21 Верасень, пятніца

Вы тут

Як металург стаў кветкаводам


Калі задумацца, якія прафесіі найперш падыходзяць для мужчыны, адразу ў галаву прыходзяць простыя прыклады: сталявар, будаўнік, міліцыянер, урач...


Але прэч стэрэатыпы! Знаёмцеся: Уладзіслаў Саковіч, металург па адукацыі і кветкавод па сваім цяперашнім занятку.

— Як кожны мужчына, я марыў аб адпаведнай «мужнай» прафесіі. — Нашу размову жыхар гарпасёлка Акцябрскі Гомельскай вобласці пачаў з прыветлівай усмешкі. — Геаграфічна блізка ад нас знаходзіцца металургічная сталіца — Жлобін. Прываблівалі і расказы старэйшых, хто працаваў на заводзе: павага і пашана людзям цяжкай вытворчасці была гарантаваная. На сталявара я пайшоў вучыцца ў Жлобінскі металургічны каледж. Праляцелі гады вучобы. Праца непасрэдна на прадпрыемстве мала адпавядала маім рамантычным уяўленням... Трэба было знаходзіцца каля палаючых металаў, а гэта вельмі шумна і шкодна для здароўя. Чорныя, нібы смоль, рукі, непрыемны пах, і так кожны дзень...

— А як закраліся думкі пра кветкі?

— Знаходзячыся дома, хваляваўся, што застаўся без працы. Пачаў разглядаць розныя варыянты самазанятасці. Паступіў у Гомельскі тэхнічны ўніверсітэт імя П. В. Сухога на завочнае аддзяленне. Зноў тэхніка, мужчынская праца, але хацелася чагосьці яшчэ. Мая маці — заўзятая кветачніца. Але адна справа захапляцца вынікамі матулінай справы і зусім іншая — пачынаць самаму. Спачатку я ведаў толькі два віды кветак: ружы і цюльпаны, бо дарыў іх дзяўчатам (усміхаецца). Не было нічога: ні цяпліц, ні халадзільнікаў. Было толькі жаданне працаваць. Пачаў чытаць літаратуру, знаёміцца з рознымі людзьмі, браць у іх урокі па вырошчванні, складанні букетаў. Да таго ж маці заўсёды была побач. Галоўнае, што я першапачаткова засвоіў: у справе з кветкамі ва ўсім павінна быць дакладнасць. Метал не дазваляе з сабой марудзіць — адразу застыне, а кветка — загіне. Яны ж жывыя. Колькі вады наліць, як падрэзаць, як скласці букет у кампазіцыю, каб не завялі, бо не ўсе кветкі могуць сябраваць паміж сабой: пыльца адной расліны апыляе іншую, якой яна не патрэбна, вось і гінуць кветкі. Дарэчы, як і дзяўчына, расліна не з кожным «ужывецца», мае свой характар. Такім чынам, я вырошчваю кветкі на продаж ужо тры гады (а хлопцу ўсяго 24 гады).

Уладзіслаў яшчэ шмат часу падрабязна расказваў пра тэхналогію вырошчвання, пра тое, што варта рабіць з кветкамі, а што не. Я нагадала пра цюльпаны. На Дзень жанчын Уладзіслаў прапанаваў мужчынам для падарункаў каханым незвычайнага колеру фіялетава-ліловыя цюльпаны.

— Так, гэтыя кветкі патрабуюць шмат увагі. Мы бачым, што ў краме іх можна набыць у лютым або сакавіку, але людзі, якія вырошчваюць іх, пачынаюць рыхтавацца ўжо ў чэрвені. Пілавінне, рачны пясок, торф. Усё трэба змяшаць да патрэбнай кандыцыі, высушыць. У верасні цюльпаны трэба астудзіць пры пяці градусах. У гэты перыяд закладваецца энергія і прыгажосць кветкі. Потым — пасадка, укараненне і шмат чаго яшчэ. У лютым кожныя тры гадзіны трэба працепліваць цяпліцу, і важна, каб не было дыму. Днём ці ноччу ты павінен падкідваць дровы. І так два месяцы. Стомленасць ад такой працы вялікая, але, калі бачыш, што атрымліваецца, а людзі цябе хваляць, маўляў, малады хлопец сам вырошчвае кветкі, гэта стымулюе. Хочацца рабіць яшчэ лепш і больш якасна.

Акцябрскі — невялікі раённы цэнтр з насельніцтвам трошкі больш за сем з паловай тысяч чалавек. З прамысловасці толькі завод абястлушчанага малака. У асноўным усё базіруецца на малым бізнесе. Кветкі прадаваць спрабавалі многія, але пункты тут жа закрываліся. Нешта не атрымлівалася ў прадаўцоў «жывога» тавару...

— Работа з кветкамі патрабуе цярпення і любові. Не прадаваць кветкі патрэбна, а жыць разам з імі, думаць як яны, прыкмячаць іх паводзіны. Іду метадам спроб і памылак, грошай на лекі і прэпараты для сваіх выхаванцаў не шкадую, але ў бацькоў не пазычаю. Шмат часу і сродкаў адводжу метадычнай літаратуры, каб даведацца сакрэт патрэбнай тэхналогіі, якая падыдзе ў вырошчванні кветак менавіта мне. Быў выпадак, калі шукаў у інтэрнэце прынцып правільнага зрэзу ружы. Гэта толькі на першы погляд здаецца, што ўсё лёгка... Але не, кветку трэба абразаць толькі раніцай. Нямногія ведаюць, што нельга днём паіць кветкі вадой, калі ім вельмі спякотна. Паліваць трэба на ноч. Цікава, што на кожную кветку патрабуецца пэўная колькасць вільгаці. Хтосьці пра гэта не задумваецца, а пасля здзіўляецца, чаму яны хутка вянуць. Каб зрэзаныя кветкі стаялі 10—14 дзён, ім патрэбна свежае паветра, а не сонечнае святло.

Магу сказаць, што вольнага часу ў мяне амаль што няма. Прачынаюся ў пяць-шэсць гадзін — і адразу працаваць. І для мяне мая справа не цяжар. Прызвычаіўся да такога рытму жыцця. Працую сем дзён на тыдзень, магу да кліентаў прыехаць і ноччу, калі спатрэбіцца. Бывае, што просяць дастаўку на чатыры гадзіны раніцы, — раблю. Выязджаю бясплатна, віншую, калі ёсць патрэба, ад гэтага адчуваю асаблівую асалоду.

І сапраўды. Пры размове з кліентамі, якія прыходзілі ў кветачную краму падчас нашай гутаркі, з твару майго суразмоўніка не сыходзіла ўсмешка. Ён на сёння не ўяўляе сабе іншай дзейнасці.

— Работа з кветкамі, як і работа каля станка ці служба ў арміі, навучыла мяне быць пунктуальным. Кветкі не прабачаць табе хаця б гадзінную абыякавасць. У цяпліцы кожны дзень праводжу па дзве гадзіны мінімум, каб ні на адну кветачку не напала хвароба.

Кветкі — гэта і музыка, і проза, і паэзія, і само жыццё... Упэўнены, што, калі быць  мэтанакіраваным, вынік абавязкова з'явіцца. І не важна, дзе ты вырошчваеш ружы, важна — як!

Дар'я ШЛАПАКОВА, студэнтка ІІІ курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Як у душы металурга... зацвілі ружы

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

Чаму ў Беларусі варта аптымізаваць колькасць сельсаветаў

І павышаць эфектыўнасць работы мясцовых органаў улады.

Грамадства

Якіх педагогаў  хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

Якіх педагогаў хочуць бачыць дзеці ў аб'яднаннях па інтарэсах?

​Для сістэмы дадатковай адукацыі ўласцівы адкладзены ў часе эфект.

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор!