Вы тут

На дарозе — аўталэдзі!


А яшчэ на працы, у гаражы і на рыбалцы.

«Мяне цяпер на мясцовых запраўках пазнаюць, уяўляеце?» — з усмешкай расказвае Алена ЧУРЛОЎСКАЯ. Бухгалтар Клецкага камбікормавага завода прывыкла быць пільнай не толькі пры рабоце з дакументамі, але і за рулём, напэўна, таму і стала найлепшым кіроўцам-дзяўчынай у Мінскай вобласці. Гэта бойкая аўталэдзі можа справіцца з любой машынай і не дасць сябе ў крыўду дарожным хамам.


Правы Алена атрымала пяць гадоў таму.

— Мне заўсёды хацелася ўмець кіраваць. Класна ўсюды паспяваць, быць мабільнай і не залежаць ні ад кога. Доўга збіралася з думкамі і нарэшце запісалася ў аўташколу. Паставіла сабе мэту адразу здаць экзамен, без пераздач. Так і атрымалася.

Кіраваць дзяўчына вучылася ў Баранавічах, дзе тады працавала па размеркаванні. На першых практычных занятках інструктар пасадзіў яе за руль адразу ў цэнтры горада. «А я ведала толькі, дзе газ і тормаз і як першую-другую перадачы ўключаць», — успамінае Алена свае тагачасныя хваляванні.

Першая машына з'явілася ў яе праз паўгода пасля атрымання правоў. Гэта быў старэнькі «фіят» 1998 года.

— Мы з ім разам вучыліся ездзіць, — смяецца суразмоўніца. — Калі купляла, асабліва не прыглядалася: я ў аўтамабілях тады не разбіралася. Тата прапаноўваў: «Давай машыну ў парадак прывядзём, падфарбуем». Казала яму: «Не, пачакай, я яшчэ ніводнага слупа не збіла. Саб'ю — потым пафарбуем». На шчасце, гэты момант так і не настаў.

Калі Алена крыху набралася вопыту, вырашыла змяніць свайго «жалезнага каня» на больш новага, і вось ужо паўтара года як ездзіць на Vоlkswаgеn Роlо, «Полік», як яго ласкава называе дзяўчына.

— Гэты раз да выбару машыны падышла грунтоўна. Галоўным крытэрыем была надзейнасць. Можна было за тую ж цану ўзяць аўто вышэйшага класу, але тады давялося б браць больш старую машыну. Гэта значыць, вялікі прабег і шмат праблем. Таму купіла больш бюджэтную, затое 2013 года выпуску. Потым даведалася, што там ёсць такая цудоўная функцыя, як абагрэў лабавога шкла. Зімой усе шчыруюць скрабкамі, а ты проста ўключаеш кнопачку і сядзіш. Калі не моцны мароз, хвілінкі дзве трэба пачакаць, пакуль снег на шкле адтае, — і можна ехаць. Для дзяўчыны — проста супер!

У Алены сярод сяброў шмат хлопцаў, таму па выхадных яна часта «завісае» ў гаражах: вучыцца разбіраць машыны і разбірацца ў іх. Можа самастойна паставіць новыя свечкі і салонны фільтр, праверыць калодкі на ступень зносу. Толькі масла сама не мяняе. «Мне здаецца, я ўсё заляпаю — не жаночая гэта справа», — жартуе.

Паўдзельнічаць у мінскім абласным этапе рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу «АўтаЛэдзі-2018», які праводзіць БРСМ, Алена вырашыла спантанна. Спадзявалася паказаць высокі вынік, але на першае месца не разлічвала. Найбольш перажывала за візітную картку: дагэтуль у дзяўчыны не было вопыту публічных выступленняў. А вось практыка яе не пужала: падвесці магла хіба толькі дыяганальная паркоўка.

— На тэставым заданні адну памылку зрабіла, — прызнаецца Алена. — Там вельмі гучна грымела музыка, таму няпроста было засяродзіцца. Нават інспектар ДАІ потым прызнаўся: «У такіх умовах не кожны мужчына змог бы так адказаць».

Дарэчы, пра апошніх. З іх прадузятым стаўленнем да кіроўцаў жаночага полу Алена сутыкаецца часта. «Калі хтосьці накасячыць на дарозе, адразу кажуць: «Усё зразумела: баба за рулём». Потым пад'язджаеш, а там хлопец сядзіць, — прыводзіць прыклад суразмоўніца. — Часам мужчыны хочуць «правучыць» мяне на святлафоры. Але гэта ў іх не атрымліваецца». (Усміхаецца.)

Саму аўталэдзі на дарозе раздражняюць паводзіны кіроўцаў BMW. Смяецца: не ведае, што гэта машына робіць з людзьмі, але яны паводзяць сябе занадта самаўпэўнена: любяць падрэзаць.

Сябры ездзіць з Аленай не баяцца, нават свае аўтамабілі ёй давяраюць. А вось сама дзяўчына раней перажывала, калі пачыналася зіма: раптам на слізкай дарозе занясе? Ёй тады параілі: зрабі сабе кіраваны занос (на адкрытай пляцоўцы, па-за межамі населенага пункта) і паглядзі, як з яго выедзеш. Алена паспрабавала. Успамінае, што, нягледзячы на паніку, змагла «выкруціцца».

Што ў багажніку машыны аўталэдзі? «Запаска», дамкрат, ключ, буксіровачны трос... і маленькае крэсла.

— На рыбалку ездзіць, — з усмешкай тлумачыць суразмоўніца. — Для гэтага ў мяне ў машыне яшчэ ляжыць цёплая куртка. Побач з Клецкам ёсць некалькі азёраў. Мы разам з хлопцам туды выбіраемся. У асноўным ловім карася. Калі ў гадзін шэсць вечара паехаць пасля работы, можна дацямна прасядзець, калі добра рыба бярэцца. А вось начныя і зімнія рыбалкі — не маё.

За год дзяўчына намотвае за рулём каля 15 тысяч кіламетраў. У асноўным ездзіць па Клецку. Па выхадных бывае ў суседніх гарадах. Напрыклад, вельмі любіць Нясвіж. Жартуе, што столькі разоў наведвала замак, што ўжо, напэўна, можа працаваць там гідам.

Просім Алену даць некалькі парад кіроўцам-навічкам.

— Перш чым ісці на правы здаваць, трэба вызначыцца для сябе, ці зможаш ты потым кіраваць. На дарозе неабходна думаць не толькі за сябе, але і за таго, хто едзе побач, — адзначае дзяўчына. — Калі машына раптам заглухне, ты павінен не разгубіцца і ведаць, што рабіць. Ёсць жанчыны-кіроўцы, якія проста кідаюць руль і ўпадаюць у істэрыку — такія паводзіны недапушчальныя. Галоўнае — не баяцца і практыкавацца. Калі ведаць правілы і быць упэўненай у сабе, усё ў вас абавязкова атрымаецца.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Мінск — Клецк — Мінск

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.