Вы тут

Ці паедзе турыст у Прыбужжа?


Асаблівасці памежнага супрацоўніцтва ў сферы турызму абмеркавалі дэпутаты Брэсцкага абласнога савета.

Турысты з 77 краін свету могуць знаходзіцца да 10 сутак на тэрыторыі турысцка-рэкрэацыйнай зоны «Брэст» без віз. Названая зона ўключае ў сябе чатыры раёны Брэсцкай вобласці — Брэсцкі, Жабінкаўскі, Камянецкі, Пружанскі — разам з абласным цэнтрам і Свіслацкі раён суседняй Гродзенскай вобласці. Яшчэ адна зона — памежная — накладвае пэўны адбітак на развіццё турызму ў Брэсцкім рэгіёне. Аб гэтым, і не толькі, гаварылі дэпутаты абласнога Савета на выязной сесіі.


Што прапануюць?

Тэма разгляду была вызначаная як «Выкарыстанне памежнага супрацоўніцтва ў сферы турызму і гасціннасці і ролі органаў самакіравання ў павышэнні эфектыўнасці рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы «Беларусь гасцінная» (2016—2020 гады). А месцам правядзення сесіі стаў аграгарадок Тамашоўка Брэсцкага раёна. Да пленарнага пасяджэння ўдзельнікі форуму наведалі яшчэ некалькі аб'ектаў. Варта сказаць, што Брэсцкі раён месцам правядзення выязнога пасяджэння быў выбраны не выпадкова. Па экспарце турыстычных паслуг ён займае трэцюю пазіцыю ў вобласці пасля абласнога цэнтра і Камянецкага раёна. Летась тут прынялі 5166 замежных турыстаў, што на 8,5 працэнта больш, чым у папярэднім годзе. Адзначалася дзелавая ініцыятыва грамадзян, менавіта заслуга апошніх у стварэнні і функцыянаванні 60 аграсядзіб. Раённы і сельскія Саветы паспрыялі прыцягненню інвестыцый і замежных грантаў. І вось ужо былыя будынкі сацыяльна-культурнага прызначэння становяцца прывабнымі турыстычнымі аб'ектамі.

Напрыклад, экалагічна-асветніцкі цэнтр рэспубліканскага заказніка «Прыбужскае Палессе» арганізавалі на базе былой школы. Яго дырэктар Валерый Пракапюк расказаў, што школу закрылі і некаторы час пабудова наогул пуставала, потым яе прывялі ў парадак, мадэрнізавалі. Цяпер тут займаюцца дзеці з навакольных вёсак, прыязджаюць і замежныя дэлегацыі. Толькі за апошні час у цэнтры сустракалі групы старшакласнікаў з Галандыі, Польшчы, Германіі. І калі работу названага цэнтра можна назваць толькі пачаткам добрай справы, то другі аб'ект — турыстычны комплекс «Шале Грынвуд» — паспяхова працуе з 2013 года. Гэта ўстанова на беразе знакамітага Белага возера разлічаная на карпарацыйны адпачынак і заможных кліентаў. А вось папулярная ў савецкія часы турыстычная база «Белае возера», якая магла б стаць месцам для бюджэтнага адпачынку, нават у сезон бывае загружаная на працэнтаў дзесяць. База перажывае не лепшыя часы. Мяняюцца яе кіраўнікі, але ж відавочна, што без сур'ёзных капіталаўкладанняў аб'ект не стане прывабным як для свайго, так і замежнага турыста. На сесіі быў агучаны падыход уласніка названай базы — Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі: ужо з наступнага года будуць выдзяляцца сродкі на рэканструкцыю гэтага аб'екта.

На мяжы трох дзяржаў, ці Залатыя заплывы

Найбольш цікавай атрымалася экскурсія па Тамашоўцы. Гэты населены пункт знаходзіцца ў асаблівым месцы: тут сходзяцца межы трох дзяржаў: Украіны, Беларусі і Польшчы. У добрае надвор'е з Тамашоўкі бачныя касцёлы і будынкі найбліжэйшага польскага горада Уладавы, а суседняя ўкраінская вёска знаходзіцца літаральна за кіламетр. Нават турыстычная пляцоўка на мяжы трох дзяржаў тут абсталяваная — ідэальнае месца для сэлфі. Адзіны ў Беларусі музей касманаўтыкі, які звязаны з жыццём і дзейнасцю выхадца з гэтых мясцін Героя Савецкага Саюза Пятра Клімука, даўно стаў прыцягальным для наведвальнікаў. У вёсцы ёсць рэстаран на 170 месцаў, гасцініца, якая можа адначасова прыняць больш за 70 чалавек. Ну і славутасць Тамашоўкі — фізкультурна-спартыўны цэнтр «Зорны» з футбольным полем са штучным пакрыццём і трыбунамі на 260 месцаў. Лёгкаатлетычная зала аснашчана шасцю бегавымі дарожкамі і скачковымі сектарамі, ёсць пляцоўкі для баскетбола, валейбола, вялікага тэніса, хакея і міні-футбола. Базу наведваюць многія вядомыя спартыўныя калектывы. Напрыклад, алімпійская зборная каманда па лёгкай атлетыцы (спрынт) праводзіла зборы перад Пекінам у «Зорным». Некалькі гадоў запар сюды прыязджалі на зборы і расійскія каманды. Спартыўны комплекс ведаюць многія замежныя суседзі. Раней басейн вельмі часта наведвалі жыхары ўкраінскіх населеных пунктаў. Цяпер замежны турыст, які ўедзе, скажам, з польскага боку праз пункт пропуску «Дамачава — Славатычы» спачатку павінен заехаць у Брэст, атрымаць пропуск у памежную зону, а потым вярнуцца ў Тамашоўку. Такім чынам, спатрэбіцца накруціць лішнія больш чым сто кіламетраў. Тое ж самае з украінскім наведвальнікам басейна. Складана ўявіць, што чалавек, які прыйдзе сюды з суседняй вёскі, паедзе ў Брэст за 70 кіламетраў, а потым вернецца, каб схадзіць у басейн. Такія заплывы пададуцца залатымі. А раней жа хадзілі, таму што цэны ў нас выглядалі прывабнымі.

Што рабіць з памежнымі фармальнасцямі?

Ды і не толькі самой Тамашоўкі датычыць агучаная праблема. Скажам, Брэсцкі райвыканкам прадставіў удзельнікам сесіі ўнікальнае выданне пад назвай «Тры Палессі». Фотаальбом, які мае аналаг у трох краінах — Беларусі, Польшчы, Украіне, — знаёміць са славутасцямі і прыроднымі жамчужынамі Палесся трох краін. Любы вандроўнік, які захоча наведаць адразу тры біясферныя рэзерваты, спакойна пройдзе па польскай і ўкраінскай частках Палесся, а ў нас зноў жа сутыкнецца з памежнымі фармальнасцямі...

Дык вось на сесіі ўпершыню прагучала, што рыхтуецца рашэнне аб выключэнні цэнтра Тамашоўкі з памежнай зоны, гэта значыць, сацыяльна-культурныя аб'екты адной асобна ўзятай вёскі перастануць быць зонай, для якой патрабуецца асобны дазвол.

Але чаму толькі цэнтр вёскі? А напрыклад, запраўка? Ці ж наогул патрэбны гэты шлагбаум перад уездам у Тамашоўку? Пра гэта дэпутаты перагаворваліся ў кулуарах. Няма ж перад Брэстам шлагбаума, хоць горад стаіць фактычна на мяжы, тут дзейнічаюць некалькі пераходаў. А то атрымліваецца, што мы адной рукой заклікаем турыстаў, а другой пужаем іх тымі ж самымі перагароджанымі дарогамі. І калі гаворым пра гасціннасць у кантэксце дзяржаўнай праграмы, а таксама як аб нацыянальнай рысе характару, то варта вырашаць пытанні турызму комплексна.

Але ж пачатак ёсць, і тое ўсяляе пэўны аптымізм. Паглядзім, як праз два-тры месяцы будзе выглядаць перакроеная памежная зона ў асобна ўзятай Тамашоўцы.

Варта адзначыць, што на сесіі прагучала шмат крытыкі ў адрас як службовых асоб, так і ўстаноў, арганізацый, якія займаюцца турызмам. І хоць летась вобласць наведалі 178 тысяч замежных турыстаў, што на 18,3 працэнта больш за папярэдні перыяд, але, скажам, бязвізавыя турысты нашмат больш актыўна едуць у Гродна. Старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Юрый НАРКЕВІЧ адзначыў, што ў рабоце па азначанай тэме ёсць вялікія рэзервы. І ў гэтым кірунку трэба працаваць не толькі ведамствам, але і мясцовым Саветам, народным выбраннікам. А раёнам з турысцка-рэкрэацыйнай зоны даручана палепшыць работу па сертыфікацыі турыстычных паслуг, распрацоўцы і прасоўванні праграм прыёму замежных гасцей, правядзенні шырокай рэкламнай кампаніі аб магчымасцях бязвізавага наведвання памежных тэрыторый.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Брэсцкі раён

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?