэта магчымасць пачуць галасы творцаў з розных бакоў мяжы, далучыцца да мастацкага слова, паспяваць песні. Якія галасы ў сяброў Віктара! Не расказаць. Гэта трэба пачуць.

Цікавыя мясцовыя паэткі Барбара Гаральчук, Лідзія Длугалэнска, госці з Беларусі паэтка Ірына Мацкевіч, пісьменнік Алесь Аркуш і іншыя парадавалі слухачоў чытаннем твораў. Пісьменнікі абмяняліся новымі кнігамі, бо шануюць плён працы сваіх калег.

Доўга гучалі ў старажытным Замку размовы, несліся ў прастору гучныя спевы. Заўсёды будзе грэць маю душу згадка пра Краіну адкрытых акяніцаў.

Альжбета КЕДА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?