Вы тут

«Зорны» выхад


Як той казаў: калі «зоркі» «запальваюць», значыць, гэта некаму патрэбна? Зрэшты, нас ужо даўно не пытаюць: цікава, не цікава, трэба, не трэба... «Запальваюць»! Атрымай і распішыся! Прычым я, зразумела, зусім не пра творчасць. За апошні час такая колькасць вядомых асоб адзначылася зусім у іншым, адрозным ад названай сферы, плане, што не заўважыць гэтую актыўнасць было проста немагчыма. Адзін суцэльны «зорны» выхад!


Вось, напрыклад, пераможца «Еўрабачання-2014» Канчыта Вурст кардынальна змяніла (змяніў?) свой вобраз, з-за чаго яе ледзьве пазналі (на здымку). Дагэтуль насіла яркі макіяж, чорную бараду і доўгія цёмна-каштанавыя валасы. («Вось так, зробіш чалавеку камплімент наконт прыгожых вусоў — і ўсё, яна з табой больш не размаўляе!») На адным са свецкіх мерапрыемстваў выканаўца з'явілася з высветленай барадой і валасамі колеру «плацінавы блонд». Канчыта Вурст адрэзала сабе чубок і пазбавілася ад задзірлівага макіяжу. На фестывалі пераможца песеннага конкурсу пазіравала фатографам (гэта для паўнаты вобраза) на чырвонай дарожцы ў белым камбінезоне з глыбокім дэкальтэ... («Дзяўчаты, хопіць ужо вам так фоташопіць свае здымкі. Што будзе, калі ты згубішся? Як мы зможам знайсці цябе, калі ў «Інстаграме» ты выглядаеш як Беёнсэ, а ў жыцці — як Ігар Нікалаеў».)

Анастасія Валачкова нядаўна зноў «парадавала» здымкамі свайго свежага шпагату. Вам цікава, вам яно трэба? Ужо якіх толькі і дзе яе расцяжак мы не нагледзеліся... Колішняя балерына першапачаткова настроілася на такую рэакцыю карыстальнікаў сеціва, таму суправадзіла фатаграфіі здзеклівым подпісам: «Прыводжу ў шаленства? Стараюся як магу!» Што, атрымалі? А дагэтуль Валачкова зладзіла на яхце не вельмі прыстойную фотасесію, без сораму выклаўшы здымкі ў інтэрнэт... Як яшчэ толькі подпіс-мем не выкарыстала «Вар'яцееш, бо — не твая!». Гавораць, Анастасія вельмі зайздросная нявеста, вось толькі з абраннікам ёй пакуль не шанцуе. Можа, уся справа ў гэтым? («Кожная жанчына ўнікальная сама па сабе. Але калі яна занадта ўнікальная, дык яна сама па сабе».)

Алена Кандулайнен, першы савецкі секс-сімвал, ужо двойчы бабуля. Чаго не хапае ёй, 60-гадовай? Колішняй славы? («Прыходзіш у шаленства, калі ты малодшы лейтэнат і з табой усе хочуць патанцаваць. А потым ты становішся палкоўнікам і табе ўжо ніхто не піша».) Кандулайнен у водпуску на Крыце вырашыла паўтарыць сюжэт карціны Бацічэлі «Нараджэнне Венеры»: сфатаграфавалася аголенай у марскім прыбоі. Абышлася, пішуць, нават без ракавіны. Нешта падобнае, памятаецца, ужо рабіла значна маладзейшая расійская актрыса Любоў Талкаліна. («— Вы так молада выглядаеце. У чым ваш сакрэт? — Мне дваццаць».) Ды я не супраць і Венеры ў іншым выкананні, навошта толькі потым абавязкова дзяліцца вынікам публічна? («Усміхаюся непрыгожым хлопцам у аўтобусе, каб падняць ім самаацэнку». Зінаіда Мікалаеўна, 62 гады, пенсіянерка».)

Кім Кардаш'ян зладзіла модную фотасесію на фоне... смеццевых бакаў. Ідэя была ў тым, каб паказаць, што думаюць людзі, называючы сябе «смеццем» (нішто ў жыцці не вечнае). Такі адмысловы «жанр», калі фатаграфуюцца на фоне сметніц, на прасторах сеціва існуе ўжо даўно (хоць не думаю, што яго аматары ўкладваюць насамрэч такі глыбінны сэнс, там гаворка, хутчэй, пра кітч), цяпер вось, выходзіць, і «зорка» ім не пагрэбавала. Кардаш'ян знялася ў калготках, топе і футрачку, ад штаноў ці спадніцы, а таксама абутку вырашыла адмовіцца. Некаторыя паклоннікі з'едліва заўважылі, што мадэль нарэшце знайшла сваё сапраўднае месца. Іншыя нагадалі пра дрэнны прыклад для яе дзяцей. Дык грошы! А ўжо Кардаш'ян — слынны спецыяліст па іх заробліванні на чым хочаце. Скажам, з таго моманту, як яна вырашыла выпускаць духі імя сябе самой («Цела Кім Кардаш'ян»), «зорку» рэдка бачаць апранутай. Нават флакончык парфумы зроблены ў форме аголенага бюсту ўладальніцы самай уражальнай «пятай кропкі» Амерыкі — для гэтага рабілі злепак з натуры. Маўляў, пах, як і ад яе самой. («Добрая парфума як бы нагадвае нам, што грошы такі пахнуць».) І ў пацвярджэнне — фота аголенай у сеціве, толькі з прыкрытымі рукамі інтымнымі месцамі...

Стрыптыз можа быць не толькі фізічны. Спявачка Саці Казанава ў перадачы «Сакрэт на мільён» падрабязна расказала пра раман з жанатым алігархам. («— Слухай, Каця, я даведаўся, што ты мне здраджваеш. — Няпраўда. — Да таго ж з італьянцам. — Ну, гэта ўжо зусім няпраўда».) Пра яго шчодрасць, пра тое, што хацела нарадзіць дзіця і нават была не супраць стаць жонкай у гарэме... («— Вася, заўтра наша вяселле, і я хачу прызнацца табе ва ўсіх грахах! — Пачакай, ты ж тыдзень таму ўжо прызналася. — Ну... ёсць свежыя даныя».) На «зорку» абрынуўся шквал крытыкі. У абарону жонкі мусіў выступіць яе муж, італьянскі фатограф. («Вось, бывае, заплануеш з чалавекам ідэальныя адносіны. А ён дзейнічае не па плане».) У выніку той... абвінаваціў усіх і ўся, бо Саці, маўляў, адданая каштоўнасцям, на якіх вырасла (?). «У жыцці важна не тое, што ты робіш, а тое як», — сказаў італьянец...

Напрыканцы агульнае. «Няма такой сітуацыі, з якой нельга выйсці з ганьбай». Балазе, хоць у нас гэтага няма.

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».