Вы тут

Купалле ў эпоху ІТ


Спроба паглядзець на спрадвечнае беларускае народнае свята скрозь прызму сённяшняга дня і нашай камп’ ютарызаванай самасвядомасці Купалле — гэта, як кажуць, свята святаў у нашым народным календары. Часам, аднак, у маладых людзей з гаджэтамі ў руках узнікаюць пытанні накшалт: а ці сучасна гэта — звіваць вянкі, паліць вогнішчы ў Купальскую ноч ды скакаць цераз іх? Ці ж гэта не архаіка? Дзеля чаго? Якая нам ад таго карысць? Можа, маючы апошнія версіі айфонаў ды айпадаў, мы даўно ўжо выйшлі з эпохі “дрымучага язычніцтва” ў эпоху ІТ? Ці не лепш, разважаюць, патусіць у якой-небудзь фанзоне, смакуючы піва й чарговыя галы на чэмпіянаце свету?...


Мае нататкі — не спрэчка і, крый Божа, не ментарства, не аспрэчванне жаданняў моладзі бавіць час у адпаведнасці са сваімі жаданнямі. Гэта спроба перакласці на сучасную мову тое, што продкі нашыя, нават не ведаючы граматы, разумелі без слоў.

...“Не ўдаецца падключыцца да ўсіх сеткавых дыскаў,” — з’яўляецца ў Купальскую пару на экране манітора тэкст, калі ўключаю рэдакцыйны комп. Дарэчы, на ІТ-слэнгу форма такога паслання ад машыны называецца: іконка. Але ж як з такім абразком адладзіш душэўны кантакт?... І кампу, што пераехаў на пачатку ліпеня з медыяходынгу “СБ. Беларусь сегодня” ў новую інфапрастору пад назвай Выдавецкі дом “Звязда”, таксама не ўдаецца пакуль патрапіць у зону свайго звычнага існавання. Зрэшты, ранейшай “сеткі” ў яго ўжо й не будзе! Бо двойчы ў адну й тую ж рэчку, як вядома, не ўвойдзеш нават на Купалле. Хоць камп’ ютаршчык Віктар над адладкай знешніх сувязяў працуе: закупіў абсталяванне, дзюбае сцены, цягне оптавалакно. І, здавалася б, тае бяды: ну перамясцілася ўсё тое, што засталося ў нашым ІТ-часе ад былой рэдакцыі газеты “Голас Радзімы”, з 7-га паверха Дома прэсы на 9-ы. А ўжо іншая рэальнасць, новыя ўмовы... Таму й спрабуем, з кампом на пару, адаптавацца, упісацца ў новы, 8-старонкавы фармат. Безумоўна, выкарыстоўваючы ранейшы досвед, а таксама шчырае спрыянне новага, звяздоўскага калектыву на чале з Паўлам Сухарукавым, яго дырэктарам – галоўным рэдактарам, калегі майго Георгія Шаблюка з яшчэ нядаўна блізкага нам выдання “The Mіnsk Tіmes” ды нядаўняга ж рэдактара яго й “Голасу Радзімы” Віктара Харкова. Але ж бераг пад назвай “СБ” ды “МТ” з яго насельнікамі сплывае ў мора часу.

І вось нам пытанне: трымацца ўсімі сіламі за старое ці, як у вір з галавою, безаглядна ў новае? На мой цяперашні погляд, у абедзвюх “крайніх” тактык ёсць слабыя месцы. Разумней, пэўна ж, у пераменлівым свеце, паважаючы ранейшыя традыцыі, паступова намацваць новыя шляхі. Так і мы, з удзячнасцю мінуламу, адкрываемся новаму досведу. Як вядома, так растуць дрэвы й травы. Так шукае сабе новае рэчышча вада, сустрэўшы дзе перашкоду. Так звычайна прыходзіць у Беларусь новая вясна. Жывучы ў суладдзі з Маці- Прыродай, так у свой час паступалі, відаць, і нашыя продкі, перажываючы неверагодна драматычны, а для многіх і надзвычай трагічны час пераходу ад сонцапаклонніцтва, язычніцтва, першаверы продкаў (тады богам было Сонца) у хрысціянства. Хоць хрышчэнне тое, цяпер мы ведаем, уваходзіла ў жыццё не зусім мякка. Таму ў нашай генетычнай памяці ды ў рэальным жыцці ёсць у свяшчэнную спрадвеку пару летняга сонцастаяння й язычніцкае Купалле, і хрысціянскі Святы Ян. Ёсць і ўзімку, таксама ж у вызначальны час павароту Сонца на Вясну, і народныя Каляды, і хрысціянскае Раство Хрыстова. Бо хто ж можа сцвярджаць без усялякі агаворак, што ведае Ісціну? Гэтак жа з аглядкай, паступова беларусы — ну такая ментальнасць, што не так хутка ў “людзей на балоце” ўсё атрымліваецца, — але ж без крыві ды страляніны выходзяць беларусы з савецкага мінулага. Зберагаючы ўсё лепшае з часоў, адкуль мы родам — і будуючы адначасова Парк высокіх тэхналогій, штучныя спадарожнікі Зямлі, атамную электрастанцыю, а цяпер і ўвогуле ІТ-эканоміку.

Купалле — не перажытак, не старая версія, не “отстой”, як нейкаму недасведчанаму юзеру можа спачатку падацца, калі пагугліць ён у нэце. Праўда, як ні дзіўна, само слова спрадвечна беларускае на некаторых нават аўтарытэтных рускамоўных сайтах увогуле не згадваецца — пішуць толькі: “праздник Ивана Купала”. Бо якраз так часцей народнае свята называецца цяпер у суседзяў- рускіх. Але ж наша Купалле выстаяла, збераглося і ў пару хрысціянізацыі, і ў эпоху атэізму ваяўнічага... І з нашых беларускіх песень слова, так бы мовіць, не выкінеш: “Сёння Купала, а заўтра Ян...”.

Калі спрабаваць паглыбіцца ў сутнасць Купалля, значэння ягонага ў беларускім грамадстве й жыцці кожнага з нас, то на мове сучасных ІТ-спецыялістаў загадкавую, чароўную, з міфамі ды таямніцамі Купальскую пару можна вызначыць як “працэс глабальнай сінхранізацыі ўсіх сеткавых дыскаў”. Я гэта пра нас, пра людзей — з усімі нашымі планамі свядомасці ды падсвядомасці, альтэрэга ды... Ой, наконт глабальнай — можа й занадта, але ж хай мяне паправяць тыя, хто больш у курсе. А таксама ж Купалле — гэта пара гарманічнага й бяспечнага падключэння “нашых дадзеных” да вельмі аддаленых машын і сервераў, воблакавых сховішчаў: якія навукоўцы называюць і Адзіным энергаінфармацыйным полем Зямлі. Заадно ж, мяркую, у працэсе ачышчэння Купаллем, ягонымі цудадзейнымі стыхіямі (Вада, Агонь, Паветра...) знішчаюцца тыя вірусныя праграмы, што закраліся ў патаемныя глыбіні нашых сістэмных блокаў, а таксама й аперацыйных сістэм, ды спакваля падточваюць душэўнае, цялеснае, духоўнае здароўе. Зрэшты, як усё спрацуе — залежыць і ад нашага жалеза (фізічнага цела), і ад софта (жыццёвых праграм, маральных прынцыпаў ды іншых тонкаматэрыяльных складнікаў нашай натуры).

І ўсё гэта — не мае прыдумкі. Бо людзі таленавітыя, назаву іх вялікімі праграмістамі старажытнасці, жылі задоўга да таго, як узнікла Рымская імперыя, Полацкае княства ці Вялікае Княства Літоўскае, не кажучы ўжо пра ІТ-імперыю Цукерберга. І неабходныя нам (для выжывання!), нават у эпоху ІТ, глыбокія веды ўдумлівых ведуноў, дасведчаных мысляроў з далёкай мінуўшчыны належным чынам аформлены й закадаваныя ў шматлікіх рытуалах, паданнях, дзеях, нават спевах Купальскае пары. Асабліва ж Купальскае ночы. Вобразна кажучы, калі ты ў Купальскім абрадзе, то загружаюцца, уключаюцца нейкія прылажэнні ў тваім сістэмным блоку — і пайшло... Вы ведаеце, скажам, што сарваныя ў Купальскую пару зёлкі — самыя лекавыя? Чаму? Батанікі, біёлагі могуць патлумачыць сёння: расліны ў пару найвысокага сонца — у самай сіле, і ўсе іх карысныя для ўладжвання разнастайных канфліктаў рэчывы ў належных канцэнтрацыях. Зрэшты, нам тое можна й не ведаць. Проста звіваць вянкі, хадзіць па росных травах басанож, дыхаць. Любавацца наваколлем, калі гэта на прыродзе, паглыбляцца ў сімволіку свята. І купацца, і скакаць цераз вогнішча, і на арэлях гушкацца. Адкрыеш душу Святу, зробіш правільна сфармуляваны запыт у Сусвет — і атрымаеш падказку, патрэбную інфармацыю.

Дарэчы, у традыцыях Аюрведы, якая па гэты час амаль 5 тысяч гадоў жыве ў Індыі, большасць лекаў маюць расліннае паходжанне. Самі ж аюрведысты й цяпер зносяцца на санскрыце, як раней еўрапейскія ўрачы — на лаціне. І назвы ўсіх лекаў Аюрведы пішуцца на той старажытнай мове, да таго ж у санскрыта вельмі шмат словаў, сугучных з беларускімі: веды — толькі адно з іх. Былі мы гэтым летам у Індыі, штат Керала, рэсорт- курорт Мееведа — вось тут http://meіveda.com/ А ў перакладзе з санскрыта, днямі даведаліся, назва тая азначае: “Мае веды”. Для беларусаў можна й не перакладаць. Вось якія дзівосныя глыбіні ў Купальскіх традыцый!

Пэўна, чароўную Купальскую пару, калі выпадае шанец у гульнёвай, забаўляльнай форме згарманізаваць свае думкі й пачуцці, палячыць душу й цела, можна даследаваць бясконца — медыкам, фізікам, псіхатэрапеўтам, дыетолагам, фармацэўтам... — і заўсёды будуць нас чакаць новыя адкрыцці.

Заслугоўвае вялікай павагі тое, што і ў Беларусі, а таксама ў беларускіх суполках замежжа Купальскія традыцыі па-ранейшаму шануюцца. Паглядзіце, скажам, у нэце, з якім размахам прайшло й сёлета чарговае Купалле на беразе Дняпра пад назвай “Александрыя збірае сяброў”. Кажуць, яго наведала да 100 тысяч чалавек! Дарэчы, там дэманстраваўся нават ІТ-трактар “Беларус”: пра тое пісалі мае калегі. Гэткая фішка на Купальскім свяце — прама ў тэму маіх нататкаў! Што ж, у сённяшнім фармаце Купалля можа знайсці месца ўсяму, што робіць нас моцнымі, здаровымі, што спрыяе станаўленню беларускай незалежнай дзяржавы, а саміх нас вызваляе ад грузу старых памылак, прыхамацяў і дапамагае рухацца наперад. А спрэчкі, у які дзень правільней святкаваць Купалле, давайце пакінем для тых, хто ніколі ў Купальскіх святах і не ўдзельнічаў. А хто купальнічаў, той жа й так разумее, нават без камп’ ютарнай граматнасці, што яны — заўсёды да месца: і ў язычніцкім фармаце ў ноч з 20 на 21, з 23 на 24 ці з 25 на 26 чэрвеня, і ў ноч з 6 на 7 ліпеня. Рытм жыцця сённяшняга вымушае нас жыць у розных вымярэннях: гэтаксама й комп жа можа выконваць адначасова розныя каманды. Таму, мне падаецца, софт “Купалле” ў праграмах нашага жыцця — ніколі не састарэе.

Іван ЖДАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.