Вы тут

Як наша краіна рухаецца да выканання Мэт устойлівага развіцця ААН


Як наша краіна рухаецца да выканання Мэт устойлівага развіцця ААН, што адбываецца ў Беларускім саюзе жанчын і як рэалізуецца дэкрэт аб занятасці насельніцтва. Гэтыя тры пытанні абмеркаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка разам з Мар'янай Шчоткінай, намеснікам старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, нацыянальным каардынатарам па дасягненні МУР, старшынёй Беларускага саюза жанчын.


Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што калісьці мы дамовіліся, што будзем садзейнічаць плану ААН у дасягненні Мэт устойлівага развіцця да 2030 года, бо гэта таксама і ў нашых інтарэсах. Згодна з імі, развіццё павінны атрымаць усе краіны, у тым ліку Беларусь. Аляксандр Лукашэнка спытаў нацыянальнага каардынатара, як ідзе работа ў гэтым напрамку.

Таксама Прэзідэнт спытаў пра грамадскую арганізацыю, у якой старшынствуе Мар'яна Шчоткіна. На яго думку, гэта вельмі важна, бо, гаворачы пра грамадзянскую супольнасць, маюць на ўвазе і ветэранаў, і моладзь, і членаў прафсаюзаў і Беларускага саюза жанчын... «Гэта асноўная частка грамадзянскай супольнасці Беларусі. Таму я назіраю збоку, як там ідуць справы», — адзначыў кіраўнік дзяржавы і прапанаваў даведацца, як развіваюцца падзеі, з першых вуснаў.

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў, што даручаў назіраць за рэалізацыяй новай рэдакцыі дэкрэта па стымуляванні занятасці насельніцтва. Прэзідэнт пацікавіўся і гэтай тэмай.

Мар'яна Шчоткіна расказала, што сёння Беларусь займае асаблівае месца ў еўрапейскім рэгіёне і краінах СНД у дасягненні МУР. Мы знаходзімся на лідзіруючых пазіцыях. Пасля размовы з Прэзідэнтам яна ўдакладніла, што за мінулы год створана нацыянальная сістэма кіравання ў галіне МУР. Таксама важна мець магчымасць ацаніць прагрэс на гэтым шляху. Для гэтага да канца года плануецца сабраць усе паказчыкі на адну платформу.

Як каментуе нацыянальны каардынатар, мэты ўстойлівасці — гэта захаванне чысціні паветра, вады, зямлі, рост узроўню дабрабыту людзей і якасці жыцця. І гэтыя асноўныя мэты замацаваныя ў нашых магістральных дакументах.

Зараз распрацоўваецца Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця да 2035 года. Тое, што ў яе будзе закладзена, — перспектывы развіцця краіны. Гэта работа ідзе комплексна, структуравана і ў супрацоўніцтве з рознымі ведамствамі. У студзені прапануецца правесці нацыянальны форум па МУР, дзе будуць у тым ліку абмеркаваны прапановы па павышэнні эфектыўнасці стратэгіі.

Мар'яна Шчоткіна таксама лічыць, што вельмі важна перайсці на лакальны ўзровень. Нельга меркаваць толькі па сярэдніх паказчыках. Неабходна глядзець на месцы і вырашаць, якія меры прымаць для развіцця.

Акрамя таго, старшыня Беларускага саюза жанчын расказала, што падчас размовы кіраўнік дзяржавы прапанаваў больш эфектыўна вылучаць жанчын на кіраўніцкія пасады ад БСЖ. Тых, хто жадае бачыць сябе і ў гэтым працаваць.

Што наконт дэкрэта аб садзейнічанні занятасці, тут галоўным пытаннем з'яўляецца фарміраванне базы. Зараз яна рыхтуецца, праведзена вучоба па ўсіх рэгіёнах. Мар'яна Шчоткіна заўважае, што вельмі важна, каб не было мінулых памылак, каб з кожным чалавекам размаўлялі. Прапанавана, калі дэкрэт запрацуе са студзеня, ужо з верасня апрабаваць гэтую базу, каб ліквідаваць недахопы.

Надзея АНІСОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».