Вы тут

Ці атрымаецца ў нас захаваць запасы падводнай фаўны?


Каб не застацца без улову, беларускія рыбакі пачалі практыкаваць новы метад: прынёс — адпусціў — злавіў. Гэты анекдот ужо не першы год ходзіць сярод аматараў пасядзець на досвітку з вудай.

Падобны фальклор нараджаецца нездарма. У галовах абывацеляў трывала засела думка пра тое, што нашы рэкі і азёры, якія заўсёды славіліся багатымі запасамі рыбы, даволі-такі апусцелі. Ці праўда гэта? Паспрабуем разабрацца.


Атака на падводнае царства

Каб рэальная карціна ўяўлялася наглядна, акунёмся спачатку не ў ваду, а ў гісторыю. Статыстыку рыбнага промыслу ў нас пачалі весці толькі на мяжы пазамінулага і мінулага стагоддзяў. Пік вылаву ў беларускіх губернях прыйшоўся на 1870—1880-я гады, калі за сезон рыбацкія арцелі выцягвалі з глыбіні па чатыры тысячы тон рыбы. Гэта без уліку аматарскай лоўлі, якая, аб чым яшчэ будзе сказана, нашмат перавышае прамысловую.

Нават у тую экалагічна чыстую эпоху, калі ўсё жывое мела значна больш шанцаў на хуткае аднаўленне папуляцый, такі шалёны наступ на падводнае царства не мог прайсці бясследна. Неўзабаве здабыча пакрытых луской «карысных выкапняў» рэзка ўпала. У пачатку ХХ стагоддзя на ўсёй Беларусі яна не перавышала 700 тон у год. Толькі тэхнічны прагрэс дазволіў рыбалоўнаму промыслу падняцца са дна. Перад Першай сусветнай вайной сезонны ўлоў даходзіў ужо да паўтары тысячы тон.

Войны і рэвалюцыі прымусілі забыць пра мірную працу. Толькі з аднаўленнем нармальнага жыцця стаў адраджацца і рыбны промысел. Перад гітлераўскім нашэсцем савецкая Беларусь пабіла ўжо згаданы рэкорд — гадавы ўлоў перавысіў чатыры тысячы тон. Пасля Вялікай Айчыннай здабыча рыбы ў натуральных вадаёмах рэспублікі спешна набірала абароты (трэба было чымсьці карміць галодных людзей), але дасягнуць перадваеннага ўзроўню не ўдалося. Ні тады, ні да гэтага часу.

Праўда, цяпер мы апынуліся далёка ад рэкордаў ужо не па прычыне абмежаваных магчымасцяў, а з-за рэзкага зніжэння попыту на малакаштоўныя віды рыбнай фаўны. У гады пасляваеннай разрухі радаваліся любым прадуктам. Таму і рыбку елі ўсякую. Напрыклад, у 1953 годзе амаль з трох тысяч тон беларускага ўлову тры чвэрці склалі плотка, верхаводка, ёрш і іншыя нізкапародныя асобіны. А, скажам, у 2010-м — наадварот, на іх прыйшлася толькі чацвёртая частка ўлову. Таму і ў цэлым ён быў зусім невялікі — менш за 500 тон.

Вядома, справа не толькі ў эканоміцы. Пры жаданні любой рыбінцы, нават самай неапетытнай, можна знайсці прымяненне. Дастаткова ўспомніць, што гэта цудоўны, багаты на карысныя мікраэлементы корм для жывёлы і птушкі. Але ў пагоні за прыбыткам, звязаным з рыбным промыслам, мы рызыкуем застацца не толькі без самой рыбы, але і без многіх іншых прадстаўнікоў жывёльнага свету, якія ў прыродзе складаюць адзіны харчовы ланцужок.

Сёння штогадовы ўлоў лускавата-хвастатай жыўнасці ў прамысловых мэтах стабілізаваўся і складае каля тысячы тон. Як адзначаюць навукоўцы, на дадзеным этапе гэта найбольш аптымальны варыянт эксплуатацыі беларускай іхтыяфаўны. Ён дазваляе, з аднаго боку, падтрымліваць дзейнасць галіны, з другога — дае магчымасць водным насельнікам аднаўляць сваю колькасць.

Чаго чакаць ад новага перапісу?

На пачатак 1990-х гадоў дзікай рыбы ў натуральных вадаёмах Беларусі налічвалася каля 27 тысяч тон. Нельга сцвярджаць, што гэта было казачнае багацце. Але ўсё ж які-ніякі ўзровень. Ён падтрымліваўся сумеснымі намаганнямі галіновых прадпрыемстваў, рыбаахоўных структур, навуковых інстытутаў, грамадскіх арганізацый.

Сітуацыя кардынальна змянілася пасля распаду СССР. «Вялікая крымінальная рэвалюцыя» закранула і Беларусь. Адным з яе атрыбутаў быў неверагодны рост браканьерства. Парушальнікі закону адчувалі сябе яшчэ больш прывольна, чым рыба ў вадзе. Кампетэнтныя службы даставалі з рэк і азёраў кіламетровыя сеткі. Купіць іх зламыснікі маглі без напружання. Толькі пасля таго, як у 2001 годзе свабодны продаж гэтых прылад забаранілі, а ў 2003-м пры Прэзідэнце была створана Дзяржаўная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету, злачынны промысел рэзка пайшоў на спад. Але наступствы яго адчуваліся даволі доўга. Яшчэ ў сярэдзіне двухтысячных, па падліках навукоўцаў, агульная колькасць рыбы ў натуральных вадаёмах краіны не перавышала і 17 тысяч тон.

— Прычына была не толькі ў браканьерстве, — адзначае загадчык адной з лабараторый Інстытута рыбнай гаспадаркі Беларусі Уладзімір Каставусаў. — Вымушала жадаць лепшага сама арганізацыя дадзенага промыслу, як, дарэчы, і многіх іншых відаў эканамічнай дзейнасці ў той час. Адмоўныя наступствы мела таксама забруджванне вадаёмаў прамысловымі адходамі, элементамі хімічнай апрацоўкі сельскагаспадарчых угоддзяў. Цяпер стан экасістэм значна палепшыўся. Гэтаму спрыялі ў тым ліку ўвядзенне квот на вылаў рыбы і штогадовае папаўненне яе запасаў штучным спосабам. Зараз на колькасць прадстаўнікоў іхтыяфаўны ўплываюць у асноўным толькі такія прыродна-кліматычныя фактары, як колькасць дажджоў, тэмпература, працягласць і маштаб паводкі.

Ёсць усе падставы меркаваць, што распачаты навукоўцамі чарговы маніторынг рыбных рэсурсаў краіны пераканае ў пераадоленні крызісу. Чакаць яшчэ больш значных вынікаў не трэба. Не дазволіць прыродная кармавая база, якая ў найбліжэйшы час наўрад ці палепшыцца.

Паляванне на «арыстакратаў»

На жаль, не варта спадзявацца і на павелічэнне колькасці элітных відаў рыбы — шчупака, жэраха, мянтуза, сома, судака. Мала таго, што на гэтых драпежніках сканцэнтраваны намаганні прамыславікоў, дык на іх вядзецца яшчэ і нястрымнае паляванне рыбаловаў-аматараў. Дарэчы, па статыстыцы, «мірнае насельніцтва» вылоўлівае рыбы ў 7-8 разоў больш, чым здабываюць усе разам узятыя суб'екты гаспадарання ў прамысловых мэтах. Аднак метад ацэнкі маштабаў аматарскай лоўлі настолькі недасканалы (ён заснаваны на апытаннях грамадзян), што многія спецыялісты яму не давяраюць. І лічаць, што рыбакі-адзіночкі рэгулярна маюць куды больш багаты ўлоў, чым прынята думаць.

А ці можна не ўсумніцца ў праўдзівасці статыстычных даных, калі бачыш, у якіх «даспехах» выходзяць на промысел аматары «актыўнага адпачынку на вадзе»? Чаго варта толькі «абмундзіроўка» для падводнага палявання або тролінгу (лоўлі з катара на хаду). Не дзіўна, што 60 працэнтаў драпежных відаў рыб, якія ўяўляюць сабой найбольшую каштоўнасць, маюць патрэбу ў аднаўленні. У апошнія 10 гадоў яны складаюць толькі дзясятую частку прамысловага ўлову, з якой палова прыпадае на шчупака. А такая парода як сіг ужо перастала трапляць у сеткі. Відаць, пара і яе заносіць у Чырвоную кнігу Беларусі, куды даўно трапілі сцерлядзь, еўрапейскі харыус, атлантычны ласось, ручаёвая фарэль і іншыя «арыстакраты». Як бы ні было горка гэта ўсведамляць, на працягу папярэдняга стагоддзя з беларускіх рэк і азёраў цалкам зніклі дзевяць відаў рыб, сярод якіх выразуб, бялуга, рускі асетр. Глытаючы слінкі пры згадванні гэтых шляхецкіх родаў падводнага каралеўства, міжволі пачынаеш зайздросціць нашым старажытным продкам, якія мелі ў рэках і азёрах такі скарб.

Зрэшты, з тых часоў колькасць насельніцтва настолькі вырасла, што сёння разлічваць на дзікую рыбу ўласных рэк і азёраў як на сур'ёзную долю ў харчовым рацыёне не прыходзіцца. Нават калі б плаўніковае пагалоўе было нашмат большым, задаволіць ім наш апетыт было б немагчыма. Жыхары Беларусі з'ядаюць за год да 160 тысяч тон рыбы. Так што калі б не яе пастаўкі з марскіх дзяржаў, то і ярша з карасём прызнавалі б за далікатэс.

Жыві, рыбка, вялікая і маленькая!

І ўсё ж барацьба за ўласныя рыбныя рэсурсы ў нашай краіне не спыняецца. Адным з самых дзейсных спосабаў захавання разнастайнай іхтыяфаўны з'яўляецца штогадовае зарыбленне вадаёмаў, дзе на сённяшні дзень жыве больш за 60 відаў рыб. Палова з іх мае значэнне для промыслу. Таму прадпрыемствы, якія займаюцца гэтай дзейнасцю, абавязаны клапаціцца аб аднаўленні папуляцыі рыб.

— Толькі летась, — расказвае начальнік аддзела рыбалоўнай гаспадаркі і індустрыяльнага рыбаводства Белводгаса Андрэй Сяргееў, — у натуральныя вадаёмы рэспублікі запушчана амаль 100 тон малькоў рознага ўзросту. У асноўным гэта карп, карась, белы амур, таўсталобік, шчупак, сом і іншыя.

Занятак гэта не танны. Напрыклад, кілаграм маленькіх шчупачкоў, што выводзяць у спецыяльных рэзервацыях і затым выпускаюць ў дзікую прыроду, каштуе больш за пяць рублёў. А штогадовая колькасць такіх навасёлаў складае каля 20—25 тон.

Дзе ж тыя рыбныя мясціны?

Толькі дзякуючы мноству мер, і ў першую чаргу штучнаму ўзнаўленню рыбінага грамадства, мы ўсё яшчэ можам ганарыцца яго адноснай пародзістасцю і разнастайнасцю. Самай густанаселенай і разнастайнай іхтыяфаўнай на тэрыторыі Беларусі вылучаюцца рэкі Прыпяць, Сож, Дняпро ў яго паўднёвай плыні, азёры Чырвонае на Гомельшчыне, Лукомскае і Дрывяты на Віцебшчыне, Белае на Брэстчыне і ў гэтай жа вобласці вадасховішча «Сялец». Так што, калі хто не ведае рыбных мясцін, то шукаць іх трэба перш за ўсё там. Але, сябры, давайце не прыпадабняцца да тых, хто ператварыў цывілізаваную рыбалку, гэты цудоўны спосаб зносін з прыродай, у варварскі сродак нажывы. Хаця б для таго, каб пазбегнуць лёсу персанажа яшчэ аднаго анекдота пра раззлаваных рыб, якія задзяўблі рыбака, што ўпаў у ваду.

Міхаіл КАВАЛЁЎ

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Рыбка становіцца сапраўды залатой

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.