Вы тут

Жыхарка Смалявіцкага раёна ўтрымлівае краму тавараў для творчасці


Напэўна, ніхто не будзе спрачацца з тым фактам, што даволі шмат людзей ходзяць на працу... проста па завядзёнцы, з вялікай неахвотай. І ў кожнага свае прычыны: не пашанцавала з кіраўніком, зарплата малая, руціна... І наогул — «гэта зусім не тое, чым мне хацелася б займацца ў жыцці»... Але сярод нас ёсць і такія шчасліўчыкі, якія здолелі любімую справу зрабіць прафесіяй. Сярод іх — жыхарка Смалявіцкага раёна Анастасія Сазонава. У маладой жанчыны — прыватная крама тавараў для творчасці.


Першы выраб, створаны ўласнымі рукамі яшчэ ў дзяцінстве, суразмоўніца памятае вельмі добра. Гэта быў маленькі дзявочы бранзалет з бісеру... З таго самага часу Анастасія неразлучная з гэтым матэрыялам. Сваёй любімай творчасцю дзяўчына займалася і падчас атрымання прафесіі інжынера-эканаміста ў Жодзінскім тэхнічным тэхнікуме, і працягваючы навучанне ў Беларускім нацыянальным політэхнічным універсітэце, і працуючы па спецыяльнасці на прадпрыемстве ў Смалявіцкім раёне... За дваццаць з лішкам гадоў у Анастасіі набралася шмат цікавых і эксклюзіўных рэчаў: бранзалеты і завушніцы, пацеркі і брошкі, кветкавыя кампазіцыі, так званыя дрэвы шчасця і нават карціны.

Праца на прадпрыемстве Анастасію заўсёды задавальняла, але ж у самых патаемных марах хацелася мець «уласную справу». Каб ні ад кога не залежыць і, калі прыйдзе час, перадаць яе ў спадчыну дзвюм дачушкам — Ксюшы і Веры. Таму, калі паўстала пытанне аб выхадзе на ранейшае рабочае месца пасля двух дэкрэтных водпускаў, рашэнне было прынята хутка: уласнаму бізнесу — быць. На сямейнай нарадзе датацыю ад дзяржавы вырашылі не браць, абысціся ўласнымі сродкамі. Таму і пачынала Анастасія Сазонава зусім з малога — латка на смалявіцкім рынку. Цяпер жа, праз тры з нечым гады, мае невялічкую крамку плошчай 20 квадратных метраў — сапраўдны рай для хэндмэйдараў. У вялікім асартыменце тут прадстаўлена пража: не сакрэт, што амаль самае распаўсюджанае жаночае захапленне — вязанне. Ёсць багаты выбар бісеру і спадарожных тавараў — зашпілек, лёсак і іншага. Знайшлося месца і найноўшым хобі: паеткі, мулінэ, фааміранавае палатно (спецыяльны гнуткі матэрыял для рукадзелля, ён можа прымаць розныя формы), стужкі рознай шырыні для вышываных карцін, фетр, тканіны. Дарэчы, гаспадыня плануе ў далейшым больш увагі ўдзяляць менавіта тканінам і пашырыць іх асартымент.

...Прадпрымальніца прызнаецца, што спаць ёй даводзіцца ў сярэднім толькі па шэсць гадзін у суткі, бо яна — і бухгалтар, і маркетолаг, і забеспячэнец, і дызайнер, і непасрэдна творца і рамеснік... А яшчэ матуля і жонка. Усё ў адной асобе. Але Анастасія прызвычаілася, навучылася планаваць час, і на ўсе гэтыя іпастасі яе хапае. З дачушкамі, зразумела, дапамагаюць бабулі. Муж Андрэй, канешне, — надзея, апора і самы моцны «тыл». Інакш ніяк не здолела б справіцца, прызнаецца жанчына.

Я спытала: ці цяжка гэта — мець уласны бізнес? Ці прыносіць ён добрыя грошы? Ды і наогул, ці не шкадуе Анастасія аб тым, што ўзялася за такую справу і, каб была магчымасць павярнуць час назад, ці пайшла б зноў па гэтым шляху? Суразмоўніца адказала, што, хоць аб вялікіх грашах гаворкі не ідзе і цяжкасцяў дастаткова, але ж, нягледзячы ні на што, зрабіла б тое самае. Бо няма большага шчасця, чым штодня з задавальненнем крочыць на працу, займацца ў жыцці тым, што падабаецца, — дзеля дабрабыту тых, каго любіш больш за ўсё на свеце.

Паліна ПРАКАПЕНЯ

Загаловак у газеце: Прадпрымальнае хобі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?