Вы тут

Што адбылося за тыдзень у Савеце Рэспублікі


Міхаіл МЯСНІКОВІЧ у якасці ўпаўнаважанага Прэзідэнта па Брэсцкай вобласці рэгулярна вывучае стан спраў у эканоміцы гэтага рэгіёна. У чэрвені спікер верхняй палаты парламента прыняў удзел у нарадзе па пытаннях рэалізацыі комплексных планаў сацыяльна-эканамічнага развіцця горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна да 2020 года. Цяпер ён азнаёміўся з тым, як ідзе ўборка збожжавых, на прыкладзе гаспадарак Баранавіцкага, Ляхавіцкага, Ганцавіцкага і Івацэвіцкага раёнаў.


На Брэстчыне жніво ў разгары. Падрыхтаванасць збожжаўборачных камбайнаў і зернесушыльных комплексаў на пачатак трэцяга тыдня ліпеня складала 98 %, паведамляе БелТА са спасылкай на міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніда Зайца. Па словах старшыні абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віталя Кулака, вобласць планавала задзейнічаць 1478 збожжаўборачных камбайнаў, з іх каля чатырох дзясяткаў новых.

На раніцу аўторка было ўбрана 22,5 % плошчаў збожжавых, намалочана больш за 200 тысяч тон азімых. На старце кампаніі ўраджайнасць збожжавых склала 27,5 ц/га. Гэта ніжэй за леташнюю, калі было 38 ц/га. Негатыўна паўплывала засуха вясной і напачатку лета. Тым не менш Брэсцкая вобласць плануе сабраць 950 тысяч тон збожжа.

«Мне ўяўляецца, што ўзровень тэхнікі, кадраў досыць высокі і, нягледзячы на тое засушлівае надвор'е, якое было, ураджай чакаецца неблагі, — сказаў журналістам упаўнаважаны Прэзідэнта па Брэсцкай вобласці. — Можа, некалькі ніжэй прагназуецца па зерневых культурах. Што датычыцца кукурузы, буракоў, думаю, усё будзе нармальна. Апошнім часам вобласць пачала некалькі мінусаваць па нарыхтоўцы травяністых кармоў. Але 10—12 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву будзе. Хацелася б лепш, але ў гэтай сітуацыі будзем дабіраць іншымі культурамі».

Міхаіл Мясніковіч удзяліў асаблівую ўвагу праблемным гаспадаркам Брэстчыны. «Каля 20 % гаспадарак вобласці маюць дрэнныя фінансавыя паказчыкі, — сказаў ён. — Прычым гэта не здарылася год таму, а мае хранічны характар. Таму намаганні абласных, раённых кадраў трэба накіраваць менавіта на тое, каб аднавіць патэнцыял гэтых гаспадарак і такім чынам дадаць у цэлым».

Старшыня Савета Рэспублікі лічыць, што з праблемнымі гаспадаркамі трэба працаваць кропкава, пачынаючы з падбору, падрыхтоўкі і размеркавання кадраў.


У Віцебску на пашыраным паседжанні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы старшыня камісіі Сяргей РАХМАНАЎ у размове з журналістамі выказаў меркаванне наконт узаемадзеяння Савета Рэспублікі з мясцовымі органамі ўлады.

Сёння перад краінай ставіцца мэта па выхадзе на новы ўзровень эканамічнага развіцця, для дасягнення якой неабходна падключаць усе рэсурсы, якія маюцца ў наяўнасці, і перш за ўсё інтэлектуальныя, адзначыў сенатар. «Прэзідэнт Беларусі паставіў вельмі сур'ёзную, але вельмі неабходную задачу па дасягненні да 2025 года аб'ёму ВУП у $100 млрд. Для яе рашэння трэба стварыць такую сістэму ўзаемадзеяння, якая б забяспечвала ўдзел усіх адзіным цэлым у дасягненні выніку», — цытуе Сяргея Рахманава БелТА.

У гэтым аспекце важная роля належыць рэгіёнам, узаемадзеянню з якімі Савет Рэспублікі ўдзяляе вялікую ўвагу. «Мы павінны разумець, што неабходна рабіць у краіне, што ў рэгіёнах, і ў нас ёсць канкрэтныя прапановы, заснаваныя на аналітычных даследаваннях, якія мы хочам абмеркаваць з мясцовымі органамі ўлады, кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый», — сказаў Сяргей Рахманаў. А пачынаць трэба з аналізу бягучага стану ў краіне, сусветнага вопыту і магчымасці прымянення яго ў Беларусі, што дазволіць выпрацаваць уласнае бачанне развіцця на доўгатэрміновы перыяд. «Неабходна бачыць перспектыву на дзесяцігоддзі наперад, каб рухацца наперад планава, надзейна і стабільна», — адзначыў парламентарый.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.