Вы тут

Эмоцыі — праз факт


Прэм’ера дакументальнага фільма «Зондэргета» — чацвёртай у «Хроніцы Мінскага гета» карціне «Майстэрні Уладзіміра Бокуна» — прайшла ў Доме Масквы ў Мінску. Якраз у той дзень адбываўся мітынг-рэквіем памяці ахвяр нацызму на тэрыторыі былога лагера смерці Малы Трасцянец з удзелам афіцыйнай дэлегацыі, прэзідэнтаў Беларусі, Германіі і Аўстрыі. Сышлося: балючая тэма, балючасць успамінаў і кіно, створанае з адчуваннем болю.


Рэжысёр Людміла Клінцова працягнула дакументальны аповед, як з Еўропы ў Мінск для знішчэння прывозілі эшалоны яўрэяў. Нягледзячы на тое, што ў канцлагеры накіроўваліся не толькі дарослыя, але і дзеці, сёння можна знайсці тых, хто пазбег лёсу быць адпраўленым у Мінск разам са сваёй сям’ёй. Тады яшчэ дзеці, а сёння ўжо людзі ў гадах, каму цяжка ўспамінаць мінулае, могуць дапоўніць аповед пра «гамбургскіх» яўрэяў рэдкімі «жывымі» ўспамінамі. (Першы цягнік, усе пасажыры якога былі яўрэямі, прыбыў у Мінск у 1941 годзе з Гамбурга, і хоць пасля эшалоны прыходзілі і з іншых еўрапейскіх гарадоў, яўрэяў адтуль усё роўна называлі «гамбургскімі».)

Аўтары карціны «Зондэргета» звярнуліся да гэтага рэсурсу, што мы сёння яшчэ можам застаць, і знайшлі герояў, сем’яў якіх Мінскае гета датычыцца непасрэдна. Эдна Магдэр з Канады, Курт Маркс з Вялікабрытаніі і Міхаэль Розенберг з Германіі змаглі падзяліцца ўспамінамі пра блізкіх, што ў 1940-х былі адпраўленыя ў Мінск. Дакументальны фільм перадае сведчанне сваіх герояў і працягвае аповед пра Зондэргета, у якім раскрываюцца і лішні раз замацоўваюцца факты пра халакост на беларускай тэрыторыі.

У дэталях раскрываецца, напрыклад, «абыгрыванне» адпраўкі тысяч людзей — усяго ў раён Мінска было накіравана амаль 24 тысячы чалавек — на смерць: кожны з іх думаў, што едзе жыць, забіраў дакументы і сертыфікаты ў надзеі атрымаць лепшую працу, сам аплачваў білет на цягнік. Фільм «Зондэргета» амаль не выкарыстоўвае эмацыянальны рэсурс, але перадае эмоцыю праз факт: інфармацыя, якая суправаджае гісторыю Мінскага гета, сённяшняга чалавека здольна моцна ўразіць (не выціснуць слязу, але ўсё ж). Адзінае, у кадр трапляе пара сцэн, дзе ў саміх герояў фільма на вочы наварочваюцца слёзы, і гэта дэманструе, як моцна трагедыя 1940-х адгукаецца ў сённяшнім дні. Запрасілі да ўдзелу і мінчан, якія помняць і часы, і эшалоны: на экране старажылка Мінска згадвае свае ўражанні ад новапрыбылых.

«Майстэрня Уладзіміра Бокуна», якая займаецца гістарычным кіно, сродкі на чацвёрты фільм «Хронікі Мінскага гета» збірала крыха да крыхі. Бюджэт атрымаўся прадказальна недастатковы, таму прозвішчы і ролі ў здымачнай групе раз-пораз пераплятаюцца. Аўтарамі сцэнарыя сталі Барыс Герстэн, Уладзімір Бокун і Людміла Клінцова. Апошняя, як ужо згадвалася, стала і рэжысёрам, Уладзімір Бокун — прадзюсарам і аператарам, Барыс Герстэн з’яўляецца ў кадры з суправаджальным тэкстам.

Цікава таксама заўважыць, што фільм сродкамі паловы неабходнага бюджэту і неабыякавасці закранае тэму, якой павінны апекавацца хутчэй вялікія інстытуцыі са структуры ўлады. Часам гэтая тэма сапраўды з’яўляецца ў парадку дня Мінкульта, але той факт, што Мінскае гета становіцца аб’ектам увагі таксама прыватнай ініцыятывы, пацвярджае адзін з тэзісаў фільма «Зондэргета»: натуральная памяць аб трагедыі жывая.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.