Вы тут

У Мінску пачалася акцыя «Партфель першакласніка»


Гэта дабрачынная акцыя, ініцыятарам правядзення якой выступае камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама пры падтрымцы грамадскіх арганізацый, ужо стала традыцыйнай. Сёлета яна прадоўжыцца да 22 жніўня. Спосаб удзелу просты: трэба набыць школьныя прылады, прыдатныя для першакласнікаў, і аддаць іх валанцёрам, якія будуць працаваць на буйных гандлёвых аб'ектах.


Як расказала намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Ірына ДУДКА, мэта акцыі — дапамагчы сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў або ў якіх адзін ці абое бацькі з'яўляюцца інвалідамі, а таксама няпоўным, шматдзетным і малазабяспечаным сем'ям, дзе ёсць будучыя першакласнікі. Дакладна знайсці валанцёраў можна будзе ў ЦУМе, ГУМе, універмагах «Беларусь», «Кірмаш» і гандлёвым доме «На Нямізе», акрамя таго, зараз вядуцца перагаворы з прыватнымі гандлёвымі сеткамі. Працаваць актывісты будуць з 13 да 19 па буднях і з 12 да 16 па выхадных. Пасля завяршэння акцыі ўсе падарункі перададуць у гарадскую арганізацыю «Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў», дзе і сфарміруюць паўнавартасныя партфелі для першакласнікаў. Таксама можна аказаць фінансавую дапамогу, пералічыўшы сродкі на разліковы рахунак арганізацыі з пазнакай «Партфель першакласніка». Летась дзякуючы акцыі поўны камплект прылад да школы атрымалі больш за 300 хлопчыкаў і дзяўчат. Свае падарункі змогуць забраць юныя мінчане 27 жніўня ў кінатэатры «Піянер». У гэты дзень там пройдзе свята «Дзень першакласніка» з забаўляльнай праграмай і мульцікамі.

— Цяпер у сталіцы 14 435 шматдзетных сем'яў, штогод іх колькасць працягвае расці. Да пачатку навучальнага года ўсім ім будзе аказана аднаразовая матэрыяльная дапамога для падрыхтоўкі дзяцей да школы ў памеры 30 % бюджэту пражытковага мінімуму на дзіця. У мінулым годзе такую падтрымку выдзелілі больш як 25 тысячам школьнікаў з шматдзетных сем'яў, — адзначыла Ірына Дудка.

Зараз у сталіцы актыўна ўжываюць і іншыя спосабы дапамогі бацькам. Так, сем'і, у якіх нарадзіліся трайняты, могуць разлічваць на 40 гадзін на тыдзень бязвыплатнай працы няні. Тыя, у каго з'явіліся двайняты, — на 20 гадзін у тыдзень. Такімі паслугамі цяпер карыстаюцца
19 і 587 сем'яў адпаведна. Акрамя таго, для падтрымкі мам у дэкрэце дзейнічаюць такія праекты, як «Бабуля на гадзіну» і «Хвілінка для мамы», каб у маладых жанчын з'явіўся час для сябе. Як сцвярджаюць эксперты, гэта станоўча адбіваецца на клімаце ў сям'і. Не абмінаюць увагай і татаў. У сярэдзіне верасня стартуе навучальны праект «Таты Рrо».

Дар'я КАСКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».