Вы тут

Кацярына Зенкевіч: Дэпутат — гэта не прафесія


— Дэпутат — гэта не прафесія, — падкрэслівае старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч. — Няма такіх універсітэтаў, дзе вучаць «на дэпутата». Таму дэпутатам усіх узроўняў даводзіцца падрабязна ўнікаць у асаблівасці работы самых розных галін народнай гаспадаркі. І ўсё для таго, каб мець магчымасць задаць пытанні сваіх выбаршчыкаў адказным асобам, накіраваць запыт у інстанцыю, якая адпавядае азначанай праблеме.


Месца дэпутата там, дзе выбаршчык

— Кацярына Анатолеўна абрана старшынёй абласнога Савета дэпутатаў сёлета. Аднак яе кампетэнцыя на ранейшай пасадзе — кіраўніка камітэта дзяржаўнай маёмасці Гомельскай вобласці — дапамагае ўпэўнена разважаць пра многія праблемы новай работы.

— На працягу амаль 10 гадоў, калі вырашала задачы па павышэнні эфектыўнасці выкарыстання дзяржаўнай маёмасці, я цесна супрацоўнічала з Саветамі ўсіх узроўняў: ад базавага да абласнога. Часта нашы ініцыятывы накіроўваліся Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь. Значная частка пытанняў грамадзян да дэпутатаў звязана з тым, што не заўсёды дзяржаўныя органы кіравання вядуць работу з насельніцтвам на належным узроўні.

Здараецца, не ўлічваюць, што зварот паступіў ад сталага чалавека. Або грамадзянін не ў сілах самастойна разабрацца ў існуючым заканадаўстве. У выніку дзяржаўны орган накіроўвае чалавеку незразумелую ці няпоўную інфармацыю. Таму на прамую тэлефонную лінію дэпутатам паступае вялікая колькасць дастаткова простых жыццёвых пытанняў. Напрыклад, людзі цікавяцца: калі адрамантуюць дарогу, калі пакосяць траву, калі прыедуць нарыхтоўшчыкі ягад, чаму зямельны ўчастак вакол дома не афармляюць у пажыццёвае спадчыннае валоданне, а прапануюць у арэнду. У апошнім выпадку нават дэпутат не адразу разбярэцца ў нюансах, хоць усё адно чалавеку трэба дапамагчы. Дарэчы, месца дэпутата ў першую чаргу там, дзе яго выбаршчык.

— Таму многія вашы мерапрыемствы выязныя і праходзяць практычна ва ўсіх рэгіёнах вобласці?

— Такім чынам мы можам вучыцца адзін у аднаго. Для гэтага ў Гомельскай вобласці зацверджаны план-графік вучобы старшынь Саветаў першаснага і базавага ўзроўняў, якія цесна ўзаемадзейнічаюць з мясцовымі жыхарамі і змогуць данесці да кожнага інфармацыю па любым пытанні. У нас ужо прайшоў шэраг практычных семінараў: у Светлагорскім, Рэчыцкім, Хойніцкім раёнах.

На такіх семінарах прысутнічаюць не толькі дэпутаты, але і прадстаўнікі органаў выканаўчай улады, прадпрыемстваў і арганізацый. У кожным раёне сфарміраваўся свой стыль работы, сістэма ўзаемадзеяння паміж органамі ўлады. Падчас такіх мерапрыемстваў удзельнікі адзначаюць для сябе тое, што будзе карысна і запатрабавана ў іх дзейнасці. На гэтых практыкумах заўсёды адбываюцца актыўныя жывыя стасункі і абмен думкамі. Адзначу, што такія семінары, хоць і праходзяць па графіку, не прызначаюцца. Дэпутаты самі выступаюць з ініцыятывай. Прапануюць: рашэнне гэтай праблемы давайце паглядзім у мяне, а гэтай — у іншым раёне.

— Якія пытанні дэпутаты ўжо вывучалі на такіх семінарах?

— У першую чаргу тыя, што адносяцца непасрэдна да кампетэнцыі Саветаў. Вялі размову пра бягучыя задачы сельсаветаў, аб рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці», аб практыцы інфармавання насельніцтва пра дзейнасць дэпутатаў, аб узаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання з падраздзяленнямі МНС, аб рэалізацыі дзяржаўнай кадравай палітыкі, аб добраўпарадкаванні... Паўтараю, што гэта не тэарэтычныя заняткі, а вывучэнне практычнай дзейнасці з удзелам прадстаўнікоў органаў мясцовага кіравання і самакіравання. Вынікам, як правіла, з'яўляюцца пэўныя мерапрыемствы для кожнага Савета.

Што можа народны абраннік

— Як Вы лічыце, у дэпутатаў сёння досыць паўнамоцтваў для рашэння праблем выбаршчыкаў?

— Дэпутаты ўпаўнаважаны прадстаўляць інтарэсы жыхароў сваёй акругі на пасяджэннях Саветаў і ў розных арганізацыях. Акрамя таго, дэпутат Савета мае права на першачарговы прыём службовымі асобамі і доступ у дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі. Ён можа адправіць запыт і зварот, удзельнічаць у праверках работы дзяржаўных органаў і іншых арганізацый. Да выключнай кампетэнцыі мясцовых Саветаў адносіцца зацвярджэнне праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна, а таксама рэгіянальных комплексаў мерапрыемстваў па рэалізацыі розных дзяржаўных праграм, бюджэту і справаздач пра іх выкананне, устанаўленне мясцовых падаткаў і збораў, вызначэнне парадку кіравання і распараджэння камунальнай уласнасцю... У дэпутата многа творчай, канкрэтнай і карыснай работы. З улікам таго, што склад Гомельскага абласнога Савета абнавіўся амаль на 60 %, я бачу, што ў нашых дэпутатаў яшчэ не замыліўся погляд на праблемы і магчымасці іх вырашэння.

— Кацярына Анатолеўна, Вы прайшлі кантрольныя 100 дзён на новай выбарнай пасадзе. Што можаце запісаць у свой актыў?

— Адбыліся тры сесіі абласнога Савета. Яны прайшлі ў атмасферы жывой палемікі. Мы разглядалі некаторыя перспектыўныя кірункі для развіцця рэгіёна. Мы сфармавалі план сваёй работы на бягучы год. У яго ўключаны першачарговыя, надзённыя задачы. Напрыклад, у канцы чэрвеня мы разгледзелі меры, якія прымаюць мясцовыя распарадчыя і выканаўчыя органы па выкананні Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб развіцці прадпрымальніцтва».

— Улічваючы актуальнасць гэтага пытання, раскажыце падрабязней: якія крокі робяцца ў гэтым кірунку на Гомельшчыне.

— На працягу шэрагу гадоў у вобласці прыярытэт для выканаўчай улады і Саветаў дэпутатаў усіх узроўняў — сістэмная работа па развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы, самазанятасці насельніцтва, стварэнні новых працоўных месцаў. Закладзеныя ў Дэкрэце № 7 нормы па ліквідацыі залішніх адміністрацыйных бар'ераў, мінімізацыі ўмяшання дзяржавы ў работу эканамічна актыўных пластоў насельніцтва, узмацненні самарэгулявання бізнесу робяць пытанні яго арганізацыі прасцейшымі, зразумелымі і даступнымі для грамадзян. У Гомельскай вобласці праведзена і працягвае праводзіцца вялікая растлумачальная работа па давядзенні асноўных прынцыпаў гэтага дакументу да людзей. Важна ўцягнуць іх у працэс самазанятасці, зацікавіць у стварэнні або развіцці ўласнай справы. Гэтаму спрыяюць семінары з удзелам прадстаўнікоў бізнес-супольнасцяў. Таксама ў СМІ рэгулярна размяшчаюцца матэрыялы растлумачальнага характару. Праводзяцца адпаведныя сустрэчы і семінары, а на гомельскім абласным тэлебачанні выходзіць цыкл перадач пра магчымасці стварэння сваёй справы.

Як стымуляваць самазанятасць

— Наколькі ведаю, у вобласці створана рабочая група, якая ўвесь час праводзіць інфармацыйна-растлумачальную работу на гэты конт...

— Так, а акрамя таго, арганізаваны штотыднёвы маніторынг рынку працы, які дазваляе прымаць кіраўніцкія рашэнні па забеспячэнні занятасці насельніцтва. Увесь час дзейнічаюць камісіі садзейнічання занятасці ў раённых і гарадскіх выканкамах і мясцовых адміністрацыях. У іх склады ўключаны дэпутаты ўсіх узроўняў, а старшыні раённых ці гарадскіх Саветаў дэпутатаў іх узначальваюць. Камісіі праводзяць шырокую інфармацыйную работу па растлумачэнні сацыяльна-працоўных гарантый, якія даюцца дзяржавай грамадзянам, арыентацыі іх на ажыццяўленне легальнай дзейнасці. Акрамя таго, як вынік гэтай дзейнасці, Гомельскі абласны Савет дэпутатаў у верасні заслухае справаздачу аб рабоце ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва аблвыканкама.

— Прывядзіце, калі ласка, пэўныя прыклады: як дзяржава спрыяе стварэнню новых працоўных месцаў менавіта ў выглядзе самазанятасці.

— На Гомельшчыне заўсёды ўдзялялася пільная ўвага навядзенню парадку на зямлі, у сельскай мясцовасці, малых гарадах, на кожным прадпрыемстве. Дэпутаты мясцовых Саветаў актыўна ўдзельнічалі ў развіцці сваіх тэрыторый. Мы працягваем гэту работу — асабліва ў Год малой радзімы. Я крыху ўспомню пра работу на папярэднім працоўным месцы, тым больш што гэта цесна звязана з работай Саветаў. Дзяржава актыўна стымулюе прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнесу набываць дзяржаўную маёмасць, якая не выкарыстоўваецца.

Для гэтага ўстаноўлены значныя льготы для набыцця такой маёмасці і вядзення бізнесу з яе выкарыстаннем. На базе набытых на льготных умовах аб'ектаў у Гомельскай вобласці створана больш за 1,5 тысячы новых працоўных месцаў. Улічваючы, што маёмасць, якая не выкарыстоўваецца, — эканамічны рэзерв для развіцця дзелавой ініцыятывы, у Гомельскай вобласці мясцовымі выканаўчымі камітэтамі з удзелам дэпутатаў Саветаў усіх узроўняў у канцы 2016 года было праведзена маштабнае абследаванне ўсёй тэрыторыі рэгіёна і зроблены высновы пра фактычную эфектыўнасць выкарыстання, забеспячэнне захаванасці нерухомай маёмасці, у тым ліку жыллёвага фонду. Таму пытанні ўцягнення ў гаспадарчы абарот аб'ектаў нерухомасці і зямель, што не выкарыстоўваюцца, — на кантролі прэзідыума абласнога Савета, які разгледзіць справаздачы пра работу органаў кіравання і самакіравання па гэтых кірунках.

— Але ж Савет дэпутатаў будзе вывучаць і ход выканання іншых задач?

— Так, напрыклад, рэалізацыю патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Пра дэбюракратызацыю дзяржаўнага апарата і павышэнне якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва», Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18, кадравую палітыку, выкананне мерапрыемстваў дзяржпраграм «Камфортнае жыллё», «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь», стварэнне ўмоў для развіцця сістэмы адукацыі ў сельскай мясцовасці і многія іншыя. За работай кожнага дэпутата стаіць рашэнне надзённых праблем нашых выбаршчыкаў. У аснове дзяржаўнай палітыкі Беларусі — сацыяльная скіраванасць. І Гомельшчына — яскравы прыклад таго, як павінны рэалізоўвацца сацыяльныя праграмы. Мы будзем працягваць актыўна працаваць над выкананнем усіх пастаўленых задач.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота Алены СМУСЯНОК

Загаловак у газеце: Прыклад калег — вучоба для дэпутата

Выбар рэдакцыі

Культура

У нядзелю яўрэі святкуюць Новы год дрэў

У нядзелю яўрэі святкуюць Новы год дрэў

На гэта свята асаблівым чынам спажываюць розную садавіну, запіваючы келіхамі добра разбаўленага віна.

Грамадства

Як задаволіць кадравы голад у сферы ІТ?

Як задаволіць кадравы голад у сферы ІТ?

Работадаўцы кажуць, што быць добрым праграмістам і ўмець пісаць код для эфектыўнай работы ўжо недастаткова.

Культура

Балельшчыкі II Еўрапейскіх гульняў ужо рэзервуюць вясковыя гатэлі

Балельшчыкі II Еўрапейскіх гульняў ужо рэзервуюць вясковыя гатэлі

«Адышоў час, калі гасцям патрэбныя былі толькі «чарка і скварка», ім ужо цікавыя музеі, культурная праграма».