Вы тут

Гран-пры «Славянскага базару» паедзе ў Румынію


Узнагароды конкурсу выканаўцаў эстраднай песні былі ўручаныя падчас урачыстай цырымоніі закрыцця XXVІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».


Па выніках двух конкурсных дзён адразу два ўдзельнікі набралі аднолькавую колькасць балаў, а таму ўсё залежала ад вырашальнага голасу старшыні інтэрнацыянальнага прафесійнага журы — кампазітара, народнага артыста Расіі, Малдовы і Украіны Аляксандра Марозава. У выніку Гран-пры конкурсу — «Залатую ліру» і грашовы прыз у памеры 20 тысяч долараў — атрымаў спявак з Румыніі Марчэл Рошка, які на працягу ўсяго творчага спаборніцтва дэманстраваў выдатны музычны густ і віртуознае валоданне голасам.

«Мы спецыяльна трымалі інтрыгу да апошняга і не каментавалі чуткі аб тым, хто пераможа, — адзначыў старшыня журы Аляксандр Марозаў. — Але, як мне падалося, гледачы салідарныя з нашым выбарам. За сябе скажу так: не мае значэння, сучасная гучыць песня, альбо рэтра, альбо народная, у якім яна стылі і на якой мове, — яе можна выканаць таленавіта або не таленавіта. Калі ты сядзіш у журы і забываеш, што павінен выстаўляць адзнакі, а ўнутры адбываецца такая хімія, калі кожная нота, кожнае слова адгукаюцца ў сэрцы, — вось паказчык».

Што да пераможцы, то Марчэлу Рошку нядаўна споўнілася 28 гадоў і да музыкі малады чалавек мае самае непасрэднае дачыненне. Па прафесіі ён дырыжор, заснавальнік джазавага калектыву пры Нацыянальным музычным універсітэце Румыніі, супрацоўнік аркестра, кампазітар і часты госць на румынскім тэлебачанні і радыё. На «Славянскім базары» ў яго спыталі, што рабіць цяжэй: спяваць альбо дырыжыраваць? «Дырыжыраваць, адначасова спяваючы», — з гумарам адказаў Марчэл. У спевака наогул рознабаковыя музычныя інтарэсы: так, ён з аднолькавым імпэтам расказвае, як дайшоў да фіналу талент-шоу «Голас Румыніі» і «Х-Фактар» і як працуе рэгентам хору ў адной з цэркваў Бухарэста. «Я вельмі шчаслівы, — прызнаўся ён пасля цырымоніі ўзнагароджвання. — Давялося шмат папрацаваць над сабой, але вынік быў гэтага варты. Адчуваю, што гэта проста мой год, калі ўсё складваецца і атрымліваецца, як марыў. Ці думаў, на што патраціць грашовы прыз? Хутчэй за ўсё, на творчасць: запішу новыя песні, буду рыхтавацца, каб прадставіць сваю краіну на іншых міжнародных конкурсах. «Еўрабачанне»? А чаму б і не, гэта адназначна вялікая культурная падзея і цікавы творчы вопыт!»

1-я прэмія конкурсу выканаўцаў з грашовым дадаткам у 15 тысяч долараў дасталася казахстанцу Амрэ, 2-я прэмія і прыз у памеры 10 тысяч долараў — украінскай спявачцы Міле Ніціч. 5 тысяч долараў і 3-е прызавое месца падзялілі прадстаўніца Польшчы Сільвія і беларус Яўген Курчыч. «Ці засмучаны я вынікам? Па шчырасці, не. Кожны конкурс — гэта карысны вопыт і школа жыцця. Хоць, зразумела, падрыхтоўка, барацьба, чаканне вынікаў — усё гэта насамрэч складана, — падзяліўся ўражаннямі Яўген. — Тым больш што я літаральна з карабля на баль адразу са «Славянскага базару» адправіўся ў родны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, дзе выкладаю і ўзначальваю сёлета камісію на ўступных экзаменах».

Акрамя таго, былі ўручаныя некалькі спецыяльных прэмій. Прызы ад Пастаяннага камітэта Саюза Беларусі і Расіі атрымалі беларус Яўген Курчыч і расіянка Аляксандра Карабешкіна. Таксама спявачцы з Расіі — яна, дарэчы, самая юная з сёлетніх удзельнікаў, Сашы ўсяго 18 гадоў — быў уручаны спецыяльны прыз Прэзідэнта Беларусі «Славянская надзея». Прыз ад Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір» «Песня — шлях да Садружнасці» дастаўся спявачцы Тамрыко з Грузіі, а спецыяльная ўзнагарода імя Уладзіміра Мулявіна «За найлепшае ўвасабленне нацыянальнай тэмы і высокае выканальніцкае майстэрства» сёлета адправіцца на далёкую Кубу з каларытнай Рэбекай Эмбіль.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.