Вы тут

Падарожжы-мары праз выставачны праект «Voyage, Voyage»


Кожны неаднойчы задаваў сабе пытанне: «Дзе самае лепшае месца на планеце?» Паразважаць пра гэта прапануе выставачны праект «Voyage, Voyage» ў Палацы мастацтваў, дзе беларускія мастакі паказалі ўражанні ад захапляльных падарожжаў, прадэманстравалі адкрыцці, якія зрабілі ў моманты незабыўных імгненняў.


На выстаўцы экспануюцца творы старэйшага пакалення мастакоў. Напрыклад, Вільнюс пяцідзясятых гадоў Івана Мядзведзева альбо кампазіцыі сямідзясятых Георгія Паплаўскага, навеяныя падарожжам у Індыю. Гледачы могуць убачыць жывапіс, графіку, скульптуру мастакоў сярэдняга пакалення, у тым ліку карціну Анатоля Кузняцова «Даліна Фараонаў», напісаную пасля сімпозіума ў Егіпце ў 2000 годзе, могуць пазнаёміцца з работамі маладых творцаў, якія працавалі ў розных краінах свету — Кітаі, Італіі, Іспаніі, Грэцыі, Ісландыі, Англіі…

— Калісьці я была рэферэнтам па працы з дзецьмі і моладдзю ў Саюзе мастакоў, — расказвае куратар праекта Ірына Кузняцова. — І пры арганізацыі выставак мне заўсёды здавалася, што творы пазбаўленыя яркасці і эмацыянальнасці. Справа ў тым, што тады мала хто выязджаў з краіны. У маладых мастакоў не быў развіты кругагляд. Памятаю, як мы ўпершыню паехалі ў Італію і думалі, што ўсіх здзівім там прафесіяналізмам, а атрымалася наадварот: убачылі, як абсалютна па-іншаму працуюць у Еўропе. Мы куплялі кнігі і бесперапынна чыталі аб сусветным мастацтве. Гэта стала велізарным штуршком у развіцці беларускай творчай моладзі, работы якой, зробленыя пад уражаннем прыгажосці свету, сталі сапраўдным здабыткам беларускага мастацтва.

Знаёмства з культурай іншых краін дапамагала мастакам рабіць унёсак у скарбонку развіцця беларускай культуры: чым больш бачылі, тым больш разумелі, у чым адметнасць радзімы.

— Выстаўка «Voyage, Voyage» — гэта прыгода, якая дапамагае дзяліцца эмоцыямі, — падкрэслівае куратар. — Я лічу, што мастак абавязаны любіць і шанаваць сваю вёску, пасёлак або горад, але ж таксама павінен ведаць гісторыю і тэндэнцыі сусветнага мастацтва. Дэвіз выстаўкі — «Свет без межаў». У Год малой радзімы я падкрэсліваю, што мая радзіма — гэта ўвесь свет.

Праект пабудаваны выключна на асацыяцыях. Палотны на сценах і сюжэты, увасобленыя ў шкле і кераміцы, гарманічна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. У выставачнай прасторы ёсць водгаласы стылю Анры Маціса, таксама праглядаюць матывы Піта Брэйгеля, можна прыкмеціць і адсылкі да Рэмбранта.

— Не хочацца, каб падарожжа ўспрымалі ў прамым сэнсе, бо падарожнічаць можна ў сне ці ў часе, у прасторы і нават сваіх марах. Важна, каб гэта было зроблена прафесійна, — адзначае Ірына Кузняцова.

Экспазіцыя выбудоўвалася такім чынам, каб нагадвала дакументальны фільм, праз які глядач мог бы пазнаёміцца не толькі з самымі знакамітымі месцамі планеты, але ж пабываў бы ў неіснуючых гарадах і мястэчках. У гэтым і канцэпцыя выстаўкі — стварыць мост паміж рэальнасцю і выдумкай, дзе невядомая мова незнаёмых герояў вядзе нас праз гарады, паркі, карціны мастакоў і музыку да нашых асабістых пачуццяў ды перажыванняў.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?