Вы тут

Словы ўдзячнасці, музыка кахання


Многія з нас так ці іначай далёка ад сваёй малой радзімы, ад таго куточка, дзе ўпершыню ўбачылі сонца, вымавілі першыя словы, зрабілі першыя крокі. Выпраўляючыся ў вялікі свет, нам застаецца толькі настальгічна прыгадваць гады маленства і юнацтва, зрэдку наведвацца да родзічаў, пісаць узнёсла-сумныя вершы. Праўда, з гадамі ўспаміны і вершы становяцца ўсё больш агульнымі, захоўваючы толькі цьмяныя абрысы знаёмых краявідаў. Аднак пра вершы валожынскай паэтэсы Валянціны Гіруць-Русакевіч такога не скажаш: яе прызнанні ў любові родным мясцінам зусім не пафасныя, але шчырыя, пранікнёныя, праўдзівыя…


У кнізе выбранага «На нітцы часу» («Чатыры чвэрці», 2018) тэма роднай зямлі асноўная. Яна паэтычна асэнсоўваецца на розных узроўнях, што адпаведна адлюстравана ў назвах раздзелаў: краязнаўчым («Старонка мая дарагая»), гістарычным («Зямны паклон»), літаратурным («Роздум над словам»), сямейна-сяброўскім («Удзячна-светлы ўспамін», «Ад шчырага сэрца»)… Бязмежная павага да памяці тых, каго ўжо няма, уважлівы клопат пра тых, хто ў прамым ці пераносным сэнсе поруч, гучаць у радках В. Гіруць-Русакевіч. Да кожнага: ці то гэта класік літаратуры, ці невядомы салдат, што загінуў дзеля будучыні нашчадкаў, ці блізкі сябар альбо калега — паэтэса знаходзіць адметныя, непаўторныя характарыстыкі. Вядома, асаблівая цеплыня і пяшчота ў вершах пра маці і бацьку. Не толькі як пра самых родных людзей, але і як пра тых, хто даў жыццёвую аснову, часцінку мудрасці, галоўную навуку любові.

Вылучаюцца сярод усіх раздзелы «Шчасця няма без кахання» і «Не спяшайся, мой часе», дзе паэтычная думка набывае асабліва яркія адценні. «Ізноў іскрыцца маладосці знічка», — прызнаецца паэтэса ў вершах пра каханне. Успаміны юнацтва, выкліканыя выпадковымі сустрэчамі, снамі, запозненымі прызнаннямі, кладуцца на паэтычны рытм не як настальгічная мелодыя, а хутчэй як шчаслівая песня ўдзячнасці лёсу за магчымасць кахаць, памятаць, хвалявацца. Часам успаміны кранаюць сэрца болем няспраўджаных надзей, але лірычная гераіня ўжо не наіўная летуценніца, яна можа з вышыні перажытага па-філасофску падсумаваць:

Спаралелілі

сцяжынкі лёсу,

хоць насустрач,

падалося, беглі —

вось перакруцяцца!

Не збылося…

Плюсам на жыццё

ніяк не леглі.

Па-сапраўднаму глыбокі роздум пра сэнс чалавечага існавання і жыццёвае пакліканне кожнага з нас гучыць у вершах з раздзела «Не спяшайся, мой часе». Мы сустрэнем тут і развагі пра жаночую восень, што непазбежна надыходзіць насуперак жаданням, і пра змены ў наваколлі, якія не заўсёды даспадобы чалавеку з традыцыйнымі арыенцірамі, і пра сэнсоўную напоўненасць адзіноты чалавека сталага веку, якому нарэшце адкрываецца ісціна…

Гады асеннімі лістамі шапацяць

І адлятаюць-падаюць у Вечнасць…

Халодзячы лагоду пачуцця,

Туману хусткай ахінаюць плечы…

В. Гіруць-Русакевіч часта выкарыстоўвае прыродныя метафары ў апісанні пачуццяў і падзей. Пейзажы ў яе не толькі фон, але і адлюстраванне розных станаў душы. І ў гэтым, мабыць, таксама праяўляецца любоў да роднага куточка, у краявідах якога паэтэса можа знайсці сугучча любому настрою. Бо радзіма — гэта тое, што заўсёды з табой, у сэрцы, памяці і вершах.

Наталля НАРУТОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».