Вы тут

Уязны турызм: назіраецца станоўчая дынаміка


Турызм — гэта перш за ўсё матывацыя, жаданне наведаць краіну, убачыць яе адметнасці, адпачыць у пэўным месцы. А яшчэ ён становіцца істотным рухавіком росту сусветнай эканомікі. Турызм наўпрост звязаны з развіццём транспарту і камунікацый, будаўніцтвам, сельскай гаспадаркай, гандлем, фінансава-банкаўскай сістэмай, сферай гасціннасці і паслуг. Пра гэта ішла гаворка падчас штогадовага семінара кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў Беларусі.


Міністр спорту і турызму краіны Сяргей КАВАЛЬЧУК адзначыў, што «ў Беларусі расце разуменне важнасці турыстычнага сектара для сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы. Удасканальваецца інфраструктура, расце колькасць турыстычных аб'ектаў, удзельнікаў турбізнесу». Як вынік — экспарт турыстычных паслуг у 2017 годзе склаў больш за 200 млн долараў (125,7 % да ўзроўню 2016 года). За першыя пяць месяцаў гэтага года Беларусь ужо зарабіла на экспарце турпаслуг каля 90 млн долараў.

Колькасць наведвальнікаў расце

Турыстычная прывабнасць любой краіны вызначаецца наяўнасцю пэўных умоў: бяспекі, прастаты ўезду, існавання турыстычных аб'ектаў і інфраструктуры, а таксама аптымальных суадносін кошту і якасці. Мабыць, галоўным сакрэтам развіцця ўязнога турызму ў нас у краіне з'яўляецца работа па лібералізацыі візавага рэжыму. Нагадаем, з лютага 2017 года ў Беларусі дзейнічае пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін. Для ўезду ў Сінявокую пры сабе неабходна мець толькі сапраўдны пашпарт ці іншы дакумент, які яго замяняе, грашовыя сродкі (на кожны дзень знаходжання суму ў валюце або беларускіх рублях, эквівалентную не менш як дзвюм базавым велічыням) і медыцынскі страхавы поліс, які дзейнічае ў Беларусі.

З-за спрошчанага ўезду колькасць гасцей з кожным месяцам расце, напрыклад, па выніках І квартала бягучага года колькасць грамадзян замежных дзяржаў, якія наведалі Беларусь, узрасла на 10,7 % у параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года і склала 947,7 тыс. чалавек (2016 год — 856,0). А па стане на 24 мая бязвізавым уездам скарысталіся 113 230 чалавек з 68 краін свету (у тым ліку 457 асоб без грамадзянства). Пры гэтым пасажырапаток праз Нацыянальны аэрапорт вырас больш чым на 20 %.

Больш за ўсё Беларусь наведваюць суседзі — госці з Расіі і Украіны, ну а калі казаць пра Еўропу, то аматарамі нашай краіны можна назваць літоўцаў і палякаў, яны бываюць у нас часцей за іншых. Хоць невялікімі тэмпамі, але павялічваецца колькасць турыстаў з Турцыі і Ізраіля, летась гэты паказчык узрос на 6 %.

Колькасць арганізаваных груп турыстаў і экскурсантаў, якія наведалі краіну летась, узрасла на 30 % у параўнанні з 2016 годам і склала 282 694 чалавекі (2016 год — 217 398 чал.).

Vеtlіvа для турыстаў

Варта адзначыць, што з 1 студзеня 2018 года ў замежных турыстаў з'явілася магчымасць бязвізавага ўезду на тэрыторыю турыстычна-рэкрэацыйнай зоны «Брэст», а бязвізавае знаходжанне для гасцей на тэрыторыі Гродна і ўсяго Гродзенскага раёна падоўжана да 10 сутак. Гэта ўжо дало добрыя вынікі.

Па словах міністра спорту і турызму, лічбы нядрэнныя, але яны відавочна не адлюстроўваюць патэнцыял Беларусі. Каб павялічваць паток турыстаў, а разам з гэтым рабіць краіну больш камфортнай і сучаснай не толькі для гасцей, але і ў першую чаргу для беларусаў, працягвае прадпрымацца шэраг мер. Напрыклад, ужо запушчаны шматфункцыянальны сэрвіс анлайн-браніравання турыстычных паслуг Vеtlіvа, які працуе ў рэжыме рэальнага часу. Сайт даступны не толькі на беларускай, рускай, англійскай, але яшчэ і на кітайскай мове. Актуалізаваны новы цэнтралізаваны рэсурс аб турыстычных магчымасцях Беларусі для турыстаў www.bеlаrus.trаvеl. Разумеючы, наколькі важную ролю сёння ў свеце адыгрывае інтэрнэт, нельга назваць гэтыя крокі бессэнсоўнымі.

Як прыцягнуць увагу?

Простая ісціна: каб у краіну прыязджалі, яе трэба рэкламаваць за мяжой. Зараз распачата актыўная работа па развіцці супрацоўніцтва ў сферы турызму з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Міністэрствам спорту і турызму сёлета турыстычны патэнцыял Беларусі ўжо прадстаўлены на трох турыстычных выстаўках у КНР: у Пекіне — на выстаўцы «КОТТМ-2018», на Пятай міжнароднай выстаўцы ў сферы гандлю паслугамі; у Шанхаі — на «Ай ці Бі Чайна». У лістападзе турыстычны патэнцыял краіны будзе прадстаўлены на Кітайскай міжнароднай выстаўцы імпарту «Чайна Інтэрнэшнл Імпарт Экспа».

У студзені ў Чунцыне прайшла цырымонія адкрыцця Года турызму Беларусі ў Кітаі. Падпісаны адпаведны мемарандум аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўным упраўленнем па турызме Кітайскай Народнай Рэспублікі. Урадам нашай краіны зацверджаны план мерапрыемстваў па правядзенні Года турызму Беларусі ў Кітаі з больш чым 50 арганізацыйнымі, маркетынгавымі мерапрыемствамі, а таксама мерапрыемствамі па развіцці турыстычнай інфраструктуры і падрыхтоўцы кадраў. У верасні будзе праведзены азнаямленчы тур для тураператараў з Кітая.

Рэкламуем краіну мы і з дапамогай буйных спартыўных турніраў, якія будзе прымаць Беларусь. Ідзе актыўная работа па папулярызацыі ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года і чэмпіянату свету па хакеі 2021 года. Гэтыя мерапрыемствы ўжо прарэкламавалі на міжнародных турыстычных выстаўках у Іспаніі, ЗША, Эстоніі, Германіі і Расіі. «Гульні ўжо выклікаюць жывую цікавасць у аматараў спорту. Важна, каб людзі атрымлівалі як мага больш дакладнай інфармацыі пра Беларусь, нашы славутасці, прыемную атмасферу, каб яны захацелі прыехаць сюды і затым пакінулі нашу краіну з добрымі ўражаннямі», — адзначыў Сяргей Кавальчук.

Адпачынак у вёсцы прываблівае замежнікаў

Працягваюць удасканальвацца і беларускія спецыялісты, якія працуюць у сферы турызму. Нацыянальнае агенцтва па турызме рэгулярна праводзіць выязныя адукацыйныя семінары па абласцях Беларусі. Акрамя таго, арганізацыя запрашае замежных калег для таго, каб паказаць краіну. Напрыклад, у пачатку чэрвеня ў Беларусі пабывалі прадстаўнікі туріндустрыі ЗША і Канады. Дарэчы, Беларусь летась і за першы квартал 2018 года наведала больш за 2 тысячы грамадзян Канады і больш за 15 тысяч грамадзян ЗША. Для замежных прадстаўнікоў індустрыі была арганізавана прэзентацыя турыстычнага патэнцыялу Беларусі, шэраг кампаній ЗША і Канады выказалі зацікаўленасць у арганізацыі наведвання турыстычных аб'ектаў нашай краіны.

Першыя поспехі ў развіцці ўязнога турызму ўжо дакладна ёсць. Мінск рэгулярна ўваходзіць у рэйтынг гарадоў, прывабных для адпачынку і спорту. Беларусь штогод займае лідарскія пазіцыі ў намінацыі «Агратурызм» конкурсу, які праводзіцца рускамоўнай версіяй часопіса Nаtіоnаl Gеоgrарhіс Trаvеlеr Аwаrds сярод найлепшых турыстычных дэстынацый.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Па бязвізе да нас прыляцела амаль 130 тысяч чалавек

Бязвізавы рэжым быў уведзены ў Беларусі ад 12 лютага 2017 года Указам Прэзідэнта № 8. Згодна з ім грамадзяне 80 краін (у ліку якіх усе краіны Еўрасаюза, Інданезія, Бразілія, ЗША, Японія і іншыя), якія перасякаюць пункт пропуску на дзяржаўнай мяжы ў Нацыянальным аэрапорце Мінск, могуць знаходзіцца на тэрыторыі нашай краіны без візы да пяці дзён.

Ад гэтага моманту мінула амаль паўтара года. Пагранічнікі падвялі некаторыя вынікі дзейнасці бязвізу.

— Летась праз Нацыянальны аэрапорт да нас прыбыла амаль 80 тысяч замежных грамадзян больш чым з 60 краін свету, — кажа афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта Антон БЫЧКОЎСКІ. — А вось сёлета з 1 студзеня па 15 ліпеня праз гэты пункт пропуску прайшлі без віз ужо 49 тысяч 302 чалавекі. У топ-3 краін, адкуль да нас па бязвізе прыязджае больш за ўсё людзей, летась трывала трымаліся Германія, Польшча і Літва. Але былі і грамадзяне з даволі экзатычных для нас астраўных краін Ціхаакіянскага рэгіёна.

Цікава, што замежнікі па бязвізе прыязджаюць да нас у асноўным у першай палове тыдня. Такім чынам, сярэднестатыстычны наведвальнік захопіць за пяць сутак не толькі будныя, але і выхадныя дні. Атрымліваецца, што ён сумяшчае і дзелавыя мэты паездкі, і, так бы мовіць, адпачывальныя. А вось якіх-небудзь дзён, калі б назіраліся пікі ад'езду, няма — іншаземцы адлятаюць з Беларусі больш-менш раўнамерна.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА і Аляксандра ЛАСМІНСКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».