Вы тут

Рэйтынгі ад «Белкнігі»: творы на беларускай мове


У краіне працуе больш за 100 кнігарняў у сістэме дзяржаўнага кнігагандлю — крамы «Белкнігі». Па кварталах і паўгоддзях распаўсюджвальнікі кніжнай прадукцыі вядуць рэйтынгі продажу: літаратуры замежнай і беларускай вытворчасці; літаратуры вытворчасці Рэспублікі Беларусь, якая прадаецца ў «Белкнізе»; літаратуры на беларускай мове.


Хто ж, якія аўтары, якія кнігі сярод лідараў у першым паўгоддзі? Размова — пра рэйтынг кніг, што выйшлі па-беларуску.

Сярод такіх выданняў больш за ўсё асобнікаў прададзена «Дзіцячага атласа Беларусі» — 435 экзэмпляраў. Кніга выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Другое месца — у кнігі «Беларускія казкі» (выдавецтва «Парадокс»). Прададзена 190 экзэмпляраў. Следам ідзе Уладзімір Караткевіч з «Дзікім паляваннем караля Стаха». Класіка неўміручая! Дарэчы, з класічных твораў у чытача карыстаюцца попытам кнігі Якуба Коласа «Новая зямля», «Сонцавы косы», Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», «Чорны замак Альшанскі», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», Міхася Лынькова «Міколка-паравоз», Андрэя Мрыя «Запіскі Самсона Самасуя». Згаданыя выданні ўвайшлі ў лік 45 кніг, якія прыцягнулі найбольшую ўвагу. Праўда, «Новую зямлю» набылі 129 чытачоў, а раман А. Мрыя — усяго толькі 15.

З сучасных аўтараў у ліку 45 кніг, якія лідзіруюць у рэйтынгу «Белкнігі», — Мікола Маляўка, Мікола Бусько, Генадзь Аўласенка, Алесь Лозка, Таццяна Дамаронак, Алена Масла, Сяргей Давідовіч, Сяргей Тарасаў. З твораў пісьменнікаў, якія нядаўна пайшлі з жыцця, цікавасць чытача, пакупніка выклікаюць кнігі Паўла Місько і Янкі Галубовіча. Ёсць і перакладныя кнігі — «Возера радасці» Віктара Марціновіча, «Мемуары Мумітаты» Тувэ Янсан, «Эла і сябры» Цімы Парвелы.

Сяргей ШЫЧКО

Загаловак у газеце: Несмяротнае «Дзікае паляванне»...

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.