Вы тут

Трыумф беларускай кнігі


на XV Міжнародным конкурсе «Мастацтва кнігі» дзяржаў — удзельніц СНД


Міжнароднае журы конкурсу сабралася 29—30 чэрвеня ў Душанбэ, каб вылучыць пераможцаў. Кнігі, прадстаўленыя нашай краінай, занялі 9 першых месцаў і 1 другое месца ў 11 прапанаваных намінацыях. Больш за тое, яшчэ 6 кніг Беларусі атрымалі спецыяльныя дыпломы конкурсу. Віншаваць пераможцаў будуць падчас урачыстай цырымоніі, якая пройдзе ў верасні ў межах 31-й Маскоўскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Пакуль удзельнікі спаборніцтва чакаюць заслужанай узнагароды, у прэс-цэнтры Дома прэсы падвялі вынікі XV Міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі» дзяржаў — удзельніц СНД.


— На конкурсе разгарнулася сур’ёзная барацьба: кожная краіна хацела як мага лепш прадставіць сваю гісторыю, традыцыі, звычаі. Журы звяртала ўвагу на многія аспекты, калі прымала канчатковае рашэнне, — распавёў дырэктар выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Уладзімір Андрыевіч. — Узнагароды прысуджалі вельмі вядомыя і паважаныя людзі з розных краін: супрацоўнікі міністэрства, кнігавыдаўцы, мастакі, грамадскія дзеячы. Журы адзначыла, что сёлета конкурс стаў трыумфам беларускай кнігі. Вынікі «Мастацтва кнігі» сведчаць аб тым, што беларусы вельмі любяць кнігу, і лепшыя ўзоры выдавецкай дзейнасці нашай краіны годна вытрымліваюць канкурэнцыю ва ўсіх намінацыях, а недзе нават пераўзыходзяць сваіх сапернікаў.

Падчас сустрэчы ў Доме прэсы некаторыя аўтары і ўкладальнікі кніг-пераможцаў конкурсу прэзентавалі свае выданні. Заўважна, што прадукцыя беларускіх выдавецтваў спаборнічала за перамогу ва ўсіх заяўленых намінацыях: «Садружнасць», «Мая краіна», «Кніга для дзяцей і юнацтва», «Дыялог культур», «Навука і інавацыі», «Вучэбная літаратура і адукацыя», «Арт-кніга», «Надрукавана ў Садружнасці», «Мастацтва ілюстрацыі», «Гран-пры», «Перамога». Так, Гран-пры конкурсу «Мастацтва кнігі» прысудзілі кнізе «А хто там ідзе? На мовах свету», дзе сабраны пераклады аднаго верша Янкі Купалы на 100 моў, а таксама факсіміле яго твора «А хто там ідзе?» (выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі»).

Дырэктар выдавецтва «Народная асвета» Вікторыя Калістратава прадставіла зборнік твораў Чынгіза Айтматава «I вякуе дзень даўжэй за век» (пераклад Міхася Стральцова, ілюстрацыі Арлена Кашкурэвіча) і заўважыла, што цяпер гэтага пісьменніка можна назваць літаратурным брэндам Кыргызскай Рэспублікі. Выданне «I вякуе дзень даўжэй за век» юбілейнае: яно прымеркавана да 90-годдзя Чынгіза Айтматава і 25-годдзя ўсталявання дыпламатычных стасункаў паміж Беларуссю і Кыргызстанам (дарэчы, Міжнародная арганізацыя цюркскай культуры (ЦЮРКСОЙ) абвясціла 2018 год Годам кыргызскага пісьменніка Чынгіза Айтматава).

Любоў Ракава, адна з аўтараў кнігі «Беларускі касцюм» (пераможца ў намінацыі «Мая краіна»), паведаміла, што праз ілюстрацыі да кнігі журы адчула, хто ёсць сапраўдныя беларусы, бо наш касцюм — носьбіт айчыннай культуры. Адметнасць выдання — вялікая колькасць выяў шляхецкіх убораў, багатай параднай вопраткі. «Праз гэтую кнігу ўсе даведаюцца, што беларусы не адно ў лапцях хадзілі», — адзначыў старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца. Дарэчы, альбом «Рыгор Сітніца. Звычайныя рэчы» ад «Выдавецкага дома “Звязда”», падрыхтаваны да юбілею творцы, перамог у намінацыі «Арт-кніга».

Кніга «Беларускі след у культуры і архітэктуры Масквы» (выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі») заняла 1-е месца ў намінацыі «Садружнасць». Адна з аўтараў кнігі, доктар мастацтвазнаўства Вольга Бажэнава, адзначыла, што выданне — сапраўдны даведнік па «беларускай» Маскве.

А сам конкурс «Мастацтва кнігі — 2018» стаў своеасаблівым даведнікам па лепшых узорах беларускай выдавецкай справы.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.