Вы тут

Міншчына ўмацоўвае пабрацімскія сувязі з кітайскім горадам Чунцын


У Мінскай вобласці да 22 ліпеня прадоўжацца мерапрыемствы ў межах Дзён культуры і турызму горада Чунцын (Кітайская Народная Рэспубліка). З гэтай нагоды адбылася сустрэча кітайскай дэлегацыі на чале са старшынёй народнага ўрада Чунцына Тан Лянчжы са старшынёй Мінаблвыканкама Анатолем Ісачанкам.


— Сённяшняя падзея сведчыць аб тым, што мы на пачатку вялікага шляху па рэалізацыі сумесных праектаў. Для гэтага ў Беларусі падрыхтаваны адпаведныя пляцоўкі. У прыватнасці, у Мінскай вобласці — Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень». Па тэрыторыі цэнтральнага рэгіёна пралягае міжнародная чыгуначная магістраль Чунцын — Сіньцзян — Еўропа. У межах ініцыятывы «Адзін пояс — адзін шлях» паміж Чунцынам і Мінскам наладжаны прамыя транспартныя зносіны, — адзначыў Анатоль Ісачанка.

Кіраўнік цэнтральнага рэгіёна і старшыня народнага ўрада Чунцына адкрылі Дні культуры і турызму горада Чунцын. У Кітаі гэты год аб'яўлены Годам беларускага турызму, а 10 студзеня 2018 года падпісаны мемарандум аб стратэгічным супрацоўніцтве паміж упраўленнем турызму Чунцына і ўпраўленнем спорту і турызму Мінскай вобласці. «Гэта дазволіць вывесці ўзаемаадносіны нашых рэгіёнаў на новы ўзровень, павялічыць узаемныя патокі турыстаў. Культурныя стасункі таксама важны складнік двухбаковых адносін», — канстатаваў губернатар.

У 2016 годзе падпісаны мемарандум паміж Мінскай абласной бібліятэкай імя Пушкіна і бібліятэкай Чунцына, якая з'яўляецца адной з найбуйнейшых у свеце. У межах яго рэалізуецца культурны праект «Акно ў Чунцын», што дазволіць у далейшым паспяхова ладзіць супрацоўніцтва ў музейнай справе, музыцы, тэатральным мастацтве.

Анатоль Ісачанка і Тан Лянчжы сустрэлі першы поезд Чунцын — Мінск, які даставіў 41 кантэйнер з таварамі лёгкай прамысловасці, электронікай, тканінай на станцыю Калядзічы. За 12 сутак састаў пераадолеў каля 9 тыс. кіламетраў. Шлях па моры заняў бы амаль у чатыры разы больш часу. У перспектыве на станцыі Калядзічы плануецца стварыць транспартна-лагістычны цэнтр, які дасць магчымасць кансалідаваць тут прадукцыю з Кітая з далейшай адпраўкай у краіны Еўропы.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Акно ў Чунцын

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.