Вы тут

Знакаміты ўраджэнец Гродна натхніў землякоў на стварэнне сямейнага бізнесу


Бязвіз зрабіў значны ўнёсак у развіццё абласнога цэнтра і падштурхнуў прадпрымальнікаў да адкрыцця новых кавярняў, рэстаранаў, гасцініц, атэль-апартаментаў і хостэлаў. Створана 400 рабочых месцаў. Толькі за першы квартал бягучага года адкрыта некалькі аб'ектаў харчавання. Плануюць развіваць гэты напрамак і гаспадары новага рэстарана «Бакст». Свой першы аб'ект Ігар і Аксана Гуліевы назвалі ў гонар Леона Бакста, які нарадзіўся ў Гродне ў другой палове ХІХ стагоддзя і стаў сусветна вядомым мадэльерам і дэкаратарам.


Ігар і Аксана Гуліевы. Фота Яраслава Ванюкевіча

З веліччу і густам

Бакст быў знакамітым дызайнерам інтэр'ераў. Таму некаторыя яго рашэнні ўдала ўпісаліся і ў афармленне сучаснай залы. На столі — некалькі прынтаў вядомага мастака, а на сцяне — сцэнічны вобраз Шэхеразады, створаны па малюнку Бакста. Дарэчы, яго работа над тэатральнымі дэкарацыямі зрабіла вялікі фурор з-за яскравага ўсходняга арнаменту і нацыянальнага каларыту. Яго ўзоры з тэатральнай сцэны пераходзілі ў жыццё. Вось і зараз у вочы кідаюцца дзве свяцільні каля канапы з мудрагелістымі яскравымі ўзорамі. Яны таксама выкананы на падставе дызайнерскіх работ Бакста.

— У нас багаты турыстычны патэнцыял, і яго трэба як мага шырэй паказваць, — тлумачыць Аксана. — Леон Бакст — наш вядомы зямляк, ён нарадзіўся ў Гродне, магчыма, у гэтым старым квартале, дзе мы адкрылі рэстаран і назвалі яго імем.

І сапраўды, вуліца Замкавая лічылася яўрэйскім паселішчам. Непадалёку знаходзіцца і самая прыгожая ў Еўропе харальная сінагога, гісторыя якой бярэ пачатак у ХVІ стагоддзі. Леон Бакст нарадзіўся ў артадаксальнай яўрэйскай сям'і ў 1866 годзе і, напэўна, наведваў яе. У Гродне ён скончыў гімназію, але далейшы яго лёс звязаны ў асноўным з Санкт-Пецярбургам і Парыжам. Для ўдзелу ў выстаўцы Леон узяў і скараціў прозвішча дзеда. У Гродне пра знакамітага земляка пакуль мала хто ведае, хоць ён лічыцца настаўнікам Марка Шагала, быў зяцем вядомага мецэната Паўла Траццякова і саратнікам антрэпрэнёра Сяргея Дзягілева. Не так даўно адну з вуліц новага мікрараёна назвалі яго імем. Свой унёсак у вяртанне гістарычнай культурнай спадчыны вырашылі зрабіць і прадстаўнікі малога бізнесу. І даволі паспяхова, бо турыстычныя фірмы нават сталі вадзіць да іх экскурсіі.

— Да нас многія прыходзяць проста на экскурсію, — заўважае Аксана. — Пытаюцца, хто такі Бакст. Нам гэта вельмі прыемна, бо мы таксама ганарымся сваім земляком, які адзяваў у свае капелюшы і пальчаткі ўвесь Парыж. Потым з'ехаў у ЗША, ствараў прынты, узоры якіх і зараз лічацца моднымі. Мы з самага пачатку ўзялі гэтую канцэпцыю, пастараліся стварыць нешта такое, чаго пакуль не было, але што з'яўляецца часткай гісторыі Гродна.

Мелодыі яўрэйскага квартала

Сам будынак таксама з ліку старых пабудоў. Доўгі час ён пуставаў, але ў рэшце рэшт гарадскім уладам удалося прадаць яго. Новы ўласнік правёў рэканструкцыю, аднавіў фасад. Аксана і Ігар палічылі, што тут можна стварыць утульны куток для адпачынку. І роўна год таму на ўмовах доўгатэрміновай арэнды адкрылі тут свой рэстаран.

— Мы прадставілі бізнес-праект як стартап для атрымання льготнага крэдыту, частка сродкаў была свая. Адразу ўзяліся за аднаўленне памяшкання, бо тут былі толькі сцены. Мы імкнуліся хутчэй завяршыць работы і за восем месяцаў усе зрабілі. Гарадскія ўлады таксама ішлі насустрач, бо наша ўстанова дадала гораду яшчэ каля 30 новых рабочых месцаў, — адзначыла Аксана Гуліева.

Гаспадыня не тоіць, што стаўку рабілі і на бязвізавы рэжым. Сюды часта наведваюцца замежныя дэлегацыі, заходзяць турысты з Ізраіля, ЗША, Польшчы, Германіі... Гэтае месца абралі для адпачынку і многія гродзенцы. Яно крыху багемнае, бо тут няма звыклага шумнага рэстараннага ўкладу, а ёсць настрой на душэўныя сустрэчы ці дзелавыя перагаворы. Знайшлося нямала скептыкаў, якія папярэджвалі, што такім чынам немагчыма ўтрымаць падобны бізнес, але навічкі-рэстаратары сваю лінію ўпарта трымаюць.

Смаката ў стылі Бакста і кадравы голад

Аксана ўпэўнена, што яны абралі правільны кірунак — спакойная музыка, добры сэрвіс, арыгінальная кухня... Дарэчы, колькі слоў пра стравы. Аказваецца, большую палову выручкі складае менавіта даход ад продажу ежы, бо наведвальнікі больш любяць смачна паесці, чым выпіць.

Па-першае, тут ганарацца, што трапілі ў лік пераможцаў фестывалю-конкурсу «Гастрафэст Гродна». Па-другое, стараюцца ўкараніць сучасныя тэхналогіі з элементамі малекулярнай кухні. Так завецца імправізацыя, якая дазваляе злучаць супрацьлеглыя субстанцыі. Напрыклад, у звычайным тамаце можа быць дэсерт. Дзякуючы сучасным тэхналогіям, бісквіт і шакалад пераўтвараюцца ў каляровы гаршчочак, які не адрозніць ад сапраўднага. Таксама свайго роду дызайнерска-мастацкі падыход, якім карыстаўся і вялікі Бакст у сваёй творчасці...

Шэф-повар, вядома, з фантазіяй, але майстэрства не прыходзіць адразу. Гэтаму спрыяе падрыхтоўка ў беларускіх і замежных рэстаратараў. Наогул, з кадравым патэнцыялам ёсць праблемы. І гэта бяда не толькі малога бізнесу, але і ўвогуле рынку працы. Не хапае кваліфікаваных спецыялістаў, пры тым што ў Гродне повараў-кандытараў і барменаў рыхтуюць у некалькіх каледжах. Па словах Аксаны, далёка не ўсе маюць уяўленне аб сучасных тэхналогіях у гастранамічнай сферы, многія не знаёмыя з такімі працэсамі, як вакуумацыя ці шокавая замарозка. Таму прыходзіцца вучыць на месцы, каб стварыць каманду прафесіяналаў. У гэтым рэстаратары бачаць сваю галоўную задачу.

У малога бізнесу вялікія планы

Зараз умовы для работы спрыяльныя, лічаць бізнесмены. Гэта датычыцца як дакументацыі, так і колькасці праверак. Іх амаль што няма. За выкананнем стандартаў сочаць самі ўласнікі, гэта ў іх інтарэсах. Гарадскія ўлады гатовыя падтрымаць захады прадпрымальнікаў. Спрыяльныя ўмовы падштурхнулі Гуліевых да стварэння яшчэ аднаго малога прадпрыемства, таксама ў сферы грамадскага харчавання, праўда, крыху іншага фармату.

Будзе працягвацца работа па добраўпарадкаванні існуючага аб'екта. У будучыні фасад будынка набудзе яшчэ больш характэрныя рысы, звязаныя з фігурай Бакста. Ёсць у рэстаратараў і планы наконт навакольнай тэрыторыі. На адной з пляцовак ёсць намер стварыць міні-парк, прыгожую зону адпачынку з архітэктурнымі формамі, дзе будзе цікава і дарослым, і дзецям. Унутраны дворык падыходзіць для культурных мерапрыемстваў. Бізнесмены апантаныя ідэяй арганізаваць тут традыцыйныя фэсты з выступленнем джазавых калектываў, моднымі паказамі, вернісажамі... Вядома, гэта будуць мерапрыемствы ў гонар Леона Бакста.

У тэму

За перыяд дзеяння бязвізавай зоны ў Гродне і наваколлі створана больш за 300 рабочых месцаў у сферы гандлю, 64 — у сферы грамадскага харчавання, каля 50 у галіне культуры і адпачынку. Увядзенне бязвізавага рэжыму значна актывізавала малы бізнес. Адкрыта 10 аб'ектаў грамадскага харчавання на 360 месцаў, каля 120 гандлёвых аб'ектаў і аб'ектаў грамадскага харчавання працуе ў летні перыяд.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Каментарый да тэмы

Мечыслаў ГОЙ, старшыня Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта:

— Сёння турызм і бязвізавы ўезд з'яўляюцца своеасаблівай візітнай карткай Гродна. Сёлета горад ужо наведала больш за 35 тысяч замежных турыстаў з 50 краін свету. І гэта, безумоўна, не канчатковая лічба. Усе гарадскія службы і арганізацыі працуюць над тым, каб замежнікам у Гродне было камфортна. Значны ўклад у развіццё турыстычнай інфраструктуры ўносіцца дзякуючы прыватнай ініцыятыве. Асабліва яскрава гэта праяўляецца ў сферы грамадскага харчавання і пражывання. Летась адкрыліся тры аб'екты пражывання. Сёлета яшчэ два: апарт-гатэль «Славія» і хостэл Kір Tоwn. Да канца 2018 года павінны адкрыцца яшчэ тры хостэлы і дзве гасцініцы ў гістарычнай частцы горада.

Таксама бязвіз падштурхнуў да стварэння сучасных аб'ектаў грамадскага харчавання цікавых фарматаў, якія прапануюць новыя віды паслуг і разнастайныя па архітэктурна-тэхнічным стане. Сёлета сетка пашырылася за кошт адкрыцця 12 аб'ектаў грамадскага харчавання, разлічаных на 451 месца. Адзначу, што ўсе яны знаходзяцца ў цэнтры горада: гэта бар «Мята Lоungе», бар «Свабода», міні-кафэ «Сустрэчы» (на базе тралейбуса) ды іншыя. Таксама павялічылася зона абслугоўвання спажыўцоў у рэстаране хуткага абслугоўвання «Вялікі буфет», а ў хуткім часе на даху гандлёвага дома «Нёман» адкрыецца летняе кафэ-тэраса.

Каб турыстам было што ўспамінаць дома пасля вяртання, мы адкрылі гандлёвы павільён «Сувенірная крама». У цэнтральнай частцы горада ёсць крамы айчынных вытворцаў, у тым ліку шклозавода «Нёман», «Элемы», «Мілавіцы» ды іншых. У Гродне ёсць 41 гандлёвы аб'ект, далучаны да сістэмы TахFrее.

Акрамя таго, удасканальваем сістэму навігацыі і маршрутнага арыентавання турыстаў. У горадзе ўжо з'явіліся чатыры інфармацыйныя стэнды з картамі. Сёлета да 1 верасня з'явяцца яшчэ дзевяць такіх жа «навігатараў». У чэрвені адкрылася назіральная пляцоўка над Нёманам, абсталяваны два прычалы ў цэнтры горада для маламерных суднаў і цеплахода. Цяпер кожны ахвотны можа скарыстацца паслугамі рачнога таксі.

Многае робіцца для развіцця велатурызму і веласіпеднага руху. Напрыклад, паніжаем бардзюрны камень, робім спецыяльную разметку, а таксама будуем новыя веладарожкі. Веласіпедныя маршруты па горадзе дадуць магчымасць актыўнаму турысту пазнаёміцца з гісторыяй старых вуліц і прыгажосцю сучаснага Гродна.

Мы будзем працягваць развіваць вытворчы турызм. Экскурсіі з дэгустацыяй ужо праводзяцца на ААТ «Малочны свет». Хацелася б, каб такіх прадпрыемстваў станавілася ўсё больш. Экскурсіі на прамысловыя прадпрыемствы дапаўняюць і пашыраюць уяўленне пра горад.

Турызм павінен і можа прыносіць прыбытак, а мы, са свайго боку, будзем рабіць усё для таго, каб кожны, хто наведвае Гродна, захацеў вярнуцца сюды яшчэ не адзін раз.

Вольга АНУФРЫЕВА

Загаловак у газеце: Багема ў старым квартале

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».