Вы тут

Чым незадаволеныя вясковыя арандатары жылля?


Карэспандэнт «Звязды» пабываў у вёсцы Пугляі Аршанскага раёна, дзе жыхары арэндных кватэр расказалі пра шматлікія камунальныя праблемы. Іх раней было значна больш, пакуль не ўмяшаліся супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці. Дарэчы, прыйшлося ім гэта рабіць некалькі разоў.


У вёсцы Пугляі.

Вада па чарзе

Ёсць турысты, якія любяць ездзіць у экстрэмальныя вандроўкі. Напрыклад, на тэрыторыю «мёртвага горада» Прыпяць каля Чарнобыльскай АЭС. Але ж там людзі не жывуць. А вось у Пугляях — жывуць! Калі б арганізаваць экскурсію туды, безумоўна, у аматараў экстрыму ўражанняў было б багата.

Усяго ў вёсцы пяць дамоў, узведзеных у 1960—1970-х гадах. Два стаяць без жыльцоў. Дарэчы, як падлічылі ў дзяржкантролі, ва ўсіх дамах 69 кватэр, 44 з якіх пустыя, заселеныя толькі 25.

— У красавіку вывучалі стан дзяржаўнага жыллёвага фонду. Заехалі сюды. Кватэры без жыльцоў знаходзіліся ў непрыдатным для пражывання стане. У прыватнасці, частка вокнаў была закладзена цэглай, зацягнутая плёнкай, не было элементаў некаторых рам, перагародак сцен. Убачылі таксама, што падлог няма, як і дзвярэй, пячэй, электраправодкі. Дзе ўсё гэта? Пытанне, адказу на якое пакуль што няма, — расказаў Сяргей ЛІСЯНКОЎ, супрацоўнік кантрольнага ведамства.

Падчас маніторынгу высветлілася, што ў жылым доме № 5 па завулку Школьным не працавалі водаправод і каналізацыя. Пры гэтым не было надворных прыбіральняў.

Кантралёры праверылі, як працуюць каля дамоў дзве водазаборныя калонкі. З іх падавалася вада з дадаткам іржы.

У доме № 1 па завулку Школьным, дзе таксама жывуць людзі, водаправод і каналізацыя на момант праверкі дзейнічалі. Аднак падача вады ў сувязі з адсутнасцю неабходнага ціску была, мякка кажучы, нестабільнай. І жыхары карысталіся вадой па чарзе! Каналізацыю даўно прарвала. І з-за гэтага з дома № 1 бруд выцякаў амаль што на прыдамавую тэрыторыю.

Перакрылі дах і... забылі?

Дзіўна, але факт. Замест таго каб жыллё прывесці ў парадак, камунальнікі пайшлі іншым шляхам.

Восенню пазамінулага года ўнітарным прадпрыемствам «Оршакамгас» быў праведзены капітальны рамонт дома № 1. А дакладней — даху, плюс у пустых кватэрах усталявалі пластыкавыя шклопакеты і металічныя ўваходныя дзверы. Але ў саміх кватэрах за рамонт не браліся.

Вяскоўцы здзіўляюцца, чаму ў пустых кватэрах замянілі вокны, дзверы, а ў жылых — не.

— Мэтазгоднасць праведзеных работ выклікае сумнеў, бо для паляпшэння жыллёвых умоў грамадзян нічога не зроблена, — адзначылі ў ведамстве.

Мяне, напрыклад, здзівіла, што ў кватэрах, дзе жывуць людзі, па-ранейшаму, пячное ацяпленне, прывазны газ у балонах, няма гарачага водазабеспячэння. Напэўна, трэба было падчас рамонту палепшыць умовы пражывання? Ці не так?

А што кажуць людзі? Жыхары з дома № 1 паскардзіліся на згаданы вышэй рамонт даху. З-за гэтага, як яны сцвярджаюць, заліло столі. Звярталіся на «прамую лінію» ў абласную газету. І здзівіліся, калі прачыталі каментарый адказнай асобы ЖКГ, што самі вінаватыя, бо нешта падчас рамонту ў сваім жыллі няправільна зрабілі.

Жыхарка Валянціна СТАБРОЎСКАЯ падчас нашай размовы зазначыла, што не магла адбяліць столь і сцены пасля патопу. І таму ўзяла крэдыт (6 мільёнаў рублёў «старымі»), каб нацягнуць столь. Яна ж паказала «жыроўку»: у месяц за арэнду кватэры плошчай 48,6 метра плаціць больш за 19 рублёў. Усяго з камунальнымі паслугамі каля 32 рублёў.

Яна і іншыя жыхары казалі пра тое, што апынуліся заложнікамі сітуацыі. У свой час жыллё не прыватызавалі, дык і па законе давалі пісьмовую згоду на пражыванне ў кватэры на правах арэнды. Па логіцы ўсё правільна. Але ж, калі жыллё арэнднае — значыць, дзяржаўнае, дык чаму адказная арганізацыя не клапоціцца пра тое, каб кватэры былі прыдатнымі для камфортнага пражывання?

Старэйшына вёскі Пугляі, дэпутат Барздоўскага сельскага Савета Таццяна ЦІКАР як магла супакойвала землякоў, якія выйшлі на сустрэчу, а таксама падзякавала дзяржкантролю за ўмяшанне ў сітуацыю.

Сяргей Лісянкоў канстатаваў, што камунальнікі многае выправілі. А раней даходзіла да абсурду. Напрыклад, паставілі прыбіральню. Але ўпачатку забылі пра тое, што неабходна зрабіць адтуліны для вентыляцыі. Ды і чаму на шляху да прыбіральні не скасілі траву? А як дайсці да «дамка», калі няма святла?

Суразмоўнік расказаў пра раўнадушша ў рабоце не толькі супрацоўнікаў ЖКГ. Пасля таго як Камітэт дзяржкантролю даў даручэнні выправіць хібы, фармалізм быў праяўлены з боку тых, хто адказвае за здароўе вяскоўцаў.

— Напрыклад, у адказе з Віцебскага абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі паведамілі, што з водаправодам і каналізацыяй дома № 1 усё ў парадку. А насамрэч спецыялісты Аршанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі не заўважылі разліву фекальнай каналізацыі, нездавальняючай якасці вады. У доме № 5, на іх думку, наогул адсутнічалі водаправод і каналізацыя, — удакладніў суразмоўнік.

Спатрэбілася яшчэ адно ўмяшанне абласнога Камітэта з выездам на месца. І чарговы раз выявілі наяўныя недахопы. Пасля гэтага працэс пайшоў хутчэй. Што зрабілі? Пачысцілі воданапорную вежу артэзіянскай свідравіны. У выніку якасць вады палепшылася і «напор» стаў больш моцны. Таксама замянілі водаправодныя трубы да дома № 5. Акрамя гэтага, пачалі рамонт пустуючых кватэр у доме № 1. Ліквідаваныя іншыя недахопы.

— Складваецца непрывабная сітуацыя, калі людзей з-за нядбайнасці і абыякавасці асобных службовых асоб кінулі адных вырашаць свае жыллёвыя праблемы. І гэты пры тым, што яны пражываюць у дзяржаўным жыллі, — канстатавалі па выніках маніторынгу ў дзяржкантролі.

Па прапанове Камітэта некалькі службовых асоб і спецыялістаў УП «Оршакамгас», Аршанскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, якія праводзілі абследаванне, прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці. Пытанні заканчэння рамонту і паляпшэння ўмоў пражывання грамадзян знаходзяцца на кантролі. «МС» таксама будзе сачыць за вырашэннем людскіх бедаў. Аб чым мы пазней і паведамім.

Каментарый да тэмы

Старшыня Аршанскага раённага Савета дэпутатаў Анатоль Сільчанка расказаў, што мясцовая ўлада ў курсе сітуацыі. У сельскім выканкаме новы старшыня.

— Агучаныя пытанні, якія хвалююць вяскоўцаў, разгледзім. І па меры магчымасцей тое, што можна будзе зрабіць, зробім, — адзначыў ён.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Камунальная абыякавасць

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.